Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшаўскае паўстаньне. Як гэта было 75 гадоў таму


Захоплены паўстанцамі нямецкі БТР, 14 жніўня 1944.
Захоплены паўстанцамі нямецкі БТР, 14 жніўня 1944.

У Польшчы сёньня адзначаюць 75-ю гадавіну Варшаўскага паўстаньня — самага масавага паўстаньня на акупаваных гітлераўцамі тэрыторыях, якое працягвалася 63 дні.

Пытаньне аб тым, ці варта было пачынаць паўстаньне, у выніку якога загінулі каля 200 тысяч чалавек, да гэтага часу застаецца ў Польшчы актуальным.

У 1944 годзе, пасьля пяці гадоў гітлераўскай акупацыі, было прынята рашэньне ўзьняць паўстаньне ў Варшаве, каб прыход у сталіцу Чырвонай арміі сустрэла ўжо польская адміністрацыя. Да паўстаньня ўзмоцнена заклікалі таксама і савецкія ўлады пры дапамозе польскамоўнай радыёстанцыі, якая перадавала з Масквы.

Аднак, дайшоўшы да Віслы, якая падзяляе Варшаву на дзьве часткі, Чырвоная армія спынілася і не фарсавала раку, што дало магчымасьць гітлераўцам крывава расправіцца з паўстанцамі, а затым не сьпяшаючыся, практычна цалкам разбурыць левабярэжную Варшаву. Практычна ўсе жыхары сталіцы былі вывезены на працы ў Нямеччыну і ў лягеры — па падліках навукоўцаў, у Варшаве пасьля паўстаньня засталося ня больш за тысячу чалавек.

У часы сацыялістычнай Польскай народнай рэспублікі праўда пра варшаўскае паўстаньне замоўчвалася, толькі пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе гадавіну яго пачалі адзначаць на дзяржаўным узроўні.

«Тыя, хто выжыў, прайшоў праз капітуляцыю, палон і лягеры — яны ведаюць, што гэта значыць страціць свабоду, няма нічога горшага за гэта, — казаў 5 гадоў таму, на 70-ю гадавіну паўстаньня старшыня аб’яднаньня вэтэранаў варшаўскага паўстаньня генэрал Зьбігнеў Сьцібар-Рыльскі. — Але мы змагаліся, і свабоду атрымалася заваяваць коштам многіх бітваў і мора крыві. Дарагія мае, я так расчулены, што мне не хапае слоў, каб выказаць свае пачуцьці. Хіба, пакідаючы разбураную Варшаву, мы маглі спадзявацца на тое, што яна будзе адноўлена? А яе аднавілі, і гэта цуд! Калі я з Кургана паўстанцаў гляджу на асьветленую агнямі ілюмінацыі Варшаву, сэрца маё радасна б’ецца, бо, нягледзячы на паразу паўстаньня, мы ўсё ж перамаглі».

У 2014 годзе ў Польшчы быў зьняты фільм «Варшаўскае паўстаньне», аўтары якога размалявалі чорна-белыя кадры, зьнятыя ў 1944 годзе, агучылі іх, склеіўшы асобныя фрагмэнты такім чынам, каб з гэтага выйшла гісторыя двух маладых апэратараў, якія здымалі хроніку.

Вось што казалі паўстанцы Варшавы, якія тады паглядзелі фільм:

«Цяжка ўявіць сабе, як з хронікі нямога кіно, з розных фрагмэнтаў, атрымалася зрабіць фільм мастацкі, ды яшчэ і каляровы! Гэта вялікае мастацтва. Я адразу ўспомніў, як падчас паўстаньня я атрымаў шапку, якая была занадта вялікая для маёй галавы — галавы падлетка. Але самае страшнае, што на ёй не было значка з польскім арлом. Я доўга шукаў яго, не атрымлівалася ніяк, але потым знайшоў гузік ад афіцэрскага шыняля — якраз з арлом — і гэта быў мой адзіны знак адрозьненьня».

«Самае важнае, што ў фільме выдатна паказана цывільнае насельніцтва. Бо пра паўстанцаў кажуць часта і шмат, а пра насельніцтва, якое было галоўным героем паўстаньня — значна менш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG