Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін перамовы зьвядзе на нішто, каб прынізіць Лукашэнку»


Ці лічыце вы Лукашэнку міратворцам у расейска-ўкраінскім канфлікце?

Спадарыня: «Ня ведаю, ці можна лічыць прэзыдэнта міратворцам у расейска-ўкраінскім канфлікце. Але тое, што ён займае нэўтральную пазыцыю — гэта ўжо добра. Лепш я пажыву з гэтым так званым міратворцам, чым тут будзе Пуцін на сваіх танках і за адзін дзень, як немцы, пройдзе ўсю краіну».

Спадар: «Можна лічыць, бо ён імкнецца, каб мы, славяне, жылі ў сяброўстве, згодзе й міры. Ён нейкі такі міратворац. Ён хоча, каб быў мір і спакой у Расеі і ва Ўкраіне, каб не было войнаў паміж сабою».

Лукашэнка — не самастойная палітычная фігура, ён цяпер цалкам залежны ад Расеі. І зразумела, што Пуцін ніколі ня дасьць Лукашэнку, каб ён нешта для сябе палітычна набыў

Спадарыня: «Лукашэнку міратворцам канфлікту? Я лічу, што можна. Ён за мір і спакойнае жыцьцё народу».

Спадар: «Лукашэнка — не самастойная палітычная фігура, ён цяпер цалкам залежны ад Расеі. І зразумела, што Пуцін ніколі ня дасьць Лукашэнку, каб ён нешта для сябе палітычна набыў. Калі й будуць вынікі, то яны будуць кароткатэрміновыя. І ўсё адно Пуцін зьвядзе ўсё на нішто, каб яшчэ прынізіць Лукашэнку. Гэтая роля няшчырая, і гэтая роля не прынясе ніякага плёну».

Спадар: «Адзіны прэзыдэнт, які гатовы прапанаваць краіну як пляцоўку для перамоваў і які спрабуе аднавіць ранейшыя адносіны паміж Расеяй і Ўкраінай».

Спадар: «Думаю, што больш так, чым не. Бо ён вырашыў усё, груба кажучы, правесьці, стаў арганізатарам сустрэчы. Хацелася б верыць, што нарэшце там будзе мір і людзі перастануць пакутаваць. Можа быць міратворцам, але ня факт, што яны памірацца».

Лукашэнка месяцы два таму казаў, што ня хоча быць пасярэднікам у канфлікце паміж Украінай і Расеяй

Спадар: «На мой погляд, Лукашэнка клапоціцца пра свае інтарэсы і пастараецца як мага больш бонусаў атрымаць і з таго, і з другога боку. Гэта проста палітычны спэкулянт. Перамовы ў любым выпадку павінны дзесьці праходзіць — і чаму ня тут? Іншая справа, што асабіста я не чакаю ад іх нейкіх вынікаў. Да таго часу, пакуль Расея працягвае збройную падтрымку баевікоў, пасылае туды сваіх баевікоў, зброю, грошы, я ня думаю, што яны дадуць вынік».

Спадар: «Лукашэнка месяцы два таму казаў, што ня хоча быць пасярэднікам у канфлікце паміж Украінай і Расеяй. Цяпер Лукашэнка, Назарбаеў і Пуцін разам з прэзыдэнтам Украіны і з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ будуць сустракацца ў Менску... Па выніках трэба будзе глядзець: якія яны будуць? А так — ну, выбралі Менск, пасядзяць, кожны свой пункт гледжаньня выкажа — і на гэтым могуць разьехацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG