Міністар сацыяльнай палітыкі Ўкраіны Людміла Дзянісава падпісала загад аб прызнаньні грузу Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа гуманітарнай дапамогай. Пра гэта інфармуе прэс-служба ўраду.
«У адпаведнасьці з артыкуламі 4 і 5 Закону Ўкраіны „Аб гуманітарнай дапамозе“, з улікам ініцыятывы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі аб атрыманьні гуманітарнай дапамогі ў рамках міжнароднай гуманітарнай місіі пад эгідай Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа, прызнаць груз гуманітарнай дапамогай», — гаворыцца ў дакумэньце.
Паводле ўраду, ліст з пералікам тавараў гуманітарнай дапамогі паступіў у Міністэрства сацыяльнай палітыкі 16 жніўня за подпісам старшыні рэгіянальнай дэлегацыі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа ў Расеі, Беларусі і Малдове Паскаля Кюты.
Паводле гэтага ліста, гуманітарны груз складаецца з наступных тавараў:
ялавічына тушаная;
рыс;
крупа грачаная;
соль;
цукар-рафінад;
малако згушчанае;
гарбата;
вада бутыляваная;
дзіцячае харчаваньне;
мэдыкамэнты, у якіх не ўтрымліваецца наркатычных і моцнадзеючых рэчываў;
электрастанцыі;
мяшкі спальныя.
«Усяго 12 найменьняў агульнай вагой 1856,3 тоны», — паведамілі ў прэс-службе Кабінэту міністраў.
Атрымальнікам гуманітарнага грузу зьяўляецца місія Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа ва Ўкраіне. Груз будзе перамешчаны прадстаўнікамі МКЧК ва Ўкраіне праз пункт пропуску «Данецк», гаворыцца ў лісьце прадстаўніка камітэту.
Раней у камітэце Чырвонага Крыжа паведамілі, што ўкраінскі і расейскі бакі дасягнулі дамоўленасьці па дастаўцы гуманітарнага грузу. Паводле Паскаля Кюты, галоўная праблема, якая тычыцца далейшага лёсу канвою, заключаецца ў атрыманьні гарантый бясьпекі ад усіх бакоў канфлікту.