Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ дайшлі да «трэцяга ўзроўню» санкцый супраць Расеі


Брусэль: Махавік санкцый ЭЗ супраць Расеі і датычных да яе агрэсіўнай палітыкі дзеячаў, набірае абароты. У аўторак паслы краін садружнасьці на нарадзе ў Брусэлі разгледзяць ужо трэцюю фазу абмежаваньняў, накіраваных супраць расейскай эканомікі і фінансаў.

Пераход ад паступовых пэрсанальных санкцый да адчувальных для галін расейскай эканомікі канкрэтных абмежаваньняў можа адбыцца ўжо на гэтым тыдні: пастаянныя прадстаўнікі дзяржаў ЭЗ пры эўрапейскіх установах цяпер аналізуюць «трэці пакет» абмежаваньняў. Між іншым, плянуецца забараніць доступ Расеі да эўрапейскага рынку капіталаў, спыніць экспарт тавараў, якія могуць мець ваеннае прымяненьне, а таксама больш не перадаваць расейцам найноўшых тэхналёгій, у прыватнасьці, у сфэры энэргетыкі.

Жан-Сільвэстр Мангранье, палітычны аналітык францускага Інстытуту Томаса Мора, камэнтуючы магчымасьць санкцый супраць расейскай эканомікі з боку ЭЗ, кажа, што «прыйшоў час перайсьці ад імітацыі да цяперашняга абкладаньня санкцыямі Масквы, якая ўзялася разбураць эўрапейскую геапалітычную сыстэму». Кіраўнік Крамля задаўся мэтай зрабіць своеасаблівую расейскую рэвізію цяперашняга стану рэчаў у геапалітыцы кантынэнта.

«Падобна, што мы пераходзім — паступова, па-эўрапейску — да санкцый, якія, у прыватнасьці, будуць тычыцца тэхналёгій падвойнага выкарыстаньня, уключаючы вайсковыя, — кажа эксперт. — Гэта ўжо першыя эскізы эмбарга на ўзбраеньне. Хоць, я ня ўпэўнены, што гэтая забарона будзе накладзены ўжо ў наступныя дні. Аднак, у ЭЗ ужо зьявілася лёгіка суровых санкцый».

На думку Мангранье, Эўразьвяз «дагэтуль рухаўся наперад адначасова адыходзячы». Хоць сусьветная супольнасьць зразумела, што прыхаваная вайна, разгорнутая Расеяй супраць Украіны, пасьля зьбіцьця авіяляйнэра ва ўкраінскім небе перайшла ў ранг небясьпекі міжнароднай, — кажа палітоляг.

«Санкцыі рэдка дасягаюць пастаўленай мэты» — Лаўроў

Між тым у Крамлі заяўляюць, што санкцыямі аб’яднаная Эўропа і ЗША мэты не дасягнуць.

«Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін шмат разоў паўтараў, што санкцыі рэдка дасягаюць пастаўленай мэты, — кажа міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. — У выпадку Расеі яны ня змогуць дасягнуць сваёй мэты па вызначэньні. Мы ад гэтага не адчуваем радасьці. Гэтак жа, як і не адчуваюць радасьці краіны Эўропы, якія ўводзяць санкцыі. Мы гэта ведаем», — кажа кіраўнік расейскага МЗС, дадаючы, што ў «Расеі ёсьць пачуцьцё годнасьці, і яна будзе адказваць гэтак жа».

Жан-Сільвэстр Мангранье: «Расейскія пагрозы адказаць санкцыямі — галаслоўныя»

У экспэртных колах Эўразьвязу заявы пра крокі Расеі ў адказ на эўрапейскія і амэрыканскія санкцыі лічаць галаслоўнымі. «Масква ня мае чым адказаць, акрамя як энэрганосьбітамі, ад якіх эўрапейцы яшчэ досыць адчувальна залежныя», — тлумачыць Жан-Сільвэстр Жан-Сільвэстр Мангранье. «Пагрозы рэакцыі на адрас ЗША, падобна, нічым не былі пацьверджаныя. Між тым, залежнасьць Расеі ад продажу нам свайго газу настолькі вялікая, што не дае падстаў меркаваць, што Масква можа абвясьціць Эўразьвязу энэргетычную вайну».

Пры гэтым, спыняць другую фазу санкцый, гэта значыць, далейшае пашырэньне «чорных сьпісаў» — пэрсанальных санкцый супраць фізычных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненьне да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці і стабільнасьці Ўкраіны, — Эўразьвяз не мае намеру. Пра гэта заявіла прэс-сакратарка эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Майя Кaцыянчыч. «Рада ЭЗ прыняла новыя крытэрыі пашырэньня» чорнага сьпісу", і мы працягнем яго пашырэньне", — адзначыла яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG