Як і плянавалася, кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін усклалі вянкі да вечнага агню на плошчы Перамогі ў Менску, а таксама наведалі новы музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прэзыдэнт Расеі падараваў музэю падборку газэт ваенных гадоў, а Лукашэнка — меч.
Агенцтва РИА «Новости» паведамляе, што Пуцін пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасьцей: «Экспазыцыя музэю нікога ня можа пакінуць абыякавым. Яна апавядае пра герояў, якія адстаялі свабоду і незалежнасьць Радзімы, пра неўміручы подзьвіг воінаў, партызанаў, працаўнікоў тылу». Чакаецца, што пасьля афіцыйнай часткі візыту кіраўнікі дзяржаў правядуць перамовы сам на сам.
Лукашэнка падзякаваў Пуціну за прыезд на сьвяткаваньне. Паводле яго, прысутнасьць Пуціна на ўрачыстасьцях «сапраўды, як пішуць нашы сябры і ворагі, сымбалічная». «Так, гэта сымбалізуе нашае адзінства і кажа пра тое, што мы як былі тады разам, так і заўсёды будзем разам», — адзначыў Лукашэнка.
«Калі трэба, мы ўстанем сьпінай да сьпіны і будзем абараняцца, мы будзем змагацца, як калісьці змагаліся разам,» — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка падзякаваў расейскаму кіраўніку за тую дапамогу і падтрымку, якую Расея аказвае Беларусі, яе эканоміцы. «Мы гэта памятаем, і, паверце, Расея і Беларусь з гэтага ўсясьветнага крызісу паволі выкараскаліся, і, упэўнены, мы станем на ногі, і нашы эканомікі стануць яшчэ мацнейшымі,» — сказаў кіраўнік Беларусі.
У сваім выступе на цырымоніі адкрыцьця музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Лукашэнка скрытыкаваў палітыку Захаду ў дачыненьні да краін былога Савецкага Саюзу:
«Здавалася б, заходнія дзяржавы павінны шанаваць ролю Савецкага Саюзу ў перамозе над фашызмам, аднак замест удзячнасьці мы бачым пагардлівы дыктат і санкцыі».
Пуціна Лукашэнка назваў «кіраўніком братняй дзяржавы, самым надзейным партнэрам».
На сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін заявіў, што Расея і Беларусь працягнуць эканамічнае супрацоўніцтва, якое ўжо прыносіць свой плён.
«Нашы сумесныя намаганьні па інтэграцыі ў эканамічнай сфэры, безумоўна, прыносяць і прынясуць свой плён яшчэ ў большым памеры, і мы зьменім ня толькі аб’ёмы эканомікі, але і яе якасьць», — сказаў Пуцін.