Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над «ЛеГранд» — пагроза банкруцтва


Абутак, іл.страцыйнае фота
Абутак, іл.страцыйнае фота

У дачыненьні да найстарэйшага ў Беларусі замежнага прадпрыемства па вытворчасьці абутку «ЛеГранд» распачалася працэдура банкруцтва. Прычым у Эканамічны суд на абутковае прадпрыемства падалі не крэдыторы, а падатковыя органы і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Брытанскае прадпрыемства «ЛеГранд» працуе ў Беларусі 18 гадоў. Ягоная прадукцыя — мадэльны жаночы абутак — прысутнічае на рынках Беларусі, Расеі, Прыбалтыкі. У штаце прадпрыемства — 390 чалавек.

Фінансавыя праблемы ў «ЛеГранда» пачаліся яшчэ ў 2009 годзе, калі фірма мусіла адказваць у судзе па мностве пазоваў крэдытораў. Ужо тады Гаспадарчы суд Менску настойваў, што прадпрыемству патрабуецца фінансавае аздараўленьне.

У 2012 годзе, калі прадпрыемства пачало сур’ёзна нарошчваць аб’ёмы вытворчасьці, яно выйшла са складу канцэрну «Беллегпрам». За часовым пад’ёмам зноў адбыўся спад, вырасьлі складзкія запасы. Пачаліся затрымкі ня толькі па абавязаньнях перад крэдыторамі, але і з выплатай заробку.

І вось 17 ліпеня ў Эканамічным судзе адкрылася конкурсная вытворчасьць у дачыненьні да «ЛеГранду», пацьвердзіла загадчыца аддзелу суду Алена Якіменка:

«Гэта справа аб эканамічнай няздатнасьці альбо банкруцтве. Але можа быць санацыя. То бок гэта часовая мера. А потым пытаньне будзе вырашацца ў судзе».

На прадпрыемстве прызначаны конкурсны кіраўнік, якім стала Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Юрыдычная група „Советник“». Дырэктар «Советника» Ігар Ашуркевіч пакуль ня стаў камэнтаваць сытуацыю зь «ЛеГрандам».

«Я толькі пачынаю знаёміцца, спрабую разабрацца ў справах. Цяпер нічога не магу пракамэнтаваць. Праз пару месяцаў толькі».

А ідзе не працэдура банкруцтва, а працэдура аднаўленьня. Санацыя

Усе працаўнікі «ЛеГранду» сышлі ў адпачынак. Вытворчасьць часова спыненая. Гэта звычайная практыка — летам на месяц на многіх прадпрыемствах лёгкай прамысловасьці спыняецца вытворчасьць, ідзе рамонт у цэхах. Ні з дырэктарам прадпрыемства, ні з галоўным інжынэрам зьвязацца не ўдалося — час адпачынкаў.

Паколькі са складу канцэрну «Беллегпрам» «ЛеГранд» выйшаў у 2012 годзе, камэнтаваць праблемы, якія могуць быць у прадпрыемства, начальнік упраўленьня каардынацыі разьвіцьця гарбарна-абутковай галіны Аляксандар Кацюшка ня стаў, заўважыўшы:

«Адно, што ведаю — у суд на іх падавала Міністэрства па падатках і зборах і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. То бок гэта не крэдыторы, якія пастаўляюць сыравіну, матэрыялы, а дзяржаўныя арганізацыі падавалі».

Цяпер на «ЛеГрандзе» працуе толькі камэрцыйны аддзел, паведаміла ягоная супрацоўніца Кацярына. Яна пераконвае, што цяжкасьці ў прадпрыемства часовыя:

«Мы працуем. Вось толькі што новую мадэль пантофляў выпусьцілі, чаравікі новыя зьбіраемся выпускаць. Людзі зараз пайшлі ў адпачынак, я маю на ўвазе вытворчасьць. Перад адпачынкам выпусьцілі туфлікі восеньскія, закрытыя, рознакаляровыя, і пайшлі ў адпачынак. А ідзе не працэдура банкруцтва, а працэдура аднаўленьня. Санацыя».

Якія шанцы ёсьць у «ЛеГранда», каб выйсьці са складанага становішча? Ці здолее прадпрыемства выплаціць тое, што завінавацілася па падатках і ў Фонд сацыяльнай абароны?

Прадстаўнік канцэрну «Беллегпрам» Аляксандар Кацюшка выказаў такое меркаваньне:

«Улічваючы, што гэта прыватны замежны капітал, калі зь іхняга боку будзе зацікаўленасьць, то, думаю, яны захаваюць і вытворчасьць, і знойдуць выйсьце. А на сёньняшні дзень усе прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрн і якія не ўваходзяць, знаходзяцца ў аднолькавай эканамічнай сытуацыі. На жаль, усе мы жывем з крэдытамі, а працэнты па крэдытах вельмі высокія».

Першы сход крэдытораў «ЛеГранду» прызначаны на 13 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG