Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кэтрын Эштан едзе ў Беларусь не да Лукашэнкі»


Ці варта ўскладаць вялікія чаканьні на сустрэчу прэзыдэнтаў Беларусі, Расеі, Казахстану і Украіны пры пасярэдніцтве чыноўнікаў Эўразьвязу, якая мае адбыцца 26 жніўня ў Менску? Што азначае той факт, што эўрапейскія палітыкі зноў пачалі наведваць Менск? Ці мае шанцы Аляксандар Лукашэнка зьмяніць свой міжнародны імідж у выніку спробаў стаць пасярэднікам ва ўкраінска-расейскім процістаяньні.

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і Кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: У Менску 26 жніўня пры ўдзеле высокапастаўленых прадстаўнікоў Эўразьвязу маюць прайсьці трохбаковыя перамовы паміж Украінай і кіраўнікамі дзяржаваў, якія ўваходзяць у Мытны зьвяз — Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Ці можна спадзявацца, што гэтыя перамовы маюць шанцы на нейкі станоўчы вынік? Ці даюць падставы спадзявацца на гэта папярэднія падзеі, цяперашняя сытуацыя і заявы палітыкаў напярэдадні сустрэчы?

«Ня бачу іншага вырашэньня крызісу ва Ўкраіне, акрамя сілавога»

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Паротнікаў: Я пэсымістычна стаўлюся да пэрспэктываў нейкага прагрэсу на гэтай сустрэчы. Таму я, на жаль, ня бачу іншага вырашэньня крызісу ва Ўкраіне, акрамя сілавога.

Цыганкоў: Што вы маеце на ўвазе?

Паротнікаў: Я маю на ўвазе разгром і зьнішчэньне групы тэрарыстаў, якія захапіла частку тэрыторыя Данецкай і Луганскай вобласьцяў.

Цыганкоў: Але, як выглядае, ня толькі Расея, але нават і эўрапейскія пасярэднікі ня вельмі будуць у захапленьні менавіта ад такога разьвіцьця падзеяў..

Паротнікаў: На эўрапейскіх пасярэднікаў мне здаецца, увогуле ня варта зьвяртаць аніякай увагі. Расея, натуральна, будзе незадаволеная. Але прабачце, яна адзін з бакоў канфлікту. Калі мы кажам «данецкія і луганскія сэпаратысты» — мы маем на ўвазе перш за ўсё Крэмль.

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Мацкевіч: Я таксама падзяляю пэсымістычны погляд на гэтую падзею, бо я ня чуў ад асноўных гульцоў нейкіх станоўчых прапановаў. Больш за тое, ужо досыць дакладна вядома, што Крэмль зацікаўлены ў зацягваньні канфлікту. Кіеў, наадварот, зацікаўлены ў тым, каб гэта хутчэй скончыць, але ў Кіева можа быць толькі адна прапанова — канчаткова вывад усіх вайсковых фармаваньняў, якія падтрымліваюцца Крамлём, і зьнішчэньне ўсіх непадкантрольных бандаў.

З боку Эўропы таксама няма ніякіх прапановаў на гэтыя перамовы, таму якіх станоўчых вынікаў ад іх можна чакаць?

Цыганкоў: Для беларускіх аглядальнікаў вельмі важная тэмы — гэта тыя палітычныя наступствы для Беларусі, якія можна чакаць для кіраўніцтва Беларусі. Напрыклад, той факт, што ўпершыню пасьля 2010 году ў Менск прыедуць высокія эўрапейскія чыноўнікі. Ці сапраўды гэта даволі істотны факт, што ён можа зьмяніць?

Паротнікаў: Я і тут, на жаль, пэсыміст. Давайце не забываць, што Кэтрын Эштан сыходзіць са сваёй пасады, і таму тыя пратакольныя сустрэчы, якія адбудуцца, пры ўсім станоўчым факце наўрад ці будуць граць нейкую доўгатэрміновую ролю ў беларуска-эўрапейскіх адносінах. Яны сыходзяць, і пераемнасьці яе курсу, хутчэй за ўсё, ня будзе — будуць новыя людзі, будуць новыя тэмы і мэтады. Таму зараз пэўная паўза ў эўрапейскай замежнай палітыцы.

Цыганкоў: Але я б сказаў, што ў замежнай палітыцы Эўразьвязу ня так шмат залежыць ад канкрэтнага чыноўніка, а існуе пэўная пасьлядоўнасьць...

Паротнікаў: Разумееце, у чым справа? Трэба больш дакладна зразумець, ці ўвогуле бачаць эўрапейскія палітыкі Беларусь яшчэ у якасьці суб’екту міжнародных адносінаў, ці яны разглядаюць яе як аб’ект, як нейкага сатэліту Расеі, зь якім можна весьці нейкія размовы, але самастойнасьць яго рашэньняў будзе пад пытаньнем.

«Расея хоча зрабіць выгляд, што яна не ізгой у сусьветнай палітыцы»

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Уладзімер, ці адкажаце вы на пытаньне Андрэя, ці разглядаюць эўрапейскія палітыкі Беларусь як самастойную адзінку і ці прынясе плён іхні прыезд у Менск?

Мацкевіч: Трэба расставіць усе «кропкі над і». Кэтрын Эштан едзе ў Беларусь не да Лукашэнкі і не па запрашэньні беларускага ўраду. Яна наведвае пляцоўку для перамоваў, і стасункі з Беларусьсю тут адыграюць вельмі ўскосную ролю. Тое, што ў гэтай падзеі будзе прымаць удзел Лукашэнка разам з Назарбаевым — гаворыць толькі пра спробы Расеі пераадолець сваю ізаляцыю. Расея, запрашаючы Назарбаева і Лукашэнку, хоча зрабіць выгляд, што яна не ізгой у сусьветнай палітыцы.

Сапраўды, эўрапейская палітыка сёньня трохі інакш стала глядзець на Беларусь, але тут ня трэба мець ілюзіяў — інакш сталі глядзець і на Іран. Сытуацыя расейскай агрэсіі супраць Украіны цалкам зьмяніла геапалітычны Іран. Таму і гульні з Іранам, каб трохі пазбавіцца ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі і трошкі закрываюцца вочы на існаваньне аўтарытарызму ў Беларусі. Беларусь сёньня разглядаецца проста як зручнае месца, нэўтральная тэрыторыя ў расейскім канфлікце. Вось і ўсё. Ніякага прынцыповага зьмяненьня стаўленьня на беларускага рэжыму не адбываецца і не адбудзецца ў выніку гэтай сустрэчы.

«Лукашэнка хоча даказаць, што ён не васал Крамля, не марыянэтка»

Цыганкоў: Усё ж Лукашэнка быў арганізатарам гэтай сустрэчы. Якія ягоныя інтарэсы ў гэтым? Як ён хоча зьмяніць свой міжнародны імідж?

Паротнікаў: Мне цяжка сказаць, ці ён так турбуецца пра свой міжнародны імідж. Хутчэй Лукашэнка вырашае дзьве вельмі сур’ёзныя задачы. Па-першае, пацьвердзіць заходнікам, што ён самастойны гулец, не васал Крамля, не марыянэтка, самастойная геапалітычная велічыня.

Другое, гэта спроба выбудаваць адносіны з Эўразьвязам паводле прынцыпу «любіце нас такімі, якімі мы ёсьць». З ушчамленьнем правоў чалавека, СМІ, без выбараў, з палітзьняволенымі — вось такімі нас і любіце. Гэта такая спроба гандлю і ўзьняцьця ўласных каціровак у вачах заходняга сьвету.

Мацкевіч: Спадар Паротнікаў даволі дакладна пазначыў матывы Лукашэнкі, і гэта і ёсьць спроба зьмяніць імідж. Але зьмяніць, не мяняючы нешта ў сваёй краіне — а проста карыстаючыся цяперашнімі раскладамі. Зараз, на фоне Пуціна, Лукашэнка ўжо не выглядае такім пачварным дыктатарам, бо ёсьць больш моцны дыктатар, які тым больш пагражае суседзям.

Беларуская дыктатура ніколі не пагражала суседзям. А гэтага не скажаш пра Расею, якая стала адной з самых небясьпечных краінаў у сьвеце, тым больш з ядзернай зброяй. І на гэтым фоне Лукашэнка ловіць сваю рыбку ў каламутнай вадзе. А каб зьмяніць сапраўды свой імідж — трэба нешта рабіць у краіне. Таму цяпер Лукашэнка вельмі задаволены, што можа нібыта зьмяніць свой імідж, нічога не прадпрымаючы ва ўласнай краіне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG