Краіны Мытнага саюзу могуць пачаць пастаўляць у Расею перапрацаваную на сваёй тэрыторыі сельгаспрадукцыю, якая падпала пад санкцыі, заявіў віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч на нарадзе з удзелам прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.
«Вядома, нашы калегі па Мытным саюзе могуць выйграць у гэтай сытуацыі, паколькі ў іх будзе перапрацоўвацца частка той прадукцыі, якая раней ішла наўпрост да нас. Будуць пастаўляць нам ужо перапрацаваную прадукцыю», — цытуе Дварковіча Інтэрфакс.
Але пры гэтым расейскі бок будзе ўважліва глядзець на ступень перапрацоўкі, бо ў Беларусі і Казахстане павінна стварацца значная частка кошту прадуктаў. А для таго, каб памянялася краіна паходжаньня, трэба «правесьці пэўны пералік тэхналягічных апэрацыяў». Віцэ-прэм’ер Дварковіч паабяцаў кантраляваць сытуацыю.
Раней першы намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Марыніч заявіў, што Беларусь гатовая пастаўляць харчаваньне ў Расею замест краін, у дачыненьні да якіх Масква ўвяла санкцыі:
«Для нас гэта кландайк. Мы гатовыя замяніць заходнія краіны па шмат якіх пазыцыях у частцы харчаваньня».