Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэаліі Ўсходняй Эўропы памяняліся радыкальна, не зьмяніўся толькі Лукашэнка, — украінскі палітоляг


Вадзім Карасёў
Вадзім Карасёў

Дырэктар кіеўскага Інстытуту глябальных стратэгіяў Вадзім Карасёў камэнтуе імавернасьць таго, што трохбаковыя кансультацыі па сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны адбудуцца ў Менску.

У аўторак упаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны Ірына Герашчанка заявіла, што новая сустрэча кантактнай групы Ўкраіна — АБСЭ — Расея можа адбыцца ў Менску.

«Ад перамоваў у Менску выйграе Лукашэнка. З аднаго боку, ён падтрымлівае кантакты з Кіевам, зь іншага — ён падтрымлівае Маскву. Яму таксама патрэбны новы ўзровень кантактаў з кіраўніцтвам ключавых эўрапейскіх краінаў», — заявіў Карасёў у інтэрвію Радыё Свабода.

Палітоляг бачыць для такой ініцыятывы афіцыйнага Менску і ўнутраныя, і вонкавыя прычыны:

«Сёньня Лукашэнка зноў робіць крок насустрач Захаду: ён выпускае палітзьняволеных і робіць намёкі на новую рэдакцыю беларускай шматвэктарнасьці. Ён баіцца рэваншызму з боку кіраўніцтва Расеі. І яго напружвае сытуацыя ў стасунках Расеі і Ўкраіны. Лукашэнка баіцца, што рэваншысцкія працэсы, якія ідуць з Расеі, і рэвалюцыйныя, якія ідуць з Украіны, могуць перакінуцца і скрыжавацца ў Беларусі. І тады ўся беларуская стабільнасьць з уладай Лукашэнкі і ягонага атачэньня можа выбухнуць у адно імгненьне — як гэта было ў самой Украіне з рэжымам Януковіча».

Карасёў зазначае, што кіраўніцтва Беларусі баіцца наступстваў украінскай эўрарэвалюцыі:

«Лукашэнка не хацеў бы працягу рэвалюцыйнай вайны ва Ўкраіне, бо разумее, што перамога рэвалюцыі ў вайне супраць Расеі і сэпаратызму надасьць гэтай рэвалюцыі пазытыўны імідж. І рэвалюцыйныя настроі могуць перакінуцца на Беларусь», — адзначае палітоляг.

«Таму Лукашэнку трэба ўтрымацца ў новых гістарычных умовах, бо геапалітычныя рэаліі ва Ўсходняй Эўропе зьмяніліся радыкальна. Усё зьмянілася. Не зьмяніўся толькі Лукашэнка. Таму, каб захаваць уладу, яму трэба мяняцца, рабіць рэвэрансы ў бок Захаду і пры гэтым не раздражняць Пуціна», — падсумоўвае Вадзім Карасёў, дырэктар кіеўскага Інстытуту глябальных стратэгіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG