Шмат для каго з прыватных прадпрымальнікаў патрабаваньне мець на прывезеныя з Расеі тавары сэртыфікаты якасьці, якое толькі што пачало дзейнічаць, азначае банкруцтва. Асабліва цяжкімі могуць быць наступствы гэтага для жыхароў невялікіх гарадоў. Знайсьці іншы занятак у райцэнтры дужа цяжка. Калі ў вялікіх гарадах прадпрымальнікі ўсё ж наважваюцца на акцыі пратэсту, то ў іхных калегаў з глыбінкі абурэньне не выходзіць за межы гандлёвых павільёнаў. Якой бачыцца будучыня прыватнага гандлю ў памежных з Расеяй Клімавічах? На пытаньне адказваюць прадпрымальнікі і пакупнікі іхных тавараў.
У райцэнтры зь пятнаццацітысячным насельніцтвам буйных гандлёвых дамоў няма. Невялікія раскіданыя ў цэнтральнай частцы гораду. Пакупнікоў у павільёнах няшмат. Настрой у гандляроў таварамі лёгкай прамысловасьці пануры. Адзеньне яны возяць пераважна з блізкай Расеі. Да мяжы — тры дзясяткі кілямэтраў. Думкі пра абавязковую сэртыфікацыю тавару ў прадпрымальнікаў розныя, але супадаюць у адным: іхны бізнэс — на мяжы банкруцтва.
«Можа, улада хоча такім чынам узьняць беларускія прадпрыемствы. А яшчэ каб не вывозілася і валюта. Альбо наагул хочуць нас як кляс прадпрымальнікаў зьнішчыць — як канкурэнтаў зьнішчыць. Гэта ўсё адаб’ецца на пакупніках. Раней яны маглі купіць і таньнейшы, і даражэйшы тавар. Цяпер жа выбару ў іх ня будзе», — мяркуе адна з клімавіцкіх прадпрымальніц.
Гэта ўсё адаб’ецца на пакупніках. Раней яны маглі купіць і таньнейшы, і даражэйшы тавар. Цяпер жа выбару ў іх ня будзе
Суразмоўніца спрабуе гандляваць беларускімі таварамі, каб захаваць бізнэс. Прызнаецца, што іншага выйсьця ня бачыць. Але пахваліцца ёй пакуль няма чым. Пра пэрспэктывы кажа: «Зразумела, выручка ад гандлю беларускім зьнізіцца. Калі мы будзем закупляць беларускі тавар, то цана, вядома ж, вырасьце. І асартымэнт зьнізіцца. Вось у асартымэнце ў нас джынсы ёсьць, — даводзіць бізнэсоўка, — а беларускія вытворцы джынсавага адзеньня не выпускаюць. Я наагул ня ведаю такіх беларускіх фірмаў, адны толькі тыя, якія вырабляюць наш беларускі тэкстыль — сукенкі, спадніцы, пінжакі, нагавіцы».
Атрымаць неабходную дакумэнтацыю на тавары ў Расеі цяжка, дый дорага, кажуць клімавіцкія гандляры. Некаторыя не хаваюць, што паволі будуць згортваць бізнэс, калі ня знойдуць іншых кірункаў для яго разьвіцьця. Адзін з такіх заўважае:
«Улады хочуць, каб „чорныя грошы“, якія мы не паказваем, будзем шчырымі, — гэтыя „чорныя грошы“ вывесьці вонкі, каб з гэтага нешта займець, бо сэртыфікаты ж грошы каштуюць. Але я так думаю, што гэта толькі пагоршыць сытуацыю. Падаражэе тавар ад 20 да 70 працэнтаў адразу. Але ж самая галоўная праблема для нас усіх — гэта жабрацкае насельніцтва. І я пэрспэктываў паляпшэньня сытуацыі ня бачу».
Ёсьць сярод клімавіцкіх прадпрымальнікаў і такія, хто лічыць патрабаваньне мець дакумэнты аб сэртыфікацыі тавару добрай задумай. На іхную думку, пакупнік будзе ўпэўнены, што набывае якасны тавар:
«Выбачайце, вось на рынках кітайскія падробкі — дык гэта што, тавар? Няхай у нас тавар будзе і даражэйшы, але якасьць будзе адпавядаць. Ёсьць жа такая прымаўка: «Я не настолькі багаты, каб купляць танныя рэчы», — тлумачыць сваю пазыцыю адна з такіх гандлярак.
Выбачайце, вось на рынках кітайскія падробкі — дык гэта што, тавар?
«Вось мы пэнсіянэркі, — разважае суразмоўніца, — калі разумна траціць нашу пэнсію, то яна прыстойная — два мільёны чатырыста тысяч. Мы цалкам нармальна можам існаваць на яе».
Наведнікі гандлёвых павільёнаў прызнаюцца, што не гатовыя набываць толькі беларускае. Выбару няма, ды яно й дарагое, тлумачаць жыхары Клімавічаў:
«Хацелася б ня толькі беларускага. У нас жа няма столькі беларускага тавару, які нам патрабуецца. Лепей было б, каб быў і беларускі, і маглі людзі набываць тое, што таньней. Зь вёсак прыяжджаюць у Клімавічы і хочуць купляць таньнейшае. А вось беларускі тавар не заўсёды таньнейшы», — даводзіць адна з пакупніц.
Як і па ўсёй Беларусі, у Клімавічах бацькі рыхтуюць дзяцей да школы. Вялікіх школьных кірмашоў у райцэнтры ня будзе. Адна з пакупніц наведалася да прыватных гандляроў нагледзець школьную форму. Яна доўга разглядала тавар. На пытаньне, якое б адзеньне яна лепш выбрала свайму першаклясьніку, адзначыла:
Выгадней набываць не беларускае, бо яно таньнейшае. Да таго ж, наша беларускае — аднатыпнае
«Выгадней набываць не беларускае, бо яно таньнейшае. Да таго ж, наша беларускае — аднатыпнае. У прывазным тавары выбару болей. Няхай там і якасьць ня дужа добрая, але яго можна купіць таньней і больш».
На думку суразмоўніцы, сэртыфікацыю задумалі, каб прывучыць беларусаў насіць беларускае:
«Наша беларускае мала купляецца, таму і папрасілі зрабіць сэртыфікацыю. А бальшыня ж людзей носіць прывазное і тое, што таньнейшае».
Некаторыя пакупнікі ўсё ж ня трацяць спадзеву, што некалі надыдзе час, калі беларускае адзеньне стане больш разнастайным і недарагім.
«Вось як пачнуць усе зачыняцца, — кажа адна з такіх пакупніц, — і асартымэнт тавару тады стане шырэйшы. Тады будзем хадзіць і купляць толькі беларускае».
Суразмоўніца, аднак, не ўдакладніла, калі чаканае ёю стане рэальнасьцю.