Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібэралізацыі ня будзе


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Плянаваныя перамовы ў Менску па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу, маючы адбыцца візыт сюды высокіх прадстаўнікоў ЭЗ актуалізавалі тэму размарожваньня адносін паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Выказваецца безьліч самых розных меркаваньняў наконт таго, як гэта паўплывае на ўнутрыпалітычную атмасфэру ў краіне.

Ранейшы досьвед пацяпленьня беларуска-эўрапейскіх адносін, найперш пэрыяд дыялёгу 2008–2010 гадоў сьведчыць, што ў такія часы рэжым Лукашэнкі вымушаны ісьці на пэўную, няхай і касмэтычную, грамадзка-палітычную лібэралізацыю. Тады вызваляюцца палітвязьні. Напрыклад, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году апазыцыя мела магчымасьць адносна свабодна ладзіць сваю перадвыбарчую кампанію.

Абапіраючыся на той досьвед, экспэрты, апазыцыйныя палітыкі, грамадзкія актывісты мяркуюць, што і цяпер паляпшэньне стасункаў паміж Беларусьсю і Захадам таксама прывядзе да некаторай унутрыпалітычнай лібэралізацыі. Таму і з гэтага гледзішча варта вітаць працэс разрадкі напружаньня між Менскам і Брусэлем.

Я ж рызыкну выказаць прагноз, што гэтым разам размарожваньню беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў (калі яно адбудзецца) ня будзе спадарожнічаць зьніжэньне рэпрэсіяў супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Цяпер гэта будуць два паралельныя працэсы, якія не перасякуцца. І дзеля гэтага ёсьць некалькі прычын.

Па-першае, Захад цяпер ня будзе так жорстка, як раней, увязваць гэтыя два працэсы ў адзін пакет. Бо падчас вострага геапалітычнага супрацьстаяньня, міжнароднага крызісу, абвастрэньня адносін паміж Захадам і Расеяй на першы плян у міжнароднай палітыцы выходзяць пытаньні геапалітыкі, а тэма каштоўнасьцяў (правоў чалавека, дэмакратыі, палітзьняволеных) адсоўваецца крыху ўбок. ЭЗ і ЗША ня могуць не ацаніць той факт, што ў надзвычай важным геапалітычным пытаньні сёньняшняга дня — стаўленьні да расейска-ўкраінскага канфлікту — Беларусь спрабуе захоўваць нэўтралітэт.

Акрамя таго, беларускі палітычны рэжым стаў выглядаць у вачах эўрапейцаў не такім адыёзным, як раней. І на фоне штодзённых ахвяр ваеннага канфлікту ва Ўкраіне, і на фоне праблемаў з транзытам расейскага газу ў краіны ЭЗ праз украінскую тэрыторыю беларуская стабільнасьць падвышаецца ў цане ня толькі для саміх беларусаў, але і для заходніх суседзяў. А на фоне Пуціна Лукашэнка выглядае ўжо ня самым «дрэнным хлопцам».

Па-другое, досьвед лібэралізацыі 2010 году, у выніку чаго адбыліся падзеі 19 сьнежня, моцна напужаў Лукашэнку. І паўтараць яго беларускі кіраўнік ня будзе.

Па-трэцяе, на Лукашэнку вельмі моцны ўплыў зрабіў украінскі Майдан. І адзін зь яго галоўных урокаў, які вынес для сябе Лукашэнка, палягае ў тым, што любы пратэст у грамадзтве трэба душыць у зародку.

Па-чацьвёртае, у барацьбе з прывідам Майдана Лукашэнка атрымаў карт-блянш грамадзтва. Насельніцтва напужанае ўкраінскім хаосам і гатовае падтрымаць рэжым у ягоных дзеяньнях па захаваньні «стабільнасьці». То бок рэпрэсіі ўладаў супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці атрымліваюць дадатковую грамадзкую легітымацыю.

У такіх варунках разьлічваць на ўнутрыпалітычную лібэралізацыю не выпадае. Прэзыдэнцкая кампанія 2015 году пройдзе ва ўмовах пэрманэнтных рэпрэсіяў. І Захад наўрад ці дапаможа беларускай дэмакратыі. У перамоўным працэсе паміж Менскам і Брусэлем месца для апазыцыі няма. Гэта трэба прыняць як палітычны факт. І будаваць стратэгію ў адпаведнасьці з новай рэальнасьцю.

22.08.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG