Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачуць Статкевіча


Пяць гадоў таму, у траўні 2009-га, мне давялося праводзіць сваё пасяджэньне кіраўніцтва Беларусі. Сабраліся разам каля сарака чалавек, сярод іх былі колішнія прэм’ер-міністар, кандыдат на прэзыдэнта, міністар, амбасадар, дэпутаты, бізнэсоўцы, рэдактар газэты, журналісты, паэты, палітыкі, лідэры палітычных партый, міліцыянт, мастак, паэт ды іншыя.

Абмяркоўвалі яны, праўда, не геапалітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ці культурныя пытаньні, а дзяліліся турэмнымі ўспамінамі. Бо гэта была прэзэнтацыя кнігі Свабоды «Адзін дзень палітвязьня», якую я праводзіла, і ў адной залі сабраліся Аляксандар Казулін, Міхаіл Чыгір, Васіль Лявонаў, Міхаіл Марыніч, Сяргей Скрабец, Андрэй Клімаў, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч ды яшчэ некалькі дзясяткаў годных, сумленных і прафэсійных людзей.

Быў сярод іх і Мікола Статкевіч, герой двух выданьняў кнігі «Адзін дзень палітвязьня». Ён ізноў за кратамі, але зноў удзельнічае ў палітычным жыцьці — нядаўна выступіў з ініцыятывай вылучыць кандыдатам на прэзыдэнта былога ці цяперашняга палітвязьня.

Як выглядае, ягоная прапанова не сустрэла вялікай і адзінадушнай падтрымкі ў апазыцыйных колах з розных прычынаў: цяжка будзе зарэгістраваць, як праводзіць выбарчую кампанію, калі чалавек у турме, выбаршчыкі мала ведаюць пра палітвязьняў і мала салідарныя з тымі, хто за кратамі паводле палітычных перакананьняў...

Сапраўды, большасьць былых палітвязьняў, выйшаўшы на свабоду, ня спраўдзілі чаканьняў тых, хто спадзяваўся аўатматычна атрымаць беларускіх Гавэлаў і Мандэлаў — хто папрасіў памілаваньня, хто зьехаў з краіны, хто пакінуў палітыку, зьнізіў градус грамадзкай актыўнасьці, паставіў на першае месца сям’ю і рэлігію, у каго падарванае здароўе. Вось адказаў на маё пытаньне ў перадачы «Бяз гальштукаў» некалькі тыдняў таму былы палітвязень Алесь Бяляцкі:

"Мы думаем, што адтуль чалавек выходзіць як нейкі аракул ці ён становіцца безумоўным аўтарытэтам? Гэтыя спадзяваньні, мне падаецца, завышаныя, бо хоць турма і мяняе людзей, з другога боку чалавек усё ж, як мне падаецца, такім, якім ён быў у сваёй аснове, такім і застаецца пасьля турмы. Таму я ня думаю, што мы можам чакаць нейкіх якасных прарываў ад людзей, якія адсядзелі ў турме".

Але на ўсе гэтыя цьвярозыя аргумэнты можна знайсьці контраргумэнты.

Як паказалі ўсе папярэднія прэзыдэнцкія выбары, усе легальныя працэдуры рэгістрацыі, выбарчай кампаніі, агітацыі і гэтак далей ня маюць вялікага сэнсу. Выбараў усё роўна няма, і людзі ўсьведамляюць, што іх галасы ня лічаць. І цяпер ужо аналітыкі сыходзяцца на тым, што і Плошча ня можа быць выніковай. Таму нестандартны, нечаканы крок мог бы быць больш выніковым, бо гуляючы паводле правілаў ЦВК, перамагчы немагчыма. Трэба ўсталяваць свае правілы і гуляць на сваім полі...

Другі момант маральны. Палітвязень, былы ці цяперашні — маральны аўтарытэт, годны і мужны чалавек, пакутнік, гатовы ахвяраваць сабой за ідэю, які не напісаў прашэньня аб памілаваньні і вытрымае любы ціск.

І трэці момант. Тут я зноў працытую Алеся Бяляцкага, які пасьля свайго скептычнага прагнозу адразу ж паправіўся:

«Але з другога боку тое, што палітычныя лідэры сядзелі і сядзяць, і той жа Мікола Статкевіч працягвае заставацца за кратамі, гэта безумоўна іхні моцны капітал у грамадзкай дзейнасьці, бо калі чалавек прайшоў праз гэтыя выпрабаваньні, то да такога чалавека ёсьць і давер у грамадзтве».

Я дагэтуль памятаю апошняе слова Міколы Статкевіча ў судзе ў траўні 2011-га, ягоны зварот да дыпляматаў краінаў Эўразьвязу:

«Ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Калі вы зробіце гэтага, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой. У злачынцаў закладнікаў выкупаць нельга. Калі вы зробіце гэта, значыць будуць іншыя закладнікі, і сытуацыя доўга ня зьменіцца... Я гатовы ахвяраваць сваёй уласнай свабодай дзеля таго, каб наблізіць свабоду сваёй краіны. Я веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай».

Заклік Міколы Статкевіча ня быў пачуты. Рэжым атрымлівае грошы за свабоду палітвязьняў, зьяўляюцца новыя закладнікі. У Менск праз некалькі дзён прыбудзе высокапастаўленая дэлегацыя ЭЗ, пройдуць перамовы Пуціна і Парашэнкі пры пасярэдніцтве Эўразьвязу, кіраўніка Беларусі ўжо ня лічаць сусьветным парыям. І так можа стацца, што ніхто падчас гэтых сустрэчаў не згадае пра экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколу Статкевіча, які ў крытай турме на спатканьні можа пабачыць сваю жонку і бацьку толькі праз шкло, адну гадзіну, добра калі адзін раз на год. Так можа стацца, што не згадаюць яны і іншых палітвязьняў...

Некалькі гадоў таму Мікола Статкевіч заклікаў з турмы прааналізаваць падзеі, зьвязаныя з выбарамі-2010. «У норму і намі ўводзяцца баязьлівасьць, здрада і данос на паплечнікаў... Мы ня можам наняць масавы рух пераменаў за грошы. Прыцягваць людзей у яго можна толькі, апэлюючы да ідэалаў. Але ж тады трэба тым ідэалам адпавядаць. Учынкамі, а ня словамі», пісаў з-за кратаў Статкевіч.

І гэты ягоны заклік пакуль не пачуты. Працы над памылкамі, можна сказаць, не адбылося.

Я не палітык, не паліттэхноляг, не палітоляг, не грамадзкі дзеяч. Я журналістка, для якой тэма палітвязьняў заўсёды была адной з найгалоўных. І ня толькі таму, што гэта місія «Свабоды», але гэта і мой выбар. І таму словы з турмы Міколы Статкевіча — вылучыць кандыдатам на прэзыдэнта былога ці цяперашняга палітвязьня — мне падаюцца важнымі ня толькі сёньня, але і заўтра... І ня толькі таму, што ён ня зьедзе, ня зломіцца, ня здрадзіць...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG