Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Россия 24: «Украінскія» перамовы пройдуць у «Заслаўі»


Заслаўе
Заслаўе

Паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне пройдзе сёньня пад Менскам у рэзыдэнцыі «Заслаўе», паведаміў тэлеканал «Россия-24».

Цікава, што карэспандэнтка, якая выйшла ў эфір зь Менску, паведаміла, што ў свой час у гэтай рэзыдэнцыі спыняўся лібійскі лідэр Муамар Кадафі.

Між тым для беларусаў урадавая рэзыдэнцыя «Заслаўе» зьвязаная найперш зь імем зусім іншага палітыка — былога прэзыдэнта Францыі Жоржа Пампіду. Калі той прыляцеў у СССР зь неафіцыйным візытам, то месцам ягоных перамоваў з Генэральным сакратаром ЦК КПСС Леанідам Брэжневым стала рэзыдэнцыя «Заслаўе» на беразе Менскага мора. Яе пабудавалі спэцыяльна пад гэтую сустрэчу, якая адбылася 11 студзеня 1973 году.

З таго часу ў «Заслаўі» было шмат ганаровых гасьцей. Сярод іх — Барыс Ельцын, Уладзімер Пуцін, Махмуд Ахмадзінэджад, Муамар Кадафі, Нурсултан Назарбаеў, Ільхам Аліеў...

Паводле крыніцаў Свабоды, перамовы ў «Заслаўі» могуць пачацца сёньня бліжэй да вечара. У амбасадзе Ўкраіны Свабодзе сказалі, што інфармацыя пра перамовы будзе каардынавацца і перадавацца журналістам праз прэсавую службу МЗС Беларусі.

Плянуецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў і прадстаўнік АБСЭ.

Расея ўхваліла гатоўнасьць Беларусі правесьці ў Менску кансультацыі па ўкраінскім крызісе. Пра гэта 30 ліпеня ў сталіцы Таджыкістану Душанбэ заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

29 ліпеня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся зрабіць Менск пляцоўкай для перамоваў па вырашэньні ўкраінскага крызісу. Як паведаміла прэс-служба беларускага прэзыдэнта, з такой прапановай да кіраўніка Беларусі зьвярнуўся праз тэлефон прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG