Кіраўнікі дванаццаці рынкаў Менску падпісалі пагадненьне пра бясплатныя гандлёвыя месцы для асобных катэгорыяў грамадзян.
Бясплатна гандлёвыя месцы пэнсіянэрам і інвалідам для рэалізацыі імі да 20 кг сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай на зямельным участку, дадуць на Камароўскім, Чэрвеньскім, Чыжоўскім, Курасоўшчынскім, Кастрычніцкім, Велазаводзкім рынках, а таксама на рынках «Ждановічы», «Малінаўка», «Серабранка», «Сьвелта», «Ракаўскі кірмаш», «Гандлёвыя рады».
Менскія ўлады лічаць, што гэтае рашэньне паспрыяе ліквідацыі стыхійных рынкаў на вуліцах гораду.
Усяго ў Менску 17 рынкаў, на якіх прадаюць сельскагаспадарчую прадукцыю. Пяці астатнім рынкам таксама будзе прапанавана далучыцца да гэтай акцыі, паведамляе БЕЛТА.
Раней управа гандлю Менгарвыканкаму прапанвала на заканадаўчым узроўні замацаваць меру адказнасьці за вулічны гандаль — штраф ад 5 да 10 базавых велічыняў. Пры гэтым тавары, якія рэалізуюцца «незаконным шляхам», прапануецца канфіскоўваць.
У Менску існуе каля 20 пунктаў вулічнага гандлю, сярод якіх стыхійны рынак каля станцыі мэтро «Каменная горка».