2 ліпеня ў Менск прыляцеў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.
Разам з Аляксандрам Лукашэнкам ён удзельнічае ў адкрыцьці новага Дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У праграме таксама перамовы з Лукашэнкам.
Фармальная падстава візыту Ўладзімера Пуціна ў Беларусь — удзел у сьвяткаваньні 70-х угодкаў вызваленьня Беларусі ад нацысцкай акупацыі, адкрыцьці новага ваеннага музэю. Аднак толькі гэтым праграма не абмяжоўваецца. Як паведамляе прэсавая служба Крамля, у рамках візыту «плянуецца абмеркаваць актуальныя пытаньні шматплянавага расейска-беларускага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньня ў інтэграцыйных аб’яднаньнях».
«Гэтыя перамовы стануць для спадара Лукашэнкі, бадай, самымі складанымі за апошні час», — мяркуе лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч:
«Калі Беларусь дэкляруе, што яна самы блізкі і самы адданы партнэр Расеі, то яна мусіць гэта дэманстраваць і на справе. Такі пункт гледжаньня Пуціна. Яму сёньня вельмі важная салідарнасьць ня толькі ў рыторыцы, але і ў дзеяньнях. Перш за ўсё, па Ўкраіне. Я думаю, ад Пуціна будзе жорсткі дыктат — калі ты партнэр і атрымліваеш вялікую падтрымку ва ўсім, то і ты мусіш быць тут разам з намі».
«У руках Пуціна ёсьць моцны рычаг узьдзеяньня на Лукашэнку. Беларусь атрымала двухмільярдны даляравы крэдыт ад расейскага банку ВТБ на кароткі тэрмін. Вярнуць іх можна толькі, калі Расея выдасьць такі ж самы міждзяржаўны крэдыт. А тут вырашальнае слова за Пуціным», — тлумачыць кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:
«Лукашэнка падпісваў пагадненьне аб Эўразійскім саюзе з прыцэлам, каб атрымаць за гэта крэдыт. Але ж атрымалася так, што спачатку было падпісаньне, а цяпер Пуцін кажа: будзем размаўляць пра крэдыты. Бо Масква давала іх і раней, давала на рэформы. А рэформаў няма, прыватызацыі няма. І Пуцін будзе ціснуць.
І калі крэдыт будзе, то тады давядзецца ўжо нешта зь дзяржаўнай маёмасьці прадаваць. Бо ніводзін інтэграцыйны праект не рэалізаваны.А сёньня, калі Менск мае асобную пазыцыю па Ўкраіне, вельмі адчувальную пазыцыю для Пуціна, то ён, безумоўна, будзе дамагацца ад Лукашэнкі і больш жорсткіх умоваў крэдытаваньня».
«Ня будзе грошай з Масквы, і насельніцтва пачне панікаваць, чакаць абвалу рубля, забіраць свае сродкі з банкаў. Таму Лукашэнку надзвычай важна атрымаць расейскі міждзяржаўны крэдыт», — працягвае Яраслаў Раманчук:
«Гэта пасылае сыгнал укладчыкам — сытуацыя пад кантролем, стабільная. І няма чаго баяцца шалёнай дэвальвацыі. Гэта той сыгнал, які дазваляе Лукашэнку казаць, што праграма стабілізацыі ідзе добра. А вось калі расейскіх грошай ня будзе, людзі пачнуць ставіць пытаньне: а куды мы ідзем? І гэта, безумоўна, становіцца важнай палітычнай справай.
У мяне няма сумневу, што крэдыт пойдзе на праяданьне, на так званую стабілізацыю. Гэта сыгнал і электарату, і намэнклятуры ад Лукашэнкі: у мяне ўсё пад кантролем».
Візыт Уладзімера Пуціна разьлічаны на адзін дзень. Паведамленьняў пра тое, што ён застанецца ў Менску і на 3-га ліпеня, каб паглядзець парад на Дзень незалежнасьці, пакуль няма.