Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі згортваюць бізнэс


Няпэўнасьць і роспач пануе на рынках Гомеля перад 1 жніўня, датай, ад якой беларускія ўлады забараняюць індывідуальным прадпрымальнікам прадаваць тавар без пакета дакумэнтаў пра іх паходжаньне, якасьць, перамяшчэньне. Многія гандляры скарачаюць гандаль альбо наагул закрываюцца.

У прадпрымальніцы Алены з мужам — сямейны бізнэс у гандлёвым цэнтры «Сакрэт». Ад аднаго арандаванага шапіка сям’я ўжо адмовілася:


«Першая прычына — гэта заканадаўчыя акты, якія не даюць нам працаваць у поўную сілу. Патрэбны на тавар пакет дакумэнтаў, які я не магу мець. Скараціла адну кропку — зь дзьвюх цяпер адна засталася. Будзем гандляваць рэштай тавараў. Калі я знайду такіх пастаўшчыкоў, каб вазіць ад іх дакумэнты, то будзем далей працаваць. Не знайду — давядзецца нам з мужам канчаткова закрыцца. Нам па пяцьдзясят гадоў, і я ня ведаю, што мы будзем рабіць. Рэальна ня будзе на што жыць».


Самастойна завозіць тавар, напрыклад, з Турцыі ці Польшчы не выпадае, бо падвышаюцца транспартныя выдаткі. І мыта заплаці, і зноў жа патрэбны сэртыфікаты якасьці. Усё гэта аўтаматычна падвышае цэны на тавары:


«Для нашага пакупніка гэта будзе надзвычай дорага. Да таго ж мы жывём не ў закрытай краіне — у Чарнігаў людзі могуць паехаць, у Расею ў Смаленскую вобласьць, у Польшчу, у Вільню. Будуць шукаць, замаўляць тавары праз інтэрнэт. Я цяпер адчуваю безвыходнасьць, як і многія прадпрымальнікі. Проста безвыходнасьць».


Кіраўніца рады прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру Натальля Дасько кажа, што новыя патрабаваньні ўладаў да прадпрымальнікаў у зьвязку з падпісаным Беларусьсю пагадненьнем аб Мытным саюзе з Расеяй і Казахстанам прывялі да масавага сыходу людзей з малога бізнэсу:


«Паглядзіце вось на наш гандлёвы цэнтар „Сакрэт“. Адсоткаў трыццаць прадпрымальнікаў сышлі адсюль — зь першага ліпеня і зь першага жніўня сыходзяць. Сышлі ў нікуды. У каго было дзьве кропкі, той пакінуў адну. Некаторыя закрыліся наагул. Мы з нашым прафсаюзам „Садружнасьць“ у Мытны саюз, у Міністэрства эканомікі пісалі — ніякіх вынікаў».


Уладныя кіраўнікі, у прыватнасьці віцэ-прэм’ер Пракаповіч, пераконвалі беларусаў, і прадпрымальнікаў у тым ліку, што ў краіне будуць стварацца аптовыя склады, каб дробныя прадпрымальнікі мелі магчымасьць закупляць тавары ў межах краіны.

Спадарыня Натальля, якая гандлюе жаночым абуткам, пабывала на такім складзе ў Менску:

«У мяне абутак. Я езьдзіла на аптовую выставу абутку ў Менск. Вялікая выстава была. Прапаноўвалі абутак польскіх фабрык ды некаторых іншых. Тое, што прапаноўвалася — там кошты аптовыя такія, як у нашых прадпрымальнікаў розьнічныя. Прадукцыю па коштах, якія прапануюць цяпер аптавікі, прадаць сёньня немагчыма».

Прадпрымальнік Павал лічыць, што ў сваім імкненьні кантраляваць ды абмяжоўваць індывідуальных прадпрымальнікаў улады даходзяць да абсурду:


«Кожны дзень, каб прывезьці тавар свой на працоўнае месца, трэба выпісваць таварна-транспартную накладную. Пазначаць стрэлачкай: туды і назад. Пішаш сам на свой тавар накладную. Якая таварна-транспартная, калі працоўнае месца, тавар і камэра захоўваньня — на тэрыторыі рынку? Не разумею гэтага. Гэта супярэчыць здароваму сэнсу. Гэта абсурд! Хто пісаў такія законы і зь якой адукацыяй? Гэта не паддаецца здароваму сэнсу».


Гомельскія падаткоўцы, каб прыняць у прадпрымальнікаў вопісы рэшткаў тавараў, падоўжылі ў гэтыя апошнія ліпеньскія дні свой працоўны дзень на паўтары гадзіны — да 20:00.

Але шмат хто зь мясцовых прадпрымальнікаў ня прыйдзе ў падатковую інспэкцыю са сваім вопісам тавараў ні ў асноўны, ні ў дадатковы час. А той, хто ідзе, нясе гэты вопіс як прысуд уласнаму прадпрымальніцтву. Прынамсі, так лічыць прадпрымальніца са стажам з Цэнтральнага рынку, якая не схацела афішаваць сваё імя:


«Падпісалі сабе вырак, можна сказаць. Як працаваць на рэшце тавараў — як сплачваць падаткі, плаціць за месца? Ня ведаю, як мы будзем выжываць. Колькі тут нам засталося? Месяц ці два пратрымаемся — і ўсё».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG