Паводле ягоных словаў, атрымаўшы адпаведны загад, войскі адышлі ад лётнішча. Ён таксама заявіў, што, мяркуючы па дакладнасьці артылерыйскіх абстрэлаў, стральбу па аэрапорце маглі весьці расейскія вайскоўцы.
Паводле Лысенкі, за мінулыя суткі загінулі сямёра ўкраінскіх вайскоўцаў, 25 былі параненыя.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў панядзелак абвінаваціў Расею ў пачатку «прамой і адкрытай агрэсіі», якая, паводле ягоных словаў, радыкальна зьмяніла балянс сілаў на полі бою не на карысьць Кіеву, які вядзе ўзброеную барацьбу з прарасейскімі атрадамі сэпаратыстаў. Парашэнка выступіў сёньня перад слухачамі вайсковай акадэміі ў Кіеве.
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у сваю чаргу заявіў, што ваеннага ўмяшаньня ў сытуацыю ва Ўкраіне з боку Расеі ня будзе. Выступаючы сёньня на сустрэчы са студэнтамі Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў, ён зноў абвінаваціў краіны Захаду ў перадузятым і ангажаваным падыходзе да падзеяў ва Ўкраіне. Мірны плян прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі расейскі міністар лічыць нерэалістычным, паколькі ён, паводле словаў Лаўрова, зводзіцца да таго, каб сэпаратысты здалі зброю і далі сябе зьнішчыць.