Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чумы баяцца, а парасят шукаюць


Нягледзячы на тое, што карантын па афрыканскай чуме сьвіней у Беларусі адмянілі яшчэ ў лютым, надалей дзейнічае забарона на ўтрыманьне жывёлы ў прыватных гаспадарках у радыюсе пяці кілямэтраў ад сьвінакомплексаў. Як выжываюць людзі бяз звыклай жывёлы? Што зьмянілася ў пробыце вяскоўцаў?

У вёсцы Чапунь Івейскага раёну, дзе летась адбылася першая ўспышка афрыканскае чумы, людзі дагэтуль не адышлі ад таго стрэсу і пакуль не купляюць парасят. Кажа жыхарка вёскі Чапунь спадарыня Сьвятлана:

Спадарыня: «Усё тады пайшло пад агонь. За вёскай капалі вялікую яму і ўсё туды складзіравалі, спальвалі, засыпалі. Так што ў нас пакуль сьвіней няма ні ў кога. Аўталаўкі езьдзяць, харчы прывозяць, і ніхто пра сьвіней, напэўна, і не задумваецца...»

Тым ня менш у навакольных вёсках некаторыя людзі нават у самы разгар эпідэміі здолелі схаваць сьвіней ад розных праверак. Вось што распавядае мясцовы жыхар спадар Васіль:

Спадар: «Цяпер нібы ціха, але ўлады прасілі, каб да восені пакуль не трымалі сьвіней. У суседніх вёсках некаторыя прыхавалі сьвіней, казалі, што няма, трымалі іх у хлявах тых людзей, хто ніколі не трымаў сьвіней і дзе ніхто ня спраўджваў. І гэтыя сьвіньні выжылі падчас афрыканскай чумы. Некаторыя ўжо і парасят прадавалі, і самі калолі».

Нічога не зьмянілася ў тых вёсках, якія апынуліся ў пяцікіляметровай зоне вакол калгасных сьвінарнікаў. У вёсцы Капцёўка Гарадзенскага раёну людзі спрабавалі рабіць сходы, дамагацца ад уладаў кампэнсацыі, але нічога так і ня выйшла.

Людзі і цяпер моцна хвалююцца, бо для многіх гаспадарка была вялікай падмогай. Аднак навінаў няма, і ніякай інфармацыйнай працы з насельніцтвам улады не праводзяць. Кажа спадар Мікалай:

Спадар: «Нічога не зьмяняецца, заганяюць вёску ў тупік: кароў ужо няма, сьвіней — няма. А хутка і курэй ня будзе, бо побач з намі птушкафабрыка. І ніхто нічога, усе сапуць у дзьве дзіркі, і ўсё».

Жыхарка Лідзкага раёну распавядае, што трымала сьвіней і вазіла мяса ў Ліду на рынак. Кажа, на рынку было каля 60 месцаў для прадпрымальнікаў, якія гандлявалі мясам. Пасьля таго як па хлявах пачалі хадзіць з праверкамі пракуроры, рынак апусьцеў. А цяпер, перад сьвятамі, лідчукі ў пошуку сьвініны.

Спадарыня: «Людзі ведалі, што мы раней трымалі сьвіней, то ўжо абарвалі тэлефон, бо падыходзяць сьвяты і патрэбна мяса. А ў крамах у Лідзе ўжо няма столькі мяса, як раней было, пераважна адна курыца. З раніцы выкінуць, расхапалі — і ўсё, а на рынку хоць у футбол гуляй. Без каўбасы будзе гэтае сьвята».

У вёсках, якія не ўваходзяць у пяцікілямэтровую зону, забароны нібыта не існуе, але мясцовыя ўлады імкнуцца людзям нічога не казаць. А ў людзей зьявілася новая праблема — дзе набыць малых парасят, бо рынкі, дзе іх прадавалі, цяпер закрытыя. Вось што распавядае спадар Лявон з Мастоўскага раёну.

Спадар: «Пра чуму ўжо ўсё заціхла, людзі купляюць парасят. Але, на жаль, вельмі цяжка купіць, бо тады пазьнішчалі сьвіней. Парасят мала, і яны каштуюць ад двух да двух з паловай мільёнаў. Рынак надалей не працуе, а калі хто прадае, то да яго запісваецца чарга».

Падобная праблема і ў вёсцы Мірацічы Карэліцкага раёну. Спадарыня Надзея кажа, што тады ўлады патрабавалі, каб людзі зьнішчалі сьвіней, а цяпер каб дапамагчы іх набыць, то ня кажуць ні слова, хоць на комплексах парасяты ёсьць.

Спадарыня: «Як была гэтая паніка сярод лета, то людзі баяліся, што панішчаць гэтых сьвіней, бо кілямэтраў за сем ад нас іх нішчылі, то пакалолі. А цяпер рынкаў няма, усе хацелі б трымаць, але няма дзе купіць. Вось якая ў нас праблема».

Паводле адмыслоўцаў, казаць пра поўную ліквідацыю АЧС у Беларусі пакуль не выпадае. Згодна са стандартамі краіна лічыцца стабільнай, калі пройдзе тры гады пасьля апошняга выпадку захворваньня на АЧС. Адмыслоўцы кажуць толькі, што апошнім часам афрыканская чума ў рэгіёне не рэгіструецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG