Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быхаўскія» пакуты ў Гомелі


У Гомелі на рагу вуліц Быхаўскай і Багдана Хмяльніцкага здавён існаваў стацыянарны рынак. Ён так і называўся: Быхаўскі. Сёлета яго закрылі — месца выкупіла камэрцыйная фірма, каб будаваць гандлёвы цэнтар.

Дачнікам, сельгаскаапэратывам, вяскоўцам, якія заўсёды прадавалі на Быхаўскім рынку садавіну, гародніну, разнастайную зеляніну ды шмат яшчэ якія прадукты, загадалі выбірацца на іншыя і без таго перапоўненыя кірмашы. Гэта спарадзіла стыхійны гандаль «зь зямлі» Цяпер такіх гандляроў разганяюць падаткоўцы й міліцыя.

Цераз вуліцу ад апусьцелага Быхаўскага рынку ў лінію выцягнуліся дзясятка паўтара гандляроў памідорамі, кукурузай, яблыкамі й грушамі.

Адна з кабет апавядае: «Няма куды пайсьці, няма. Альбо ў 51 мікрараён на Давыдаўскі рынак цягніся, дзе ўсё забіта, альбо на Цэнтральны — паспрабуй знайсьці месца. Прыйдзіце крыху пазьней, калі будуць хапаць гэтых бабулек. Прыедуць з райвыканкаму, з падатковай — усё й пабачыце. Гэта вельмі кепска зрабілі, вельмі».

У патоку аўтатранспарту паказалася міліцэйская машына, і гандляры насьцярожыліся, ухапіліся за вазкі й валізы:

«Во яны — пад’ехалі. Зараз дадуць нам і прадаць, і ўсё такое».

Трывога гэтым разам аказалася дарэмнай: ехала машына міліцэйскай аховы, якой няма справы да вулічных гандляроў.

Да размовы падключаецца гараджанка Алена — на Быхаўскі рынак яна звычайна хадзіла па таньнейшыя прадукты, а ўлетку прывозіла на продаж то кабачкі, то садавіну:

«На рыначак хадзілі. Які-кольвечы кіляграмчык прадасі, лішняе, зь лецішча — і пойдзеш. Я адна жыву — навошта мне шмат? На лецішчы працую. Што мне рабіць? Куды ісьці? Рынак з сакавіка месяца закрылі, але ніхто нічога тут ня робіць. Неяк распавядалі, што яго зноў адчыняць, але ніхто нічога не адкрывае. Прадалі камусьці. Вось жа вакол жывуць людзі, ва ўсіх сады. Тут было поўна танных яблык, груш. І малачко прадавалі, і рыбу. Мы прыйшлі, купілі — і ніякіх праблемаў. Побач з домам. Цяпер нам зрабілі „добрую“ справу: няма куды пайсьці. Трэба падзякаваць адміністрацыі Савецкага раёну: сядзі цяпер пры дарозе! Зараз яшчэ й паганяюць — падаткоўцы, міліцыя».

Прадстаўніца адміністрацыі Савецкага раёну тлумачыць, што месца, якое займаў Быхаўскі рынак, выкупіла з падачы гарвыканкаму закрытае акцыянэрнае таварыства «Юніфуд», якое вядомае сеткаю сваіх крамаў «Алмі»:

«Участак набыла „Алмі“, ці, правільней назваць, „Юніфуд“. Вядзецца падрыхтоўчая праца — там у іх былі замарочкі з дакумэнтацыяй па землеадводзе на ўзроўні гарвыканкаму. З восені пачнуцца падрыхтоўчыя працы, які будуць тычыцца непасрэдна ўзьвядзеньня самога гандлёвага цэнтру. Ну, прывык народ да рынку, бо ён побач. Я ўсё жыцьцё жыву далёка ад рынку. Трэба — зьезьдзіла. А што рабіць? Прывыкла б, вядома, каб побач быў».

Чыноўніца, аднак, разумее, што Быхаўскаму рынку трэба шукаць нейкай замены, бо, прадаўшы яго, людзям нарабілі шмат турботаў. Да Давыдаўскага рынку — кілямэтры тры, да Цэнтральнага — яшчэ далей:

«У сувязі з тым, што ўсё-ткі нельга на людзей махаць рукою, мы знайшлі новае месца для рынку і будзем ужо там яго ладзіць. Каб ня крыўдзіць ні гандляроў, ні пакупнікоў. Гэта ў 5 мікрараёне».

Гарадзкія ўлады закрываюць таксама і Прывакзальны рынак, дзе вядзецца продаж харчоў, садавіны й гародніны. Участак купіла ўсё тая ж кампанія «Юніфуд».

Тым часам старшыня гарвыканкаму Пётар Кірычэнка распарадзіўся весьці рашучую барацьбу з вулічным гандлем, альбо, як яго называюць, гандлем з асфальту. Гараджане ж, якім на стацыянарных, добра абсталяваных рынках не хапае месцаў, паўсюль прадаюць зь зямлі ня толькі гародніну й садавіну, але й сала, каўбасы ды шмат чаго яшчэ.

А наконт практыкі замены рынкаў гандлёвымі цэнтрамі пэнсіянэрка Валянціна выказваецца гэтак:

«Гэта ўжо ня тое, асабліва для людзей сталага веку. Закрылі — і мы бегаем па горадзе. Я ўжо не магу ногі падняць у тралейбус, каб праехаць. Дый дорага: туды й назад — 7 тысяч. Улада за нас не турбуецца: хадзіце, старыя! Бяры сумкі й соўгайся па горадзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG