Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарачая кропка» Беларусі


Вёску Канюхі, што на Капыльшчыне, можна назваць унікальнай. Бо, напэўна, нідзе ў Беларусі людзі не кладуцца спаць з такім, як тут, пачуцьцём калі ня страху, дык трывогі. Канюхі можна назваць самай гарачай кропкай у нашым мірным краі. Бо апошнія гадоў сем тут рэгулярна гараць хаты.

Варта праехацца па вёсцы, каб уразіцца колькасьці папялішчаў.

Гараць хаты, дзе ніхто не жыве, гараць хаты, набытыя пад лецішчы. Згарэла нават хата, дзе жыла адна старая. Гаспадыня таго папялішча ўжо памерла. Яе суседка, стомленая кабета з патухлым позіркам, з сумам паказвае на абгарэлыя сьцены.

— Тут жылі людзі. А палове на другую ночы пагрукалі нам у вакно. Старая бабка выскачыла разьдзетая. «Наша хата гарыць». Я глянула, там на вэрандзе такі слуп дыму. Я пажарную выклікала. Там фінскі домік, абкладзены цэглай. Там кастрыца ўсярэдзіне. Дык яе пажарныя тушылі зь дзьвюх гадзін да васьмі раніцы. Яна пастаянна жыла. А чаго? Можа, яны самі запалілі печку і дзе іскра выпала. А той побач, той запалілі. З 31-га сакавіка на 1-га красавіка. А той таксама на 1-га красавіка. Той летась, а гэты сёлета. Карацей, трапілася на кожны год. Потым, на горку падняцца. Яна на сацыяльнай койцы. А нехта таксама запаліў. Пасьля ў школе клець нехта запаліў. Пасьля ў адной дачы згарэў гараж, хлеў.

— У вас тут дэтэктыўная гісторыя.

— У Жуках таксама паляць. А хто гэта? Можа, ён стаіць побач з намі і глядзіць, як і мы?

— А што міліцыя? Яны каго шукалі?

— Езьдзілі па сяле.А што яны каго знайшлі?

— А пасьля яе прыезду былі падпалы?

— Вось гэты дом згарэў. А сёлета ізноў падпалілі. Ужо пасьля міліцыі. А хто гэта паліць? Бог яго ведае. Ужо кладуся ў залі і фіранкі не завешваю. Усе як зайцы сьпім.

У Канюхі мяне паклікала Зінаіда Цімошак, былая настаўніца і грамадзкая актывістка. Пані Зінаіда родам з суседніх Аксамітаў. Таму тутэйшыя праблемы ёй вядомыя як нікому.

— Самае галоўнае, што гэта ня першы раз. І гэта палохае людзей, якія маюць лецішчы ў іншых вёсках. Людзі пачынаюць званіць суседзям, каб назіралі. Бо паляць менавіта дачныя хаты. І дачнікі пачынаюць баяцца. Таму на зіму многія вывозяць дарагія рэчы з хаты. Каб не пагарэлі. Гэта ж ня тое, што адна хата згарэла, ну, дзьве.

— А што за сымболіка? З 31-га сакавіка на 1-га красавіка?

— Дзень сьмеху.

Зінаіда Цімошак спрабуе прыцягнуць увагу чыноўнікаў да жыцьця вяскоўцаў у рамках кампаніі «Зробім лепш» Асамблеі Недзяржаўных Арганізацыяў.

У беларускага крызісу шмат абліччаў. Гэта ня толькі рост цэнаў ды падзеньне рубля. У правінцыі шмат якія элемэнтарныя рэчы проста зьнікаюць. Як аўтобусныя маршруты. Калі год назад з Канюхоў можна было штодня дабрацца да сталіцы, дык сёньня зьехаць адсюль можна толькі ў сераду. І толькі ў Слуцак.

— Людзі адчуваюць сябе адарванымі. Раней сюды шмат аўтобусаў хадзіла. Зь Менску хадзіў некалькі разоў у дзень. У мінулым годзе перастаў хадзіць. Але мы сюды заехалі пазьбіраць подпісы, для таго каб хадзіў аўтобус. Капыль — Слуцак. Бо гэты маршрут тычыцца і Грозава, і іншых вёсак. Мы зьбіралі подпісы, падпісалася 114 чалавек. У Слуцкі райвыканкам, каб дапамог арганізаваць аўтобусны маршрут. Каб чагосьці дамагчыся, трэба спрабаваць.

Былы старшыня мясцовага калгасу Іван Злотнік, вельмі падобны да Чэрчыля салідны стары, разам з жонкай Надзеяй жыве ў самым прыгожым кутку Канюхоў. На беразе некалі маляўнічай, а сёньня зарослай і панылай сажалкі.

— А як вы тут засынаеце? Спакойна?

— Як сьвятло, дык яно ня так. А як сьвятла няма, машына якая пад’ехала, што ты бачыш? Цёмна. Нічога ня бачна. А сабака брэша.

— У горадзе вам сьвецяць, сьмецьце прыбіраюць. А нам, бедным калгасьнікам, усё жыцьцё працуй, да яшчэ безь сьвятла пакінуць.

— У нас тут жанчына ўтапілася ў гэтым возеры. Як гэта, каб ля возера не было сьвятла? Добра, калі ведаеш. А як ня ведаеш? Бултых, і ўсё.

— Тут палова вёскі была паліцаямі.

— Можа, гэта які-небудзь звар’яцелы партызан помсьціць?

— Яны ўжо ўсе пазьміралі.

Сажалка, як і былыя стайні побач, — гэта рэшткі сядзібы шляхціцаў Грыгаровічаў. Да нядаўняга часу тут была школа-інтэрнат для дзяцей, чые бацькі былі пазбаўленыя правоў. Тут пануе атмасфэра сталінскага піянэрскага лягера.

Беласьнежныя карпусы, клюмбы, скульптуры піянэраў і нават помнік маленькаму Валодзю Ўльянаву.

Інтэрнат закрылі, неўзабаве тут паселяцца дзеці з запаволеным разумовым разьвіцьцём. Зоя Кучынская, сярэдняга веку хударлявая кабета, працуе тут прыбіральшчыцай. Яна ўпэўненая, што выхаванцы інтэрнату падпальваць у вёсцы нічога не маглі. А вось хто рэальна бязьвінна пацярпеў ад тых падпалаў, дык гэта сьвёкар Зоі, Віктар Кучынскі. Старога забралі ў вар’ятню, зрабіўшы скрайнім, але падпалы ад гэтага не спыніліся.

— Як гэтая хата згарэла, прыйшлі да маці і пытаюць. «Вашага старога не маглі выпусьціць?» Бо хата згарэла. Ён быў нармальны чалавек. Біліся, яна яму стукнула па галаве качаргой. І штосьці ў яго зрабілася. Ён нічога дрэннага ня робіць. Здалі, бо думалі на яго, што ён ходзіць і падпальвае. А яго не было — і гумно згарэла там, і гэтая хата згарэла.

— А вы з сынам не хацелі яго вярнуць?

— Мне сказалі — хочаш, варочай. Але табе пэнсіі не аддадзім. А навошта мне? Яны будуць пэнсію атрымліваць, а я буду бацьку глядзець? Там ужо будзе накормлены і дагледжаны.

Зарана мы хаваем беларускія вёскі. Яны нікуды не зьнікаюць. Бо ў дамы памерлых бацькоў вяртаюцца іх гарадзкія дзеці. Хто на лецішча, а хто і назаўжды. Таму Зінаіда Цімошак разам зь некалькімі неабыякавымі да праблемаў вёскі людзьмі заснавала ініцыятыву «Ўтульны край».

— Цяпер заўважана вяртаньне людзей у вёску. У хаціны, дзе жылі іхныя бацькі. Шмат людзей вяртаецца. Бо ў вёсцы чалавек адчувае сябе часткай прыроды і адчувае радзіму. У Менску сябе чалавек так не адчувае. А тут ён знаходзіць гармонію і ўтульнасьць.

І паўстае праблема. Што рабіць з гэтымі вёскамі? Трэба, каб чыноўнікі зразумелі, што сёньня не саракавыя гады, калі кожны змагаўся за свой кавалачак і даносіў на суседа за сотку. Цяпер такога няма. І вёску, куды людзі вяртаюцца, дзе маюць лецішчы, пад бульдозэр ня пусьціш. Яна ўсё роўна будзе існаваць. Яе ня вынішчыш. Скажам, было 25 хат. І зь іх 7 хат запусьцела. Але 18 працягваюць існаваць, нават як лецішчы. І што тады рабіць? Запускаць гэта ўсё? Каб усё магло ўспыхнуць агнём, як мы бачым на прыкладзе Канюхоў?

Далей, небясьпека для старых людзей з боку бандытаў-алькаголікаў. Якія за сто тысяч гатовыя чалавека зарэзаць. Адкуль яны прыходзяць? Менавіта з гэтых зарослых участкаў.

Таму трэба наводзіць парадак. Трэба ўспомніць, што сяляне таксама людзі. Таму што гэтыя старыя бабулькі, яны, каб жыць у больш-менш утульных умовах, прыводзяць у парадак ня толькі свой участак, яны змагаюцца з пустазельлем на закінутых участках. Хто гэта павінен рабіць? Дзяржава гэта павінна рабіць. Чыноўнікаў у нас шмат, галоў у іх шмат, значыць, і мазгоў шмат. Вось хай і думаюць, як гэта зрабіць. Мы плацім падаткі. А калі яны не разумеюць, хай вызваляюць месцы для тых людзей, якія гэта зробяць.

Ня ведаю, ці стане жыцьцё ў капыльскіх вёсках утульнейшым, але раённым чыноўнікам дакладна спаць не давядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG