Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бураты са знакам якасьці


Мяжа Усьць-Ардынскай бурацкай аўтаномнай акругі
Мяжа Усьць-Ардынскай бурацкай аўтаномнай акругі

Прыкладам захаваньня нацыянальных традыцыяў ва ўмовах магутнай зьнешняй экспансіі чужароднай культуры для беларусаў можа служыць Бурація.

Адзін з самых шматлікіх сыбірскіх этнасаў пачаў зазнаваць жорсткі прэсінг ад сярэдзіны ХVII стагодзьдзя, калі ў аддалены край прыйшлі першыя казацкія разьезды. За савецкім часам буратаў намагаліся канчаткова «абрусіць», зрабіўшы зь іх «манголаў са знакам якасьці», але тыя высілкі асаблівага плёну ня мелі — народ захаваў мову, культуру, веру.

Буратаў у сьвеце ня надта шмат — крыху больш за 600 тысяч чалавек. Абсалютная бальшыня жыве ў Бураціі, іншыя раскіданыя ад Усьць-Ардынскай бурацкай аўтаномнай акругі ў Іркуцкай вобласьці да Агінскай бурацкай аўтаномнай акругі ў Чыцінскай вобласьці. У іншых рэгіёнах і краінах сьвету бурацкая прысутнасьць нязначная і крыху перавышае 20 тысяч чалавек.

Коньнік на ўезьдзе ў Усьць-Арду з шаманскімі стужкамі
Коньнік на ўезьдзе ў Усьць-Арду з шаманскімі стужкамі

Цягам стагодзьдзяў, што расейцы асвойвалі Сыбір, буратаў з розным посьпехам перахрышчвалі ў праваслаўе, несьлі ім кірылічную грамату ды намагаліся распыліць у «вялікім рускім народзе». Сёе-тое місіянэрам рэалізаваць удалося, але ўжо ў 1980-х у Бураціі назіраецца рэзкі ўздым нацыянальнай сьвядомасьці, разгортваецца рух за адраджэньне культуры і мовы. У 1991 годзе створана Ўсебурацкая асацыяцыя разьвіцьця культуры, якая дагэтуль служыць асяродкам арганізацыі і каардынацыі ўсяго культурнага жыцьця. Сёньня функцыянуюць некалькі дзясяткаў гімназіяў, ліцэяў і каледжаў, якія працуюць паводле спэцыяльных праграмаў з паглыбленым вывучэньнем прадметаў на роднай мове, у ВНУ ды іншых навучальных установах уводзяцца пашыраныя курсы па гісторыі Бураціі.

Будысцкі дацан на тэрыторыі шаманскага Прыбайкальля
Будысцкі дацан на тэрыторыі шаманскага Прыбайкальля

Лама за працай
Лама за працай

Масава вяртаюцца бураты і да сваёй адвечнай рэлігіі — шаманізму. Асабліва гэта характэрна для Прыбайкальля, дзе вялася моцная кампанія «хрысьціянізацыі». Улан-Удэ і ўсё Забайкальле — збольшага пад уплывам будызму. Як расказвае навуковая супрацоўніца Усьць-Ардынскага краязнаўчага музэю Афталіна Арзаева, заходнія бураты надзвычай талерантныя і экспансія іншых рэлігіяў іх не палохае — пры тым, што ня так даўно ў Усьць-Ардзе адчыніўся вялікі будысцкі дацан:

Карэнная буратка Афталіна Арзаева
Карэнная буратка Афталіна Арзаева

«Ёсьць у нас усё, але на сёньня хто тут жыве, заходнія бураты, практычна стопрацэнтна лічымся шаманістамі. А будызм жа — ён ідзе з усходу. Забайкальскія бураты ўрэшце сталі будыстамі, і адтуль гэта перакідваецца ў наш бок. І тое, што тут пабудавалі дацан, — таму пацьверджаньне. Але хачу адзначыць, што сам па сабе шаманізм вельмі талерантны, разумееце? У нас няма нецярпімасьці, адрозна, прыкладам, ад праваслаўя. Сёлета адзначаецца Год культуры. На пачатку году вялікая дэлегацыя ад Іркуцкай вобласьці паехала ў Маскву паўдзельнічаць у адкрыцьці Году культуры. У складзе афіцыйнай дэлегацыі была наша буратка, начальніца аддзелу культуры з Асінскага раёну. І вось некалькі жанчын вырашылі паехаць у храм у Падмаскоўе, дзе захоўваюцца мошчы сьвятой Матроны Маскоўскай. І яе ў той храм не пусьцілі. Для нас гэта было так абразьліва, што не перадаць. Як яна сама расказала, не пусьцілі, ідэнтыфікаваўшы па твары, па абліччы. Запыталі — вы хто? Яна шчыра сказала, што шаманістка, і яе элемэнтарна не пусьцілі ў храм. А мы прымаем усіх, хоць хто можа да шамана прыйсьці. Ён правядзе абрад, паглядзіць, чым зможа — дапаможа. У нас забаронена шаману не дапамагчы чалавеку, у іншым выпадку ён сам будзе пакараны духамі. А ў некаторых рэлігіях здараецца зусім адваротнае».

Шаман – пасярэднік у кантактаваньні з духамі
Шаман – пасярэднік у кантактаваньні з духамі

Як буратку-шаманістку не пусьцілі ў праваслаўны храм
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:10 0:00

Уся бурацкая адміністрацыя складна працуе ў рэчышчы забесьпячэньня разьвіцьця культуры і мовы. Бурацкую мову разам з расейскай абвясьцілі дзяржаўнай дваццаць гадоў таму, калі прынялі Канстытуцыю Рэспублікі Бурація ды заснавалі дзяржаўныя сьцяг і гімн. Пасьпяхова адраджаецца нацыянальная кухня, пра што сьведчыць разгалінаваная сетка кавярняў «Хан Бууза» ў Іркуцку ды іншых гарадах.

“Хан Бууза”
“Хан Бууза”

Традыцыйны суп з бараніны
Традыцыйны суп з бараніны

Культывуюцца і шырацца старадаўнія традыцыі — найперш, кажа Афталіна Арзаева, зьвязаныя з паляўнічай дзейнасьцю продкаў:

«Ажно да ХІХ стагодзьдзя мы ня ведалі іншай зброі, апроч лука і стралы. Таму бураты на генэтычным узроўні захавалі здольнасьць да трапнай стральбы. Гэта абсалютная праўда, што ў нас практычна кожны мужчына трапны, спрадвек вельмі добра разьвіты вакамер. Паказальны факт, што падчас Другой усясьветнай вайны ў Сыбірскім батальёне нашы паляўнічыя служылі снайпэрамі — гэта насамрэч было, усё вядома, пацьверджана, вельмі шаноўныя людзі нашы франтавікі-вэтэраны. Што цешыць, вельмі шмат маладых людзей, дзяцей цяпер займаюцца ў сэкцыях менавіта стральбы з лука. Прычым ня толькі гарадзкія дзеці, а і ў вёсках».

Стацыянарныя драўляныя юрты
Стацыянарныя драўляныя юрты

Пад уплывам місіянэраў многія бураты ўрэшце перайшлі на аселы лад жыцьця. Праўда, нават драўляныя пабудовы формай паўтаралі традыцыйную юрту і доўгі час двойчы на год пераяжджалі зь «зімніка» на «летнік» і наадварот. Але паступова ўсталявалася звычка праводзіць лета ў палатняных юртах, а ў халодны час перабірацца ў драўляныя. З побытам буратаў можна пазнаёміцца ў музэі пад адкрытым небам Тальцы, што недалёка ад Іркуцку. Гаворыць Афталіна Арзаева:

«Узаемапранікненьне культураў было і ёсьць, нікуды ад гэтага не падзецца. А вось чаму два варыянты жыльля — дык гэта ўсё з-за сэзоннасьці. З-за клімату ў нас сэзоннасьць была літаральна ўва ўсім — у вопратцы, у працы, у харчаваньні. Абсалютна ўва ўсім сэзоннасьць, бо зьвязаная з рэзкай зьменай умоваў надвор’я».

Унутранае ўбраньне юрты
Унутранае ўбраньне юрты

Унутранае ўбраньне юрты
Унутранае ўбраньне юрты

Ад пачатку ХХ стагодзьдзя ў жыцьцё буратаў нечакана ўвайшлі беларусы. Сотні тысяч людзей пераехалі ў Сыбір зь Беларусі па так званай сталыпінскай рэформе, і многія зь іх атабарыліся якраз на бурацкіх землях. Як кажа іркуцкі краязнаўца Васіль Кудласевіч, напачатку абарыгены сустрэлі гасьцей досыць агрэсіўна. Звыклай справай былі канфлікты, справакаваныя змаганьнем за зямлю — бураты не маглі зьмірыцца, што іхныя выпасы пачалі заворваць:

«Справа ў тым, што бурацкія роды паступова выраджаліся, і расейскія чыноўнікі здолелі іх пераканаць, што такое суседзтва будзе толькі карысным. Нават навукоўцы прыяжджалі, сустракаліся са старэйшынамі, шаманамі, казалі, што буратам патрэбная новая кроў. Шаманы, калі потым усё зразумелі, зьмешваньне крыві ня толькі зацьвердзілі, а пачалі нават патрабаваць працэс паскорыць. Прыходзяць, дапусьцім, раз спалілі хату, другую спалілі. Хто? Ніхто ня ведае. А потым прыяжджаюць хітрыя бураты і кажуць: трэба, каб ваш сын ажаніўся з нашай дачкой. І нават прывязуць, пакажуць нявесту. Маўляў, хочаце, каб не было праблемаў, — трэба жаніцца. А хто ж хоча? Ніхто ня хоча! Нават намесьнік заканадаўчага сходу Іркуцкай вобласьці Істомін расказваў, што да ягоных дзядоў у Ігараўку Баяндаеўскага раёну прывезьлі буратку і канкрэтна сказалі: хочаце тут жыць — ажаніцеся з нашай. Нічога не заставалася рабіць, як цягнуць жэрабя. У іх было чатыры браты, выцягнуў малодшы. Вядома, пакрыўдзіўся на старэйшых, бо быў перакананы, што тыя ўсё падстроілі. Прычым бураты настойвалі, каб ён пасьля вясельля да іх пайшоў, а не забіраў буратку да сябе ў дом. Потым, праўда, ужо ўсяляк было — зьмешваліся, перамешваліся, вядома».

Бураты любяць “пашаманіць”
Бураты любяць “пашаманіць”

Міжэтнічнае ўзаемапранікненьне сапраўды дало нядрэнны плён: беларусы навучылі буратаў кавальству і земляробству, а бураты за кошт славянскіх хлопцаў разгалінавалі і ўмацавалі сваё генэтычнае дрэва. Дарэчы, дзеці ў выніку такіх зьмяшаных шлюбаў адразу могуць прэтэндаваць на перамогу ў разнастайных конкурсах прыгажосьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG