Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Сыбірская беларуска: Дакараю сябе, што ніколі не была на зямлі продкаў


Беларуская песьня з-пад Іркуцку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:14 0:00

У сьвеце нямала беларусаў, якія за сваё больш ці менш працяглае жыцьцё ніводнага разу не пабывалі на сваёй гістарычнай радзіме. Адна зь іх — 77-гадовая жыхарка вёскі Тургенеўка Усьць-Ардынскай Бурацкай аўтаномнай акругі ў складзе Іркуцкай вобласьці Ніна Дакучыц.

На пачатку ХХ стагодзьдзя яе продкі выправіліся з Гарадзенскай губэрні на часовыя, як ім падавалася, заробкі ў Сыбір, але засталіся тут назаўсёды.

Хоць Ніна Кузьмінічна на радзіму продкаў з розных прычынаў так і ня трапіла, але застаецца сапраўднай скарбніцай беларускіх песень, танцаў, абрадаў. Прызнаецца, што ніколі не занатоўвала тэкстаў, якія сьпявалі ёй бабуля з маці, але дагэтуль усё памятае практычна ў дэталях. Яе карані — з Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні тагачаснай Расейскай імпэрыі. Пра прыгоды падчас вандроўкі ў Сыбір даведалася найперш ад бабулі, якая паехала на край сьвету з мужам і шасьцю дзецьмі.

«Я ў сям’і старэйшая, і мне бабуля пасьпела расказаць, што сюды даехалі пяць жывых дзяцей, а аднаго яны страцілі ў дарозе. Дабіраліся цягнікамі, ехалі вельмі доўга, і хлопчык 9 месяцаў памёр (ужо тут потым нарадзіліся яшчэ чацьвёра дзяцей). Ну якія тады цягнікі былі? Праедзе крыху, а потым можа суткі стаяць, а можа, і пяць сутак. Загоняць у тупік — і стаялі. Як правіла, усе ехалі сямейныя, зь дзецьмі, малыя пастаянна хварэлі, шмат у каго паміралі. А калі ўрэшце прыехалі на гэтае месца, то тут ніякага прыстанішча не было ўвогуле. Дзе цяпер стаіць вёска Буды, былі бурацкія юрты, яны там адразу спыніліся. Капалі зямлянкі і ў іх зімавалі. Гэтыя зямлянкі, дарэчы, называліся „будамі“, таму да гэтага часу завуць Ніжнія Буды, Верхнія Буды. У гэтых будах таксама памерла шмат дзяцей. Там усюды лес, і проста ў лясочку іх хавалі. Зразумела, што ўмоваў у гэтых зямлянках не было аніякіх, асабліва для дзяцей».

Па беларускае жыцьцё — у Тургенеўку
Па беларускае жыцьцё — у Тургенеўку

Як згадвае з расповедаў сваёй бабулі спадарыня Ніна, практычна адразу ж, як упаўнаважаны царскім начальствам бурат Турген адмераў беларусам іхнія дзялкі (ад ягонага імя пайшла і назва вёскі Тургенеўка), беларускія перасяленцы ўзяліся будаваць дамы. Будавалі без размаху, але надзейна і з тыпова беларускім калярытам:

«Вось яны ў зямлянках жылі, а паралельна карчавалі лес і тут жа, на месцы, узводзілі хаты. Я калі выйшла замуж, у майго мужа быў дом збудаваны ў тры вянкі, адзін на адным. Вось якія здаровыя лістоўніцы, бервяно не абхопіш: тры вянкі — і дом. Чацьвёртае бервяно, таксама вялізнае, „зьвязвала“ канструкцыю, на ім ужо былі кроквы. Такі вось быў дом, такія тут расьлі дрэвы. Потым у вёсцы яшчэ доўгі час стаялі пні, таксама не абняць. Іх карчавалі ўжо дзесьці ў 1960-х, калі на палях распачалася мэліярацыя. У нас практычна ўсе палі былі ў тых гіганцкіх пнях, і выкарчавалі іх амаль праз паўстагодзьдзя пасьля таго, як з тых дрэў былі пабудаваныя хаты».

Ніна Дакучыц і актывіст беларускай дыяспары Алег Рудакоў
Ніна Дакучыц і актывіст беларускай дыяспары Алег Рудакоў

Паводле суразмоўніцы, беларусы стараліся захоўваць прывезеныя з сабой традыцыі, а таму вёскі, якія паўставалі ў розных раёнах Сыбіры, часьцяком кропля ў кроплю паўтаралі «арыгінал» на радзіме:

«Наша сяло памятаю яшчэ зь дзяцінства: праезная дарога, як яшчэ кажуць, прасёлачная, пні па баках, а дамы былі — ніводнага такога, як мясцовыя будуюць, усе — беларускія хаты. Гэта цяпер ужо ўсялякіх хапае, а тады крытыя драніцамі пад двайны скос, на вуліцу выходзілі два маленькія вакенцы, без падвойных рамаў. Толькі такія. Тое, што пазьней будавалі, гэта ўжо навейшыя, узводзіліся на нейкі тутэйшы ўзор. А тады — як атрымлівалася, як памяталі зь Беларусі. Галоўнае, каб цяплей было. Абавязкова былі платы, вароты, зробленыя краткамі — адзін пралёт доўгі, адзін кароткі, упоперак дошка прыбітая, каб не развальваліся. Адчыняліся, зачыняліся, ніякай брамкі, толькі празь іх. Сьцежачка была да галоўнай дарогі, а навокал — трава на вуліцы. Кветкі расьлі, усялякія кустарнікі. Памятаю, каля нас была кашка белая, дык мы летам, дзеці, хаваліся ў гэтай кашцы».

Ужо ў 1913 годзе ў Тургенеўцы была збудаваная пачатковая школа, дзякуючы чаму дзеці пачалі асвойваць элемэнтарную грамату. Па глыбейшыя веды даводзілася выбірацца ў далекаваты Баяндай:

«Мой дзед, бацькаў бацька, быў пісьменны, скончыў царкоўнапрыходзкую школу. І ўсе яго дзеці таксама былі пісьменныя. Хоць бы па два клясы, але скончылі. Я дзяўчат найперш маю на ўвазе, бо дзяўчатам тады шмат вучыцца не пасавала — трэба было ткаць, прасьці, вышываць. А вось хлопцы скончылі школу, як і мае быць, у Баяндаі па сем гадоў вучыліся. Мой тата, праўда, скончыў пяць клясаў, але на той час у вёсцы ён таксама лічыўся граматным. Быў на пасадах, якія вымагалі працы з паперамі. То бок усе былі пісьменныя, адукаваныя. Увогуле былі дзьве сям’і. У Самасюкоў — гэта па татавай радні — было шмат дзяцей, і ўсе былі пісьменныя. У Здановічаў — радня маміна — было шэсьць чалавек, і ўсе непісьменныя. Мая мама не магла расьпісацца, але затое была першая рукадзельніца ў вёсцы. Дзядзя Кеша, мамін брат — і камбайнэр, і трактарыст. Яшчэ адзін ейны брат дзядзя Сьцёпа — цясьляр, сталяр. А чытаць, пісаць ня ўмелі. Во як бывае. Адна працоўная сям’я, а іншая — граматная. Але вось так парадніліся».

У мясцовым музэі — аўтэнтычныя рэчы перасяленцаў
У мясцовым музэі — аўтэнтычныя рэчы перасяленцаў

Пераезд зь Беларусі ў таёжную глуш не ўратаваў ад масавых рэпрэсіяў, якія распачаліся ўжо за савецкім часам. Сталінская машына аказалася абсалютна непераборлівай, з аднолькавай лёгкасьцю перамолваючы і прывідных «кулакоў», і людзей, якія гэтай сыстэме паслухмяна служылі. Згадвае Ніна Кузьмінічна:

«Дзядзька Іван, адзін з бацькавых братоў, быў у нас у Тургенеўцы старшынём калгасу. У 1937 годзе яго рэпрэсавалі. Тут адзін чалавек быў з такім доўгім языком, паклёпнік, ён вельмі шмат людзей пасадзіў ні за што. Прасьцей кажучы, стукачок. Дзядзьку Ваню па ягоным даносе забралі і праз 18 дзён расстралялі. Майго дзеда, мамінага бацьку, таксама забралі: дзядзьку ў адну нядзелю, а дзеда — у наступную. Прызналі кулаком. А ён кулаком якім быў? Проста быў разумны, сьмякалісты мужык і зрабіў драўляную малацілку. Ён быў невялікага расточку, і яго ўсе дражнілі — „кроцік“, „крот“: усюды праточыцца, якое дрэва трэба сьпілаваць, ён сьпілуе, зробіць тыя ж колы ці яшчэ нешта. І зрабіў вось малацілку. Раней сеялі хлябы ў агародах, надзелы былі вялікія; увосень, зразумела, жалі рукамі, а малаціць трэба было цапамі. Ну, і зрабіў малацілку, якую коні смыкалі ад двара да двара. Некалькі двароў зьбяруцца ў адзін, пазвозяць снапы, змалоцяць, потым тую малацілку вязуць да іншага. І вось за гэтае прыстасаваньне дзеда прызналі „кулаком“, пасадзілі і зь дзядзькам Іванам разам расстралялі».

Спадарыня Ніна шкадуе, што за сваё жыцьцё так ніводнага разу і не наведала радзіму сваіх дзядоў, хоць ва Ўкраіне была двойчы. З аднаго боку, стрымлівалі адлегласьці, зь іншага — відаць, занадта доўга з мужам зьбіраліся:

«Ніводнага разу не была, чаго не магу сабе дараваць. Неяк ужо зьбіраліся паехаць з мужам у Беларусь, там ягоны бацька пахаваны, забылася ўжо і назву вёскі, і нават вобласьць. Ва Ўкраіне жыў яго дзядзька, брат бацькі, і ён шмат гадоў шукаў, дзе пахаваны Валодзеў бацька. Урэшце знайшоў, даслаў нам ліст, указаў там адрас, і мы дамовіліся нарэшце зьезьдзіць. Бо хто ўжо езьдзіў, то сапраўды бачыў, што там стаіць братэрская магіла, помнік, і на ім прозьвішча — Дакучыц Рыгор Міронавіч. Адзін Валодзя не хацеў выпраўляцца ў такую дарогу, жадаў, каб разам — балазе ва Ўкраіну да ягонага дзядзькі Мішы мы ўжо езьдзілі. Але як толькі сабраліся, памерла сьвякруха, маці Валодзі. Мы яе пахавалі, а неўзабаве муж сам цяжка захварэў і празь некалькі гадоў памёр. Так мы да Беларусі і не даехалі. Канечне, шкадую, вельмі хацелася зьезьдзіць, пабачыць, адкуль прыехалі мае продкі. А гэта я дакладна ведаю, што з Гарадзенскай губэрні, Пружанскага ўезду».

Альма-матэр многіх пакаленьняў жыхароў Тургенеўкі
Альма-матэр многіх пакаленьняў жыхароў Тургенеўкі

Ніна Кузьмінічна кажа, што з Тургенеўкі шмат хто бывае на гістарычнай радзіме і па вяртаньні ня могуць апамятацца ад зьдзіўленьня, наколькі падобныя сыбірскія вёскі да тых жа пружанскіх:

«Летась наша аднавяскоўка Лена Елікава са сваім мужам Сашам была ў Беларусі. І вось яны зьезьдзілі ў тую вёску, адкуль усе нашы сюды прыехалі. Яна кажа: „Цёця Ніна, я туды прыйшла, дык там усё як у нас. Хаты — такія ж, хоць ужо ёсьць і добрыя, новыя дамы. І ўсе людзі, такое адчуваньне, нашы, бо ўсе нашы прозьвішчы — Цюшкевіч, Макарэвіч, Дакучыц, Самасюк, усе ёсьць“. Але калі яна пачала пытацца, ці ведаюць мясцовыя тых і тых, альбо сваякоў вяскоўцаў, якія даўным-даўно адсюль зьехалі, дык ніхто нічога не згадаў. Старых людзей ужо няма, а моладзь такіх ужо ня ведае».

77-гадовая Ніна Дакучыц дагэтуль застаецца актыўнай удзельніцай культурнага жыцьця беларусаў Сыбіры, удзельнічае ў шматлікіх сьвятах, канцэртах, фэстах, на якіх з асалодай выконвае песьні, пачутыя яшчэ ў дзяцінстве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG