Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кукуруза сьвежая, крадзеная: 3 тысячы за кіях


Міністэрства ўнутраных спраў папярэдзіла грамадзянаў, што за крадзеж з палеткаў нават аднаго кіяха кукурузы можна атрымаць штраф паўтара мільёна рублёў. Чаму з палёў як кралі пры савецкай уладзе, гэтак і працягваюць красьці?

Менск, Камароўскі калгасны рынак. У мінулую нядзелю вакол рынку дзясяткі гандляроў прапаноўвалі кукурузу з самаробных латкоў, якімі служылі пустыя скрыні ад гародніны. Гэтыя «латкі» сёньня валяюцца ў кустах, чакаючы, калі ў аўторак гандаль на Камароўцы адновіцца. А вось і сьляды ўчорашняга ўдачнага гандлю — сьметніца перапоўнена кукурузным шалупіньнем. Як кажуць прыбіральнікі рынку, кукурузны сэзон пачаўся з кошту 3 тысяч рублёў за кіях. Летась прадавалі за 2 тысячы. І фактычна ўся кукуруза — крадзеная: на прыватных участках гэту культуру амаль не вырошчваюць. Ці ня тут адказ на пытаньне «Чаму працягваюць красьці?» Але чаму дазваляюць?

Званю ў СПК «Вішнеўка» пад Менскам, на палях якога сёлета ўрадзілася добрая кукуруза. Крадуць? «Так, крадуць», — пацьвердзіла спэцыялістка, але асаблівай заклапочанасьці ня выказала.

Ведаеце, я, прыкладам, адмысловец па жывёлагадоўлі. Мяне хвалююць каровы і хвасты, а больш нічога мяне не хвалюе. Таму, прабачце, гэта не да мяне. Да пабачэньня

«Ведаеце, я, прыкладам, адмысловец па жывёлагадоўлі. Мяне хвалююць каровы і хвасты, а больш нічога мяне не хвалюе. Таму, прабачце, гэта не да мяне. Да пабачэньня»

У прэсавай службе Менскай абласной міліцыі пацьвердзілі, што змаганьне з крадзяжом з палеткаў ідзе, але статыстыкі не прывялі, спаслаўшыся на «дробнасьць» парушэньняў:

«Кукуруза кукурузай. У нас такой статыстыкі ня будзе, бо гэта дробны крадзеж. Нават калі 10 кілё скралі. Невялікія будуць аб’ёмы. Адміністрацыйная адказнасьць. А зь вялікімі аб’ёмамі крадзяжу, як было летась і ўжо сёлета, зерне крадуць».

Між тым МУС адмыслова нагадаў грамадзянам, што за гэтае «дробнае» адміністрацыйнае парушэньне можна атрымаць 1,5 мільёна рублёў штрафу. Праблема, уласьцівая яшчэ Савецкаму Саюзу, дзе масавы крадзеж ураджаю з палёў лічыўся нацыянальнай традыцыяй, якая аб’ядноўвала розныя пакаленьні, засталася і ў сучаснай Беларусі. Чаму? Выкладчык ЭГУ Анатоль Гуляеў згадаў свой досьвед удзелу ў міліцэйскіх рэйдах па калгасных палях

«Мне даводзілася ўдзельнічаць у такіх рэйдах. Поле калгаснай капусты. Чалавек ехаў, спыніўся, пабег у поле і насек тых качаноў. У яго пытаюцца: навошта ты гэта зрабіў? — „Дык гэта ж калгаснае, калгас не абяднее...“ З фэрмэрскіх палеткаў ня цягнуць, бо там жа фэрмэры сьцерагуць сваё. А з калгасных можна, бо „ўсё вакол калгаснае, усё вакол маё“. Гэтая псыхалёгія жывая яшчэ з тых часоў, і, мяркую, яшчэ доўга будзе жыць. Ва ўсякім разе, пакуль будуць калгасы».

З фэрмэрскіх палеткаў ня цягнуць, бо там жа фэрмэры сьцерагуць сваё. А з калгасных можна, бо „ўсё вакол калгаснае, усё вакол маё“

Адну з прычын крадзяжу той жа кукурузы з палёў на продаж грамадзянам падказваюць форумы ў інтэрнэце. Аказваецца, у беларускіх крамах пакупнікам зусім не прапаноўваюць кукурузу ў кіяхах, набыць яе можна толькі з рук на вуліцы. СПК і вялікія гаспадаркі вырошчваюць кукурузу ў асноўным на сілас, каб стварыць вялікі запас кармоў і пракарміць статак, інакш ня выканаеш спушчаны зьверху вялікі плян. Але чаму кукурузу ў кіяхах не прадаюць фэрмэры? Рэдактар газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас кажа, што з прычыны бюракратычных рагатак ім гэта таксама нявыгадна:

«Проста так выйсьці на вуліцу і прадаваць кукурузу нельга. Каб фэрмэру займацца выязным гандлем, яму таксама патрэбны дазвол аддзелу гандлю райвыканкаму. Усё гэта вельмі забюракратызавана».

Як сьведчыць міліцэйская статыстыка, тую ж кукурузу з палёў крадуць ня толькі торбамі, але і аўтамабілямі. У Жыткавіцкім раёне на выезьдзе з кукурузнага поля міліцыя затрымала мікрааўтобус, набіты кукурузнымі кіяхамі. Добраахвотнікі на замову сабралі ўраджай, які зьбіраліся прадаваць расейскім турыстам у Берасьці. Калі гналіся за зламысьнікамі, пачалася страляніна, адзін са злодзеяў быў паранены. Два гады таму ў Ельскім раёне амаль сабралі ўраджай з усяго кукурузнага поля, як былы старшыня, які ехаў побач, засумняваўся і пазваніў свайму дзейнаму калегу. Аказалася, крадзеж кукурузы замовіў жыхар Азэрбайджану, наняўшы дзеля гэтага цэлую брыгаду беларускіх бамжоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG