Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіная чума прыйшла з Расеі на Гомельшчыну. Улады засакрэцілі вірус


Сьвіная чума прыйшла з Расеі на Гомельшчыну. Улады засакрэцілі вірус
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:02 0:00
Наўпроставы лінк

Сьвіная чума прыйшла з Расеі на Гомельшчыну. Улады засакрэцілі вірус

У Веткаўскім раёне ў памежных з Расеяй вёсках жыхары масава забіваюць сьвіней. У асобных гаспадароў акалелых парсюкоў спальваюць.

Афрыканская чума, праўдападобна, вярнулася на Беларусь з праблемных расейскіх тэрыторыяў: Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі паведаміла, што афрыканская чума сьвіней працягвае распаўсюджвацца па тэрыторыі Калускай, Пскоўскай і Смаленскай абласьцей.

Вёска Казацкія Балсуны Веткаўскага раёну стаіць пры самай мяжы з Расеяй. За апошні тыдзень тутэйшыя жыхары па рэкамэндацыі вэтэрынарнай службы і Вяліканямкоўскага сельвыканкаму, па-сутнасьці, цалкам пазбавіліся ад сьвінога пагалоўя.

Відаць, толькі гадаванка спадарыні Валянціны пакуль не пайшла пад нож, бо загуляла:

«У мяне сьвінка — дык яна хлопцаў хоча. Якая яна хворая? Калі хворая, то ўжо ні рукою, ні нагою. Учора ў вэтэрынарнага доктара папыталася, дык ён кажа: „Бабуля, няхай. Як яна ўжо адахвоціцца, то тады забіце“. „Добра, — кажу, — заб’ю“. Можа, праз два-тры дні ёй адыдзе — і заб’ю. Перагуляе, а тады ўжо будзе на сто адсоткаў спраўная. Сьвінка ж кіляграмаў на сто семдзесят. Дык куды ж згадзіць такое парася? Тады ж на патэльні будзе закіпаць сала! Усе б’юць, і я заб’ю — няхай не мантыляецца. Кожны ж дзень едуць і едуць і пытаюцца: „Баба, ты зарэзала?“ Ну іх... будуць толькі езьдзіць. Заб’ю — і ўсё».

Разьвітаньне з хатнім пагалоўем сьвіней стала для многіх вяскоўцаў сапраўднай драмай. Апавядае Марыя Карпенка:

«Я пабаялася. Думаю, божа ж мой, такая інфэкцыя: там прападаюць, там прападаюць. Забіла. А ён жа маленькі такі, парсючок мой — усяго шэсьць месяцаў. Забіла. А ў мяне ж ёсьць чым карміць! І бульбачка ёсьць, і мука ё, і гарод вялікі й харошы — усяго насеяла. Мне шкада й крыўдна. Ня ведаю, з-за чаго ўсё атрымалася. Былі ў мяне вэтлекар і старшыня сельсавету, пыталіся, ці езьдзілі куды машынай? Я кажу: нідзе не была, і дзеці мае не былі. Ні ў лес ня езьдзілі — анікуды. Як тая інфэкцыя папалася, сама ня ведаю. Во ўсё перажываю».

Свайго парсючка Марыя з сынамі разабрала, зварыла й перарабіла на тушонку. Перад гэтым вэтстанцыя брала розныя ўнутраныя органы парсючка на аналізы:

«Езьдзіла вэтстанцыя, правярала, брала аналізы. Сэрца, па-мойму, бралі, ныркі, лёгкае адразалі. Учора прыяжджаў старшыня сельсавету і кажа: „Штосьці ў вас станоўчы вынік“. А я ж ня ведаю, што гэта такое — станоўчы?»

У гаспадарцы Мікалая Васіленкі, які бліжэй за ўсіх жыве да расейскай мяжы, чацьвёра сьвіней наагул прапалі:

Мікалай Васіленка
Мікалай Васіленка

«Сьвіньні падохлі. Узялі аналізы, завезьлі і спалілі. Сказалі, што чума. А я ж не разьбіраюся: чума, не чума. Тыдзень пахварэлі і паздыхалі. Не пасінелі, не пачырванелі. Такія, як былі, то й засталіся. Толькі вялыя такія ды ня елі. Эпілептыкі такія. Зад у іх адбірала, на ногі падалі й ляжалі. І прападалі. Эпілептыкі. Іх забралі і спалілі. Адвялі месца ў лесе, далёка за вёскай, завезьлі туды й спалілі. Выкапалі яму — і ўсё закапалі».

Спалілі супрацоўнікі раённай ратавальнай службы ў прысутнасьці старшыні сельсавету Ўладзімера Соніча і хляўчук, у якім гадаваліся сьвіньні. Гаспадар сам папрасіў, бо нават пасьля дэзынфэкцыі сама меней год нельга трымаць сьвіней, калі быў выяўлены вірус афрыканскай чумы — АЧС:

«Я папрасіў, каб лепей закапалі. Дык яны запалілі — яму-канал такі выкапалі, сьпіхнулі туды хлеўчука — і спалілі».

Цяпер на падворку Васіленкі жаўцее ладны лапік сьвежавырытага пяску. Мікалай разам з сынам-дзесяціклясьнікам акурат ставіў новы плот. Кажа, што старшыня сельсавету абяцаў выдзеліць безгаспадарную хату пад новы хляўчук.

Дарожны знак і падушка для дэзынфэкцыі перад уездам у вёску Казацкія Балсуны
Дарожны знак і падушка для дэзынфэкцыі перад уездам у вёску Казацкія Балсуны

Ці будзе якая кампэнсацыя за акалелых жывёлін, Васіленка ня ведае. Ня ведае і таго, адкуль узяўся вірус і ці гэта сапраўды вірус АЧС.

Некаторыя службоўцы выказвалі вяскоўцу вэрсію, што, магчыма, вірус занесены зь лесу, куды Мікалай ходзіць па лісічкі. Выпадкі заражэньня афрыканскай чумой як дзікоў, так і свойскіх сьвіней сапраўды выяўлены ў суседняй Расеі. Гэтая інфармацыя ўтрымліваецца на афіцыйным сайце расейскай Фэдэральнай службы вэтэрынарнага нагляду.

Казацкія Балсуны. Вуліца ў бок расейскай мяжы
Казацкія Балсуны. Вуліца ў бок расейскай мяжы

У Веткаўскім раёне тым часам створаны штаб па барацьбе з афрыканскай чумой. І ачоліў яго старшыня райвыканкаму Андрэй Чарненка. Штаб пільнуе, каб не зьявілася чумы ў памежных з Расеяй паселішчах.

Праз абвесткі і сустрэчы жыхароў Неглюбскага і Вяліканямкоўскага сельскіх саветаў папярэдзілі пра магчымасьць заражэньня сьвінога пагалоўя афрыканскай чумой і рэкамэндуюць ім рэзаць сьвіней.

Пямятка пра афрыканскую чуму на краме
Пямятка пра афрыканскую чуму на краме

Што да вынікаў лябараторнага дасьледаваньня ўзятых у вёсках пробаў, то нават галоўны вэтэрынарны лекар раёну Станіслаў Пархоменка не дае журналістам ні станоўчага, ні адмоўнага адказу наконт наяўнасьці небясьпечнага сьвінога вірусу:

«У сувязі з сытуацыяй у суседніх дзяржавах павялічылася міграцыя дзікоў. Былі падазрэньні на афрыканскую чуму. Узялі патматэрыял. Вынікі дасьледаваньня — гэта дакумэнты для службовага карыстаньня. Ня маю права агалошваць, бо ня маю допуску да гэтых дакумэнтаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG