Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невясёлая Весялоўка


На самым поўдні Добрускага раёну ляжыць вёска Весялоўка — апошняе беларускае паселішча пры мяжы Беларусі, Украіны і Расеі. Калісьці тут жылі больш, як шэсьцьсот чалавек.

Цяпер вёска зь ліку паміраючых. Шаша ад мястэчка Церахоўка да памежнага пераходу з Украінай і Расеяй палавініць вёску Весялоўку на дзьве часткі. Па левую руку, у бок Расеі, вуліца забудавана коратка. Даўжэйшая яе частка — у бок Украіны. Кабета ў гадах цягне праз вуліцу вазок з бідонамі, напоўненымі вадою. Кажа, што для індакачак вада. Назвалася Лідзіяй Зенчанкай:

Лідзія Зенчанка, наймаладзейшая жыхарка вёскі
Лідзія Зенчанка, наймаладзейшая жыхарка вёскі

«У нас, у Весялоўцы, толькі 15 чалавек засталося. Два мужчыны, астатнія — жанкі. Мужыкі паўміралі. Гэта я ў Весялоўцы самая маладзейшая, мне ўжо 68 гадоў. А то іншым — 80-90 гадоў. Пісарэнцы Клаўдзіі, яна па левы бок жыве ад шашы, — ёй 89. А Каляковай Мані, якую дачка ў Гомель забрала, ёй ужо за дзевяноста. Так што я тут самая маладзейшая. Паўтара гады мінула, як мой муж памёр. Ён быў старэйшы за мяне на трынаццаць гадоў. Пяць гадоў за мною хадзіў. Так мяне кахаў, што не магла ад яго адбіцца. Пабраліся шлюбам. Вырасьцілі дачку — яна працуе у Сьветлагорску эканамістам. А сын працуе тут шафёрам».

Кабета кажа, што ў вёсцы наводшыбе цяпер засталася толькі фэрма, якая належыць сельгаскаапэратыву «Кругавец». Сваіх даярак у Весялоўцы нямашака — іх возяць з суседняй вёскі:

«Засталіся ў нас зараз пэнсіянэры ні на што ня годныя. У нас тут фэрма, дойны статак. Але з даярак няма нікога. Усе даяркі з Кругаўца прыяжджаюць — машынай возяць». Яшчэ два-тры дзесяцігодзьдзі таму, як сьцьвярджае сураўмоўніца, Весялоўка жыла паўнакроўным жыцьцём:

«У нас была вясёлая вёска, вельмі вясёлая. Не дарма ж называецца Весялоўка. Тут было дзьве брыгады па 30-40 чалавек. Было мужыкоў шмат і жанок. У нас тут наўкола было багата балотаў — іх у мінулыя васьмідзесятыя гады асушылі. Асабліва ў бок Украіны вялікія балоты былі. Мужчыны хадзілі касіць уручную, а мы — зграбалі сена. Туды зь песьнямі едзем на конях — кілямэтраў шэсьць ці сем. І адтуль з песьнямі еддзем».

Цяпер у Весялоўцы зацішша. Няма ні крамы, ні пошты. Харчы два разы на тыдзень прывозіць з Добрушу аўталаўка. Каторыя хаты апусьцелі, іх камунальнікі закапалі ў дол. У 2001 годзе у вёсцы зачынілі й сельскі клюб, у якім шмат гадоў працавала Лідзія Зенчанка:

«Ціха цяпер. І ведаеце, іншы раз нават страшна. І лісы ўжо ходзяць, і ваўкі выюць. Устанеш на досьвітку альбо вечарам гадзін у адзінаццаць выйдзеш на вуліцу, то ўжо чутна: на лясных буграх ваўкі гудуць. І лісы ходзяць па загародках, курэй крадуць. Страшнавата стала. Клюб, вялікая крама была — усё ўжо закрылі й развалілі. Вёска ўжо стала аджываць».

У папярэднія гады пры канцы чэрвеня, калі на стыку трох дзяржаваў — Беларусі, Украіны і Расеі — улады ладзілі патасныя фэсты пад назвай «Славянскае адзінства», Весялоўка ажывала. Празь вёску за два дні да фэсту шыбавалі машыны. Непадалёку моладзь распачынала спартовыя гульні.

Сёлета тут было ціха. Україна адмовілася ўдзельнічаць ў фэсьце з прычыны анэксіі Расеяй Крыму і збройнай падтрымкі сэпаратытаў у Данбасе ды Луганску. Славянскае адзінства ў райцэнтры Клімава Бранскай вобласьці адзначалі толькі прадстаўнікі беларускага й расейскага бакоў.

«У чацьвер, пятніцу раней тут ужо усё гуло. І мы ж кожны год хадзілі, а сёлета не было куды. Сьвята недзе ў Клімаве рабілі. У зьвязку з Украінай ў нас сёлета зацішша — з-за вайны так. Але, дасьць Бог, будзе ўсё добра. Зь Эўразьвязам нешта такое яны ж падпісалі. Можа, трохі супакоіцца. Столькі людзей загінула! Шкада. Яны ж вельмі працалюбівыя людзі, добрыя, гасьцінныя».

Ад Весялоўкі як да Украіны, так і да Расеі — рукой падаць. Спадарыня Лідзія кажа, што летась яна адмыслова наведала дзьве бліжэйшыя расейскія вёскі. Хацела параўнаць з тым, што было раней, калі весялоўцы езьдзілі туды з канцэртамі:

«Вось Юркавічы, Старыя і Новыя. Калісьці мы, у 1995-98 гадах езьдзілі туды, дык там жа былі землі дагледжаныя. За мытняй расейскай такія прыгажэнныя палеткі былі. Цяпер жа там бур’ян — станеш, дык чалавека ня бачна. Я спэцыяльна ня сёлета, а ў мінулым годзе, думаю, паеду, пабачу. Ведаеце, там па шляху на Юркавічы паабапал палеткі такія былі. А цяпер — бур’ян. Стань, руку падымі — і цябе ніхто й бачыць ня будзе. Ня тое, што ў нас, у Беларусі. Куды ня кінь — нават калдобіны, у якіх вада стаяла, і тыя пазасяваныя».

Па сутнасьці перасталі езьдзіць весялоўцы і жыхары суседніх вёсак і на ўкраінскі бок. Прынамсі, ня так, як раней:

«Хахлы — яны ж добрыя людзі, сяброўскія. Асабліва ў нас тут —

Мы да іх па каўбасы, а яны муку жытнёвую мяшкамі прыяжджалі да нас браць

мы жывём побач. Мы да іх па каўбасы, а яны муку жытнёвую мяшкамі прыяжджалі да нас браць. Мужык у мяне кіроўцам быў. Вечарам прыяжджае, я за дзяцей — і паехала ў Горск — тут кілямэтраў десяць. Там заўсёды каўбасы былі, цукеркі. Там усё было, і ўсё таньней. Раней была толькі Україна багатая».

Некаторыя жыхары памежных вёсак пакрысе зноў аднаўляюць свае паездкі ва Ўкраіну, але многія, як заяўляе жыхарка Весялоўкі, яшчэ баяцца:

«Езьдзілі, дык кажуць танкі стаялі ля Гасічаўкі — гэта кілямэтраў пятнаццаць ад мытні. Танкі, кажуць, стаяць дык страшна. А ў мінулы чацьвер наша жанчына езьдзіла, то казала, што ўсё ва Ўкраіне натаньнейшае. Наплыву пакупнікоў няма, бо звычайна ж беларусы езьдзілі туды па закупы. А цяпер беларусы ня езьдзяць — баяцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG