Замаскварэцкі раённы суд Масквы 18 жніўня мае абвесьціць прысуд па яшчэ адным эпізодзе «Балотнай справы» — у дачыненьні да тых, хто быў затрыманы падчас так званай другой хвалі, зімой і вясной 2013 года.
На лаве падсудных чатыры чалавекі: Аляксей Гаскараў, Ільля Гушчын, Аляксандар Марголін і Алена Кохтарава. Ім прад’яўленыя абвінавачваньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў прымяненьні сілы ў дачыненьні да супрацоўнікаў паліцыі падчас акцыі 6 траўня 2012 года на Балотнай плошчы ў Маскве.
Прадстаўнікі пракуратуры папрасілі для падсудных да чатырох гадоў калёніі, і толькі Алена Кохтарава, на думку дзяржабвінавачаньня, заслугоўвае ўмоўнага тэрміну.
Назіральнікі і сваякі падсудных у апраўдальны прысуд ня вераць, адвакаты кажуць пра тое, што ў ходзе судовага разбору падзеі на Балотнай плошчы так і не атрымалі належнай прававой ацэнкі.
Судовы разгляд па гэтай справе доўжыўся амаль чатыры месяцы. Былі дапытаныя дзясяткі сьведак з боку абвінавачаньня, вялікая частка зь якіх — супрацоўнікі паліцыі, прагледжаныя відэазапісы падзей на Балотнай плошчы, дасьледаваныя дакумэнты. На думку прадстаўнікоў пракуратуры, гэтыя матэрыялы пацьвярджаюць, што падзеі 6 траўня былі масавымі беспарадкамі, таксама, на іх думку, пацьвердзілася віна ўсіх падсудных. Самі падсудныя з гэтым меркаваньнем не зусім згодныя.
6 траўня 2012 года ўзгодненая з уладамі Масквы апазыцыйная акцыя завяршылася сутыкненьнямі дэманстрантаў з паліцыяй на Балотнай плошчы. Была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Масавыя беспарадкі». Цяпер яе фігурантамі зьяўляюцца больш за трыццаць чалавек. Аўтары незалежнага расьсьледаваньня тых падзей упэўненыя, што адказнасьць за сутыкненьні з паліцыяй ляжыць, перш за ўсё, на ўладах горада. Праваабаронцы кажуць пра палітычны падтэкст справы. Большасьць фігурантаў «Балотнага справы» праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў палітычнымі вязьнямі.