Лідар негалосна забароненага ў Беларусі гурту «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок стаў героем дакумэнтальнай стужкі, якая выйшла ў эфір на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» у нядзелю, 13 ліпеня, піша Эўрарадыё.
Фільм «Зорнае жыцьцё. Цела як інтымны дзёньнік» быў зьняты ўкраінскім тэлеканалам СТБ. Стужка прысьвечаная заходнім і постсавецкім зоркам, якія перамаглі сваіх «дэманаў» і зафіксавалі гэта ў выглядзе татуіроўкі.
Сярод іншых распавядалася і гісторыя «перанараджэньня» Сяргея Міхалка, які здолеў справіцца з алькаголем і наркотыкамі, падняцца з самага дна і працягнуць займацца музыкай. Усё гэта знайшло адлюстраваньне на целе музыкі ў выглядзе тату, сэнс якіх тлумачаць аўтары стужкі.
У фільме прысутнічаюць і неверагодныя па мерках БТ рэчы: акрамя ўласна Міхалка дэманструецца ўрывак кліпу «Ня быць скотам» з кадрамі, на якіх добра відаць герб «Пагоня», а таксама кавалкі канцэртаў, дзе публіка трымае ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі.
Нагадаем, «Ляпіс Трубяцкі», а таксама шэраг іншых вядомых беларускіх калектываў і музыкаў трапілі ў негалосныя «чорныя сьпісы» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года. З таго часу «ляпісы» не далі ніводнага канцэрту на Радзіме. Іх музыку прыбралі з тэле- і радыёэфіру, а сталічная пракуратура нават праводзіла праверку ў дачыненьні да Сяргея Міхалка, якога падазравалі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Аднак у выніку справа распачатая не была.