Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна зьнішчыла расейскую калёну бронетэхнікі


Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што ўкраінскія сілы зьнішчылі частку расейскай калёны з бронетэхнікай, якая перасекла мяжу.

Прэсавая служба прэзыдэнта паведаміла, што Парашэнка ў тэлефоннай размове 15 жніўня заявіў прэм'ер-міністру Вялікай Брытаніі Дэвіду Кэмэрану, што «значная частка абсталяваньня» была зьнішчаная ўкраінскай артылерыяй.

Раней у штабе антытэрарыстычнай апэрацыі, якая вядзецца ўкраінскай арміяй на ўсходзе краіны, пацьвердзілі, што калёна расейскіх БТРаў і вайсковых грузавікоў перасекла мяжу Ўкраіны праз захоплены сэпаратыстамі ўкраінскі прапускны пункт «Ізварын».

Праходжаньне калёны празь мяжу пацьвердзіла выведка. Паводле яе зьвестак, нумарныя і апазнавальныя знакі на тэхніцы былі расейскімі, – гаворыцца ў паведамленьні. У штабе адзначылі, што калёна нешматлікая, аднак падлічыць дакладную колькасьць бронетэхнікі і грузавікоў выведнікі ня могуць. Паводле папярэдніх зьвестак, у грузавіках былі ўзброеныя салдаты.

У памежным кіраваньні ФСБ Расеі не пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Як заявілі ва ўправе, у зьвязку з рэгулярнымі абстрэламі расейскай тэрыторыі былі створаныя мабільныя групы з складу памежнай службы ФСБ, якія пры зваротах жыхароў з нагоды стральбы неадкладна выкарыстоўваюцца для датрыманьня бясьпекі мяжы і расейскіх грамадзянаў. Пры гэтым мабільныя групы дзейнічаюць выключна на тэрыторыі Расеі, – падкрэсьліваюць у ФСБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG