Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што бліжэйшым часам улады могуць прыняць рашэньне пра падвышэньне заробкаў пэдагогам.
«Думаю, што ўрад бліжэйшым часам прыме адпаведную пастанову», — заявіў Сяргей Маскевіч па выніках сваёй сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Як будуць падвышацца заробкі, міністар не паведаміў. У траўні віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, выступаючы на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, паведаміў, што ў Беларусі налічваецца каля 122 тысяч настаўнікаў, а патрэбна толькі 80 тысяч. Маўляў, калі «мы прыйдзем да гэтай лічбы, то вось вам і вырашэньне праблемы з падвышэньнем заробкаў гэтай катэгорыі бюджэтнікаў».
Каб падвысіць настаўнікам заробкі зь верасьня, паводле Тозіка, зь бюджэту дадаткова будзе выдзелена 600 мільярдаў рублёў. Але, як адзначыў віцэ-прэм’ер, гэтага недастаткова, каб заробкі настаўнікаў і выкладчыкаў адпавядалі плянам ураду.
На пачатку ліпеня прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч паабяцаў, што заробкі настаўнікаў з 1 верасьня вырастуць у сярэднім на 15–18%.
Паводле прэм’ера, сярэдні заробак бюджэтніка да канца году складзе ўсяго каля 80% ад сярэдняга заробку па краіне.