Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вымусяць шукаць альтэрнатыву расейскай нафце — экспэрт


Транзыт расейскай нафты праз тэрыторыю Беларусі сёлета складзе 61–62 мільёны тон.

Пра гэта сёньня паведаміў генэральны дырэктар «Гомельтранснафта Дружба» Сяргей Сасноўскі, — перадае агенцтва Інтэрфакс-Захад.

Сасноўскі сказаў, што сёлета прагназуецца павялічыць транспартаваньне нафты празь Беларусь на 1,3–1,5 мільёна тон параўнальна з 2013 годам. А ў наступным годзе чакаецца, што гэтая лічба захаваецца.

«Беларусь ведала нашмат лепшыя часы, калі праз нашу тэрыторыю транзытам ішло 80 і нават 100 мільёнаў тон расейскай нафты, — адзначае аналітык Тацяна Манёнак. — Такое было яшчэ 5–6 гадоў таму.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

Чаму сытуацыя зьмянілася? Справа ў тым, што Расея ўзяла курс на тое, каб транспартаваць свае энэрганосьбіты, абмінаючы краіны-транзытэры, у тым ліку і Беларусь. Зьявіўся БТС-1, пасьля БТС-2. З-за гэтага транзыт нафты празь Беларусь зьніжаецца.

Празь Беларусь праходзяць дзьве нафтавыя трубы «Дружбы». Адна — гомельская, другая — там, дзе «Нафтан». Але, пачынаючы з 2006 году, калі Расея спыніла пастаўкі нафты спачатку Літве, а пасьля і Латвіі, наваполацкая труба фактычна не працуе.

Гомельскую трубу можна загружаць і болей, калі б у нас былі праекты транспартаваньня ня толькі расейкай нафты ў Эўропу. Напрыклад, па ёй сьмела можна запускаць касьпійскую нафту. Але такога праекту дагэтуль няма. Тэхнічныя ж магчымасьці гомельскай «Дружбы» дазваляюць значна нарасьціць аб’ёмы транспартаваньня.

Чаму Беларусь не шукае новых партнэраў? Таму што нам выгадна працаваць з расейскай нафтай. У 2010 годзе, калі адносіны з Масквой пагоршыліся, мы спрабавалі новыя праекты з вэнэсуэльскай і азэрбайджанскай нафтай. Аднак яны не далі эканамічнага эфэкту.

Як будзе далей? Расейскія СМІ пішуць, што нібыта Расея прыняла рашэньне аб зьмяненьні падатковай палітыкі ў нафтавай сфэры. Чакаецца, што Масква неўзабаве адмовіцца ад мыта на нафтапрадукты ў межах Эўразійскага саюзу. Але адначасова мяркуецца значна падвысіць падатак на здабычу карысных выкапняў. А гэта азначае, што нафта стане даволі дарагой і на гэтым рынку. У пэрспэктыве яе кошты будуць імкнуцца да ўсясьветных.

Ведаю, што гэта вельмі непакоіць беларускіх нафтавікоў. І яны ўжо пачалі адпаведныя перамовы са сваімі расейскім калегамі. Экспэрты лічаць, што такі паварот у падатковай палітыцы прывядзе да рэзкага зьніжэньня эфэктыўнасьці працы беларускіх НПЗ. І калі прызначалі новага старшыню беларускага «Нафтахіма», кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Кабякоў папярэджваў: трэба сачыць за расейскай падатковай палітыкай і рабіць адпаведныя захады.

У любым выпадку, мяркую, беларускім нафтавікам трэба шукаць альтэрнатыву. У тым жа 2010 годзе распрацоўвалі варыянты пастаўкі нафты ў паўночную трубу «Дружбы» з партоў Балтыі. Але тады разьлікі паказвалі — гэта вельмі дарагі праект. У сёньняшняй беларускай сытуацыі ён будзе яшчэ даражэйшы.

А тут яшчэ і палітычны чыньнік зьяўляецца. Толькі-толькі паразмаўлялі прэзыдэнты Лукашэнка і Парашэнка наконт паставак беларускіх нафтапрадуктаў ва Ўкраіну, як у Дзярждуме дэпутат прапанаваў спыніць пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь. Відавочна, што ў Расеі энэрганосьбіты скарыстоўваюць як від зброі ў дачыненьні нават да таго, хто трошкі інакш думае.

Але мне невядома, ці ведае той дэпутат, што на беларускіх прадпрыемствах перапрацоўваюць да 50% нафты, якая належыць расейскім кампаніям. А гэта азначае, што і яны панясуць немалыя страты.

І гэта таксама выснова, каб думаць пра альтэрнатыву ў пэрспэктыве. Бо калі ёсьць альтэрнатыва, заўжды лягчэй праводзіць сваю палітыку".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG