Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паслухаюцца магілёўскія каровы загаду Лукашэнкі?


На Магілёўшчыне з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі неўзабаве пачнецца малочны экспэрымэнт. Вытворцам малака кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што яны могуць самастойна вызначацца з цаной і пакупнікамі сваёй прадукцыі. Як будзе ажыцьцяўляцца свабоднае цэнаўтварэньне, пакуль незразумела нават спэцыялістам. Лукашэнка даў тыдзень на падрыхтоўку. 14 ліпеня тэрмін сканчаецца. Ці чулі пра экспэрымэнт з малаком дробныя яго вытворцы — вяскоўцы? Ці ёсьць пэрспэктывы, што свойскае малако застанецца ў мэню гараджанаў?

Людзей, якія прадаюць малочныя харчы са сваіх падворкаў, у Магілёве істотна паменела. Калі раней яны выстаўлялі сваю прадукцыю амаль ля кожнай буйной крамы, то цяпер — пераважна каля рынкаў. З прывезенымі прадуктамі вяскоўцы доўга не затрымліваюцца. Гадзіна-другая — і ўсё раскуплена. Пакупнікі — сталая кліентура.

Зь дзясятак вяскоўцаў гандлююць свойскім малаком ды тварагом на магілёўскім цэнтральным рынку — «Менскім». Гаварыць з журналістам яны наадрэз адмовіліся. Спаслаліся на тое, што ім пасьля гутаркі з прэсай могуць наагул забараніць гандляваць. Абранае імі месца для продажу — не зусім законнае. Гарадзкія ўлады ня раз пагражалі навесьці парадак зь несанкцыянаваным гандлем ля цэнтральнага рынку, але пакуль людзей не чапаюць.

Суразмоўніцу, якая прыехала ў Магілёў прадаць троху малочнага зь Бялыніцкага раёну, удалося адшукаць ля іншага невялікага рынку. Сама яна на пэнсіі. У Магілёў, прызнаецца, прыяжджае часта.

«Пэнсія — 2 мільёны 300 тысяч. Што гэта за пэнсія? Вось такія цэны цяпер дарагія — ідзі, паспрабуй што купіць, — наракае на жыцьцё пэнсіянэрка. — Мне выгадна. Я прывезла, прадала — купіла цукру, хлеба, які кавалак каўбасы. У мяне свае кліенты. У вёсцы засталося толькі тры каровы. А вёска такая вялікая. Раней статак быў пад сто галоў. Ніхто ня хоча трымаць. У старых няма сіл. А моладзь, вы ж самі ведаеце, за сабой ня хоча прыбраць».

Словы Лукашэнкі пра фармаваньне цаны на малочную сыравіну вяскоўка чула. Але прызнаецца, што не зусім іх разумее. Кажа, што гэта хутчэй тычыцца буйных комплексаў, але ня дробных прыватнікаў. Пра фармаваньне цаны на сваё малочнае кажа гэтак:

Цана ў нас прыкладна такая ж, як і ў краме — мо на тысячу наша прадукцыя даражэйшая. Дык у нас жа яна натуральная, чыстая

«Мы самі тут цану падымаем. Цана ў нас прыкладна такая ж, як і ў краме — мо на тысячу наша прадукцыя даражэйшая. Дык у нас жа яна натуральная, чыстая. Як у мяне, дык правераная ўся, нават на радыяцыю. Да нас прыяжджае штогод машына і бярэ аналізы. Ёсьць тыя, хто прадае неправераную прадукцыю, але я спакойная, за свой прадукт не баюся».

Суразмоўніца зазначае, што карову трымае апошні год. Карова старая, а набыць маладзейшую няма грошы. Сабраць з продажу харчоў не выпадае: «Гэта каб сюды штодня езьдзіць, а так — ну што я прывязу? Мо тысяч на трыста. А за карову трэба аддаць трынаццаць-чатырнаццаць мільёнаў. А дзе мне ўзяць такую суму адразу? А прадаць тую, якая ёсьць, — дык вазьму тры-чатыры. Вось і мушу трымаць ялаўку».

Выпас кароў пад Магілёвам
Выпас кароў пад Магілёвам

У прыгарадных магілёўскіх вёсках кароў амаль не засталося. Калі іх і трымаюць, то адзінкі. На вясковых вуліцах няма звыклых раней каровіных праснакоў, не чуваць характэрнага паху. Выгляд саміх вёсак зьмяняецца. Замест сялянскіх хат узводзяцца катэджы. У адной зь вёсак гутару з гаспадыняй, якая таксама кажа, што карову трымае апошні год, бо цяжка даглядаць:

«Выгадна мець кароў, — цьвердзіць гаспадыня. — Аднак калі няма дапамогі касіць сена, сушыць яго — як мы, дык з мужам удваіх ды дачка, — дык цяжкавата. Раней жа калгас дапамагаў. Сена даваў. А цяпер ужо сена калгас не дае».

Цану на малочнае фармуе, кажа суразмоўніца, рынак. Канкрэтна — той цэнтральны магілёўскі:

«Малако ў мяне тут у вёсцы разьбіраюць. Цану я сама ўстанавіла. У мяне літар — дзесяць тысяч. Арыентуюся, як прадаюць бабкі на Менскім рынку — гэтак і раблю. У свайго ж малака і тлустасьць, тварог зь яго як зробіш, дык ён які смачны».

Некалі ў нас было пад пяцьдзясят галоў прыватнага статку, згадвае вяскоўка. За апошнія дзесяць гадоў зьвёўся ўвесь:

Выпас увесь пазабіралі ў нас. Няма дзе пасьвіць. Паўсюль дачы паўзводзілі

«Выпас увесь пазабіралі ў нас. Няма дзе пасьвіць. Паўсюль дачы паўзводзілі. Гэтыя сорак галоў трэба ж выгнаць кудысьці ды лета цэлае пасьвіць. А пашы няма. Вось і ўсё».

Ля вёскі — калгасны статак. Пільнуюць яго двое пастухоў. Маладыя яшчэ хлопцы, але і яны таксама згадваюць часы, калі ранкам вясковую вуліцу запруджвалі свойскія каровы. Цяпер жа, лічаць яны, каровы вёсцы не патрэбныя.

«Свойскіх кароў хто цяпер трымае?» — дзівяцца пытаньню пастухі. — Раней было многа, а цяпер няма кароў. Толькі вось калгасныя. Цяпер жа засталіся адны пэнсіянэры на вёсках. А гэта — сена накасі, высуш ды прывязі. А так — пайшоў у краму ды купіў які літар малака", — разважаюць суразмоўцы.

Здаваць, як раней, свойскае малако дзяржаве вяскоўцы ня надта прагнуць. Заяўляюць, што лепей прадаць самім, бо адразу на руках капейчына. Прызнаюцца: калі ў выніку экспэрымэнту, абвешчанага Лукашэнкам, малако на Магілёўшчыне падаражэе ў крамах, то цану на яго падымуць і яны. Страціць пакупнікоў не баяцца, бо тавар у іх якасны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG