Працяг дарожных нататак пра адну з самых прыхаваных ад вонкавага сьвету краінаў — Манголію.
Рашуча сышоўшы з сацыялістычных рэек, манголы нарэшце атрымалі магчымасьць згадаць пра свае нацыянальныя карані. А мінулае ў гэтага народу такое, што хапіла б на стос энцыкляпэдыяў дзясятка іншых этнасаў.
За часамі маскоўскай апекі ідэолягі насаджалі паднявольным народам сваіх герояў — партыйцаў, камісараў, змагароў з гнілым капіталізмам. Але на мяжы 1980–90-х жыць па савецкіх лякалах надакучыла. На першы плян пачалі выходзіць гістарычныя асобы, якіх дзесяцігодзьдзямі намагаліся заціснуць на задні плян. Для Манголіі галоўная фігура ўсіх часоў і народаў — безумоўна, Чынгісхан. Заснавальнік і першы вялікі хан Мангольскай імпэрыі ня толькі аб’яднаў тутэйшыя плямёны, але і нагнаў страху на паўсьвету — ад Кітаю і Сярэдняй Азіі да Каўказу і Эўропы.
У сярэдзіне 2000-х у Манголіі з размахам сьвяткаваліся дзьве даты: у 2005-м — 850-годзьдзе ад нараджэньня Чынгісхана (паводле іншых зьвестак, ён нарадзіўся ў 1162 годзе, таму пазалетась юбілей паўтарылі), у 2006-м — 800-годзьдзе Мангольскай дзяржавы. У зьвязку з гэтым было вырашана, што краіне патрэбны адметны сымбаль, які б назаўжды ўвекавечыў заслугі «праайца» ўсіх манголаў. Так у 2008 годзе за паўсотні кілямэтраў ад Улан-Батара, у самоне Эрдэнэ, паўстаў велічны мэмарыял пад назвай «Залатая пуга». Згодна зь легендай, у 1177 годзе Тэмуджын, ён жа будучы Чынгісхан, вяртаўся дадому ад сябра свайго бацькі, які навучаў яго жыцьцёвай і вайсковай мудрасьці. І менавіта ў гэтым месцы знайшоў пугу — сымбаль посьпеху. Волатаўскіх памераў пуга — адзін з экспанатаў музэю.
Дарэчы сказаць, што шматузроўневы 50-мэтровы помнік з пастамэнтам для некаторых эўрапейцаў выглядае досыць крыўдна: конны Чынгісхан стаіць на авальным будынку барочнага стылю, што сымбалізуе заваяваньне Эўропы. На галаве каня — аглядная пляцоўка, адкуль адкрываецца цудоўны від на бяскрайнія стэпы. Працы яшчэ не завершаныя: вакол па пэрымэтры будзе тэматычны парк, прысьвечаны побыту манголаў эпохі Чынгісхана. Сьледам за цэнтральнай брамай з коньнікамі ўзводзіцца паўночная; на тэрыторыі плянуецца ўсталяваць некалькі сотняў гасьцявых юртаў і высадзіць блізу 100 тысяч дрэваў. Насупраць, праз аўтадарогу, закладаецца помнік старэйшай і ўлюбёнай жонцы Чынгісхана — Бартэ, якая нарадзіла яму чатырох сыноў і пяць дачок. Усяго пад мэмарыял «Залатая пуга» адведзена больш як 200 гектараў зямлі.
Для абсалютнай бальшыні манголаў Чынгісхан — асоба культавая. Дый што казаць: на адным са схілаў гары Багдо-уул, які навісае над улан-батарскім раёнам Зайсан, 240-мэтровы Чынгісхан назірае за сваімі нашчадкамі і ўдзень, і ўначы — тут зь белага мармуру выкладзены ягоны партрэт. Ня кажучы пра плошчу Чынгісхана ў цэнтры сталіцы і ягонага манумэнта на месцы зьнесенага маўзалею Сухэ Батара, аэрапорт ягонага імя, месца паломніцтва на малой радзіме за 100 кілямэтраў ад Улан-Батара, дзе збудавалі цэлае паселішча ХІІІ стагодзьдзя, ды іншыя адрасы пампэзнай мэмарыялізацыі. Пры гэтым сапраўднае месца пахаваньня Чынгісхана невядомае, а так адной «мэкай» было б яшчэ больш.
Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што ў завочным спаборніцтве Чынгісхан наўрад ці саступае самому Буду, якому ў Манголіі пакланяюцца больш за 90% насельніцтва. Адпачатку манголы былі шаманістамі, але будыйскім місіянэрам нечакана хутка ўдалося навярнуць іх на новую веру. Зрэшты, некаторыя традыцыі ўдалося сумясьціць — прыкладам, насыпаць пры дарогах цэлыя курганы з каменьня. Але ў цэлым Буда ўсё ж перамог. Будысцкія храмы масава пачалі аднаўляць дзейнасьць толькі пад «перабудову», а за часамі савецкага ўплыву блізу 800 з больш чым 1000 былі зачыненыя і пераабсталяваныя пад гаспадарчыя патрэбы. Цяперашнія манастыры — гэта збор раскошы і велічы, а перад асобнымі «помнікамі» адчуваеш сябе пясчынкай. Фатаграфаваць у бальшыні месцаў забаронена, але не зафіксаваць асобныя цуды проста немагчыма. Прыкладам, амаль 30-мэтровага Буду ў храме Гандан — адным з галоўных манастыроў Улан-Батара.
У адным з раёнаў Улан-Батара здалёк прыцягвае позірк Залаты Буда — нельга не заўважыць 20-мэтровую скульптуру, якая літаральна сьлепіць вочы. Хоць месца і называецца Паркам Буды, збольшага навакольле нагадвае зусім ня парк адпачынку, а будаўнічую пляцоўку. Для вернікаў тут засталіся толькі ступа ды барабаны, кручэньне якіх замяняе чытаньне мантраў. Дзеля справядлівасьці, культавым збудаваньням у сучасных умовах усё цяжэй супрацьстаяць наступу «высотак», і ў бальшыні выпадкаў старыя храмы аказваюцца заціснутыя гмахамі са шкла і бэтону. Такі лёс неўзабаве чакае і зімовы палац з культавымі збудаваньнямі апошняга хана Манголіі Богд-хана VIII Жаўзандамба. Цяпер гэта — музэй з найбагацейшай экспазыцыяй, якая паказвае побыт апошняй манаршай сям’і. А побач з вуліцай Сэул месьціцца яшчэ адзін будыйскі комплекс, які носіць гучную назву «Шаалінь-лама». Ягоныя суседзі — скрозь офісы ды дзелавыя цэнтры.
Непадрыхтаванаму турысту першы час ніякавата ў атачэньні іншага культу, абсалютна звыклага для мясцовага чалавека. Гэта культ свастыкі, які ў сьвядомасьці нашага пасьляваеннага пакаленьня ўстойліва асацыюецца з жахамі Другой усясьветнай вайны. Між тым свастыка як сымбаль хоць і мае шмат значэньняў, але традыцыйна нясе станоўчую нагрузку. Старадаўнія народы, якія выкарыстоўвалі падобны графічны вобраз, жывучы ў розных частках сьвету, лічылі свастыку сымбалем Сонца, сьвятла, жыцьця, дабрабыту. Продкі манголаў не былі выключэньнем і, суседнічаючы з магутнымі рэлігійнымі плынямі Індыі і Тыбэту, перанялі старадаўні сымбаль.
Пасьля таго як у ХХ стагодзьдзі з ініцыятывы Гітлера «Hakenkreuz» — «крыж з крукамі» — стаў сымбалем нацызму, у заходнім сьвеце свастыка пачала ўстойліва асацыявацца з гітлераўскай ідэалёгіяй. Манголы хоць і супраць фашызму, але старадаўніх традыцыяў не цураюцца. Свастычныя канфігурацыі можна разгледзець у самых розных месцах — ад музэйнай амуніцыі мангольскіх воінаў да інкрустацыі сучасных кавярняў. Свастыку можна ўбачыць нават на гіганцкім 11-мэтровым боце Чынгісхана, выстаўленым у мэмарыяле «Залатая пуга». Ня кажучы ўжо пра сувэнірную прадукцыю, процьма якой прадаецца ў кожнай краме.