Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка-«пляцоўка»


Парашэнка запрапанаваў, каб Беларусь была пляцоўкай у перамовах з Расеяй. Наступствы гэтай навіны для Беларусі могуць быць надзвычай важнымі.

Увечары 29 ліпеня БЕЛТА паведаміла сэнсацыйную навіну: прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка патэлефанаваў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку і прапанаваў даць магчымасьць выкарыстаць беларускую тэрыторыю для перамоваў наконт крызісу ва Ўкраіне. Праўда, украінскія крыніцы маштаб навіны крыху скарэктавалі: Парашэнка папрасіў беларускага лідэра спрыяць канкрэтнаму раўнду перамоваў па важных, але да пэўнай ступені тэхнічных пытаньнях — аб вызваленьні палонных і доступе да месца катастрофы малайзійскага «Боінга».

Але нават з такім удакладненьнем навіна — надзвычай важная. І наступствы яе для Беларусі таксама будуць надзвычай важнымі.

Шмат хто з назіральнікаў небеспадстаўна заўважаў, што ў прынцыповых рэчах Менск ва ўкраінскім крызісе збольшага ідзе ў расейскім фарватэры, а пэўныя рытарычныя асаблівасьці, адрозьненьні заяваў беларускага лідэра ад расейскай рыторыкі ня маюць вялікага значэньня. Гэта і сапраўды так. З пункту гледжаньня вечнасьці, скажам. Ці з пункту гледжаньня інтарэсаў беларускай дэмакратыі. Але гэта аказалася ня так з пункту гледжаньня легітымнай украінскай улады. Краіне, якая адчайна змагаецца за сваё фізычнае выжываньне, не да вечнасьці і нават не да суседзкай дэмакратыі.

Прапанова інтрыгуе паводле формы. Былы прэзыдэнт Украіны, прадстаўнік АБСЭ і расейскі пасол маглі б сустрэцца і на ўкраінскай зямлі, што яны неаднаразова і рабілі раней. Але раней — не цяпер. Пасьля пагрому ў расейскім пасольстве, пасьля санкцыйнага контранаступу Эўропы, відаць, Украіна — ня тое месца, дзе расейскі пасол можа весьці перамовы. А Расея — ня тое, куды могуць паехаць Кучма і прадстаўнік АБСЭ.

І пазыцыя афіцыйнага Менску аказалася дакладна такой, якая робіць яго месцам, куды гэтыя тры чалавекі могуць паехаць, не губляючы твар.

Дарэчы, цікава, што быць пляцоўкай перамоваў не прапанавалі Астане. Назарбаеў — саюзьнік Расеі ня горшы за Лукашэнку, але яму пры гэтым тэлефануюць заходнія лідэры. Лукашэнку — не. А можа таму ён і аказаўся аптымальным калі не пасярэднікам, то «пляцоўкай»?

Хаця можна ўбачыць нейкую заканамернасьць. Папярэднік Парашэнкі, выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў падчас свайго кіраваньня дзіўным чынам сустрэўся з адзіным лідэрам краінаў Мытнага зьвязу, калі не ўсяго СНД — з Лукашэнкам.

Палітычная блізкасьць Менску да Масквы разам з наяўнасьцю пэўнай дыстанцыі ад яе робіць яго аптымальнай пляцоўкай для перамоваў. Можна прыгадаць, што Менск у якасьці месца перамоваў называлі і данбаскія сэпаратысты.

Бонусы ад Эўропы

Вынік перамоваў прадказаць складана. Прасьцей — наступствы самога факту перамоваў у Менску для Беларусі. Ёй безумоўна будуць удзячныя за гэта і Кіеў, і Эўразьвяз. Гэтыя перамовы выглядаюць дадатковым складнікам да працэсу збліжэньня паміж Беларусьсю і ЭЗ, які апошнім часам і сам па сабе ідзе поўным ходам, сьведчаньне чаму — нядаўні візыт кіраўніка МЗС Літвы ў Менск.

Відавочна, што Эўразьвяз прымаў жорсткія санкцыі супраць Расеі зь цяжкім сэрцам. Гэта і рэальныя эканамічныя страты, і няпэўнасьць наступстваў, і гістарычная памяць. Як адзначыў баўгарскі палітоляг Іван Красьцеў, калі б сёлетнія падзеі ва Ўкраіне здарыліся не ў 2014, а ў 2038 годзе, можа ўжо і ваявалі б. Але да эўрапейскага канфлікту кантынэнт мімаволі набліжаецца.

І калі маленькая Беларусь, кіраваная дыктатарам, стане хаця б пляцоўкай, на якой гэты рух будзе хаця б прыпынены — ну ўдзячная будзе Эўропа, хто б што ні казаў і якім бы важным ні было пытаньне палітвязьняў.

Вырашыцца яно можа па-рознаму, Лукашэнка можа і вызваліць усіх на максымуме бонусаў, як гэта зрабіў у 2008 годзе. А можа і Эўропа заплюшчыць вочы, бо на коне — геапалітычны расклад у рэгіёне і жыцьці тысячаў, калі не мільёнаў людзей. Вайна задае зусім іншы фармат ацэнак.

Калі Парашэнку, абраньніку праэўрапейскай рэвалюцыі і ўвасабленьню эўрапейскага выбару ўкраінскага народу нішто не замінае зьвярнуцца да дыктатара, то чаму нешта перашкаджае самой Эўропе паразумецца з тым дыктатарам?

Даброты ад Масквы

Ня выключана, што ў Маскве гэты варыянт у прынцыпе прадбачылі. Бо з аднаго боку, калі да Беларусі варожы Расеі бок (прынамсі, ва ўяўленьні Масквы), так бы мовіць, «главарь хунты карнікаў» зьвяртаецца як да пасярэдніка, то які Беларусь Расеі саюзьнік? Але гэта — больш для жарсных завываньняў спадара Кісялёва і яго падначаленых. Зь іншага боку, можна прыгадаць заявы пасла Расеі Аляксандра Сурыкава, які неаднаразова казаў, што Масква з разуменьнем ставіцца да таго, што пазыцыя Менску адрозьніваецца ад расейскай. Можа, у гэтым была і пэўная прагматыка — мець тую самую пляцоўку на самы крайні выпадак, пляцоўку ня тое, што нэўтральную, але не Разань усё ж такі.

Так што Менск за «пляцоўку» можа атрымаць нейкія даброты і ад Масквы таксама.

Беларускую дэмакратыю шкада. Хочацца пажадаць наступнікам Лукашэнкі гуляць гэтак жа ўдала. Ну а нам усім, жыхарам нашага кантынэнту, каб тыя перамовы ў дыктатарскім Менску хоць крыху спрыялі міру ў братняй Украіне і перашкодзілі спаўзаньню Эўропы ў татальны канфлікт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG