Адрозна ад Беларусі, якая будуе рынкавы капіталізм на грунце маральна састарэлай плянавай эканомікі, мангольскі капіталізм мае іншыя прыклады для перайманьня.
Галоўны стратэгічны партнэр Манголіі — Паўднёвая Карэя. Штодня ў Сэул выпраўляецца некалькі авіярэйсаў, ва Ўлан-Батары месьцяцца прадстаўніцтвы найбуйнейшых паўднёвакарэйскіх карпарацыяў, а аўтааматары аддаюць перавагу карэйскім аўто нават больш, чым японскім — таньнейшыя пры той жа надзейнасьці. Другая па значнасьці вуліца Ўлан-Батара носіць назву Сэул. Таваразварот паміж Манголіяй і Паўднёвай Карэяй складае блізу 300 мільёнаў даляраў, у той час як зь Беларусьсю — утрая менш. Пры гэтым у манголаў Менск амаль нічога не купляе.
А вось суседзтва з Кітаем, эканоміка якога разьвіваецца зайздроснымі тэмпамі, асаблівых дывідэндаў не прыносіць — даюць сябе знаць старыя крыўды. Спачатку кітайскім імпэратарскім дынастыям папсаваў крыві Чынгісхан з пасьлядоўнікамі, а ўжо ў ХХ стагодзьдзі крыж на кітайскім панаваньні паставіў Сухэ-Батар. Прынцыповым пытаньнем у няпростых адносінах нечакана сталася пасьмяротная цень Чынгісхана. Дагэтуль невядома, дзе дакладна пахаваны палкаводзец, і ў Кітаі сьцьвярджаюць, што ягоная магіла — у Паднябеснай. Манголы ж абвінавачваюць суседзяў у фальсыфікацыі гісторыі і ў намеры зарабіць на чужой славе. Таму міжнародны абмен збольшага абмяжоўваецца наездамі ва Ўлан-Батар спадкаемцаў хунвэйбінаў.
Цікавыя стасункі з найбліжэйшымі этнічнымі сваякамі — буратамі, якіх у Манголіі літаральна пару працэнтаў — бальшыня сканцэнтраваная вакол Байкалу. Калі верыць падручнікам, «бурат» па-мангольску — «здраднік». Так ацанілі адгалінаваньне буратаў ад агульных праайцоў у незапамятныя часы. Бураты за падобную мянушку адказваюць «узаемнасьцю», хоць па нейкіх справах ва Ўлан-Батар наведваюцца — самалёт з Іркуцку быў запоўнены практычна аднымі буратамі. Дарэчы, калі на гарадзкой вуліцы трапіцца мангол, які выдатна гаворыць па-расейску, то гэта стопрацэнтна будзе бурат. Зрэшты, каб адрозьніць прадстаўнікоў двух народаў, дастаткова некалькі дзён назіраньняў — такіх шчок, як у буратаў, няма ані ў кога.
Эканоміка шараговых манголаў залежыць ад іхняй прадпрымальнасьці і няўрымсьлівасьці. Распачаць уласную справу не складае праблемаў, падаткі таксама не кладуцца асаблівым цяжарам на бізнэс. Як прызнаўся адзін з таксістаў-прыватнікаў, «падаткі плацім, але «цуць-цуць». Гана, гаспадар гестхаўзу ў ня самым «мажорным» раёне Ўлан-Батара, прымае пастаяльцаў ужо 20 гадоў. Цэны не задзірае, бо мае большы абарот ад масавасьці — у гэтым ягоная перавага перад канкурэнтамі. Пакой на двух чалавек — 30 даляраў, у геры (юрце) на даху будынка — 25 даляраў зь любой колькасьці пастаяльцаў. Кампанія зь пяці чалавек можа пасяліцца тут амаль задарма, чым з задавальненьнем карыстаюцца маладыя людзі.
У Манголіі надзвычай разьвіты прыдарожны сэрвіс, пра што ў Беларусі толькі мараць. Зазвычай прапануецца хуткі перакус улюбёнымі стравамі — буузам (накшталт мантаў) і хуушуурам (накшталт чабурэкаў). У Нацыянальным парку Горхі-Тэрэлж за 70 кілямэтраў ад Улан-Батара на вялізнай тэрыторыі сетка «закусачных» арганізаваная проста ў юртах. Каб задаволіць апэтыты наведнікаў, на летні сэзон сюды выяжджаюць цэлымі сем’ямі. У мэню звыкла пераважае разнастайнае мяса на любы густ — смажаная і сьціснутая паміж гарачымі камянямі бараніна, стравы з каніны, казьляціны, яка. Каніна лічыцца зімовай ежай, улетку больш налягаюць на бараніну. Порцыі вялізныя, таму можна сьмела замаўляць адну на дваіх. Запіваць рэкамэндуецца кумысам і нацыянальным напоем — «мангол цай». Апошні — абавязкова з малаком і падсолены.
Парк Горхі-Тэрэлж, адрозна ад падобных у іншых краінах, адзначаны бурнай дзейнасьцю чалавека. На ўсім прасьцягу пасуцца шматлікія чароды авечак ды якаў, пры горных схілах — чабанскія калёніі. Пад скаламі розных формаў і памераў гандлююць сувэнірамі і напоямі, у арэнду прапануюцца «рашн джып» (стары савецкі «казёл») і «рашн мінівэн» (яшчэ старэйшы УАЗік тыпу «хуткай дапамогі»). Тут жа можна наняць гер, каб не клапаціцца пра даезд у горад — аўтобусы з Улан-Батара ходзяць зусім рэдка. У парку ёсьць некалькі проста ўнікальных прыродных стварэньняў, і, бадай, самае незвычайнае зь іх — гара Чарапаха. Такое адчуваньне, што без умяшаньня таленавітага скульптара тут не абышлося.
У адным зь юртавых паселішчаў нарэшце ўдалося задаволіць побытавую цікавасьць: куды тут ходзяць, скажам так, па фізіялягічнай патрэбе? Юрты, як правіла, стаяць пасярод стэпу, выратавальных кусьцікаў няма паводле азначэньня. Абарыген у адказ на адраснае пытаньне махнуў на ўзгорак, дзе ў прыстойнай далечыні ўзвышаўся «клазэт» па-мангольску — абгароджаны з трох бакоў нізенькім тэнтам катушок з рэдкімі дошкамі над глыбокай ямінай. Пры гэтым адкрыты фронт пабудовы выходзіў якраз на палявую дарогу, па якой хоць і рэдка, але ходзіць транспарт. Зрэшты, мясцовыя перакананыя, што натуральных пазываў саромецца ня варта.
За ўвесь час у Манголіі ня ўбачыў твару, які б даў падставу пашкадаваць «бедных людзей, забытых у стэпах богам і цывілізацыяй». Манголы вельмі адкрытыя, жыцьцярадасныя і, падаецца, цалкам задаволеныя сваім месцам на мапе сьвету. Нават у «хрушчобах» кіпіць жыцьцё — весяляцца дзеці і займаюцца гаспадаркай дарослыя. Гэтаксама, як беларусы, ня грэбуюць алькаголем: сустрэць мангола нападпітку нават пасярод дня — справа досыць звыклая. Праўда, ніякай агрэсіі з боку аматараў выпіць няма, а калі хто і кіруецца ў ваш бок, то выключна з мэркантыльнай мэтай — папрасіць на пахмельле.
А яшчэ манголы адчайныя чысьцёхі. Праўда, гаворка збольшага не пра людзей, а пра машыны — мыюць іх, не зважаючы на месца паркоўкі і навакольны антураж.