Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і чаму пераяжджае з Масквы ў Кіеў?


Расейцы, якія вырашылі жыць ва Ўкраіне, распавядаюць пра свой выбар – пра гэта ў рэпартажы журналіста Расейскай службы нашага радыё Дзьмітрыя Волчака. Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.

У 2010 годзе ў Кіеве быў створаны «Саюз палітычных эмігрантаў з Расеі». Нягледзячы на тое, што ва ўладзе знаходзіўся Віктар Януковіч, расейцы, якія баяліся палітычнага перасьледу, працягвалі шукаць сталы або часовы прытулак ва Ўкраіне. Пасьля перамогі рэвалюцыі 2014 году колькасьць грамадзянаў Расеі, якія вырашылі пераехаць ва Ўкраіну, расьце. Адны спадзяюцца пазьбегнуць рэпрэсій, іншых натхніў вопыт Майдану, хтосьці спадзяецца пачаць бізнэс бязь ціску чыноўнікаў ці проста хоча жыць у краіне, у якой адбываюцца радыкальныя перамены.

«Я чакаю ў самы бліжэйшы час сапраўднага зыходу з Расеі творчых, актыўных людзей, якія думаюць», – сказаў у інтэрвію РС заснавальнік агенцтва «Новы рэгіён» Аляксандар Шчацінін. Аб сваім выбары нашаму радыё распавялі шасьцёра расейцаў, якія прынялі рашэньне ўладкавацца ў суседняй краіне.

Аляксей Іваноў, 42 гады, бізнэсовец, былы кіраўнік Екацярынбурскай арганізацыі партыі «Радзіма», які пакінуў яе перад пераездам ва Ўкраіну:

Аляксей Іваноў
Аляксей Іваноў

– Адроджаная партыя «Радзіма» рэзка памяняла свае погляды ў бок адкрытага імпэрыялізму. Я лічу, што калі мы гаворым пра цывілізаваны нацыяналізм, то ён павінен, у першую чаргу, быць зьвернуты на падтрымку нацыянальнага вытворцы, малога і сярэдняга бізнэсу. Гэта зьмена сыстэмы крэдытаваньня ў бок зьніжэньня ставак і стварэньне комплексу спрыяльных умоваў. Нічога пра гэта ў новай «Радзіме» чуць не жадаюць. Яны хочуць нейкімі грандыёзнымі праектамі займацца – асвойваць космас, будаваць падземныя гарады ў Антарктыдзе і іншую бязглузьдзіцу. У нас што, у Расеі сваіх справаў мала? На жаль, гэтая гісторыя з Крымам адкрыла прысутнасьць у расейскім нацыяналізьме імпэрскага складніка. Высьветлілася, што асноўная маса нацыянальна арыентаваных людзей уяўляюць Расею на базе гістарычнай імпэрскай мадэлі. На маю думку, гэта цалкам несучасная мадэль, проста неканкурэнтная. Усе буйныя краіны праз гэта прайшлі, адмовіліся, дзякуй Богу, і думаюць пра іншае. Іншыя краіны змагаюцца за тэхналёгіі, а Расея – за нейкія тэрыторыі. Я ў гэтай сытуацыі нават не магу сябе назваць расейскім нацыяналістам. Можа быць, я нацыянал-дэмакрат, але не расейскі нацыяналіст у тым сэнсе, які мы бачым зараз у гэтых нацыяналістаў, якія горача і палымяна падтрымліваюць усе гэтыя пуцінскія справы.

Я не залічваю сябе і да людзей з рэвалюцыйнай сьвядомасьцю: барані Бог, каб у Расеі пачаліся рэзкія катастрафічныя зрухі, таму што да ўлады непазьбежна прыйдуць людзі, падобныя да тых, якія цяпер запальваюць у Луганску і Данецку. Я прыхільнік эвалюцыі. Але мне здаецца, што Расея проста топчацца на месцы. А мне з партнэрамі, якіх я знайшоў у Кіеве, хочацца рухацца больш энэргічна. Усе гэтыя эканамічныя паўзаконныя рэгулятары ў Расеі перашкаджаюць разьвівацца бізнэсу. Зараз я пачаў займацца інтэрнэт-тэхналёгіямі. Ад'езд Паўла Дурава (аднаго са стваральнікаў сацыяльнай сеткі Вконтакте - РС), вядома, падказвае, што ў Расеі да пэўнага моманту бізнэс расьце, а потым яму пачынаюць альбо перашкаджаць, альбо чыноўнікі напрошваюцца у партнэры. Мяне гэтая сытуацыя не задавальняе.

Я лічу, што Расею і Ўкраіну родніць адно. Гэта чыноўніцкае асяродзьдзе, якое склалася яшчэ пры савецкай уладзе: камсамольцы, якія цяпер набралі вагу, украінскія камуністы, сацыялісты. Гэта адзін чынавенскі апарат, які за 20 гадоў стаў карупцыйным. З гэтым трэба нешта рабіць. Патрэбныя кардынальныя рэформы: альбо хуткая люстрацыя, альбо люстрацыя шляхам ратацыі на працягу 1-2 гадоў. Трэба выціскаць залішняе чынавенства са сфэры рэгуляваньня. Такім чынам, я думаю, што Ўкраіна можа пазбавіцца ад гэтай сумнай спадчыны. Парашэнка, можа быць, і не нагадвае такога рамантычнага і радыкальнага палітыка, як Саакашвілі, але ён вельмі чуйны да свайго народу. Я думаю, што ўкраінцы будуць яго падштурхоўваць да гэтых зьменаў. У яго няма іншага шляху. Інакш ён празь некалькі месяцаў стане банкрутам, і яго таксама праз Майдан вынесуць з кабінэту.

Уладзімер Малышаў, 44 гады, грамадзскі актывіст. Папрасіў прытулак ва Ўкраіне:

Уладзімер Малышаў
Уладзімер Малышаў

– Я ўдзельнік Майдану, і, хоць мог бы эміграваць у іншую краіну, Украіну я выбраў з палітычных прычын. Ведаю, што тут у бліжэйшыя год-два будзе надзвычай цяжка, як у эканамічным, гэтак і ў палітычным пляне, але я гатовы перажыць разам з краінай гэтыя цяжкасьці. Такім чынам, у мяне будзе маральнае права тут жыць. Я зьбіраюся заняцца бізнэсам і пішу сцэнар мастацкага фільму пра Майдан. Мяне вельмі хвалюе тое, што адбываецца на ўсходзе краіны. Самае галоўнае цяпер – спыніць вайну. Тое, што робіць у гэтым кірунку Парашэнка, мяне цалкам задавальняе. Як удзельнік Майдану, я разумею, што калі Парашэнка ня будзе праводзіць рэформы, грамадзтва правядзе іх само. Не сумняюся, што новы Януковіч да ўлады ва Ўкраіне ўжо ня прыйдзе. Я маю зносіны з чыноўнікамі і бачу, што яны расслабіліся, як у 2004 годзе, таму што адчулі, што вялікіх зьменаў ня будзе, але я ўпэўнены, што яны памыляюцца. Калі будзе вырашаная праблема на ўсходзе, дабяруцца і да іх. Вядома, на ўсё патрэбны час. Я перакананы, што ўсход застанецца ўкраінскім, таму што ва Ўкраіне шмат людзей, якія такой сытуацыі не вытрываюць, так што паўстане сур'ёзны партызанскі рух. Грамадзтва разумее, што цяпер трэба рабіць крокі ў бок Эўропы, весьці перамовы з тэрарыстамі, але, калі гэта не дапаможа, людзі пойдуць на вайну і самі выб'юць ворагаў з тэрыторыі Ўкраіны.

Іван Сімачкін, 45 гадоў, грамадзскі актывіст:

Іван Сімачкін
Іван Сімачкін

– Я расеец, нарадзіўся і вырас у расейскай сям'і ў расейскамоўным паўднёвым украінскім горадзе Херсоне. У 17 гадоў пераехаў у Маскву, дзе і пражыў без малога 30 гадоў – большую частку свайго жыцьця. У Маскве ў мяне зьявілася сям'я, нарадзіліся і вырасьлі дзьве дачкі-масквічкі, старэйшая ўжо студэнтка, малодшая – школьніца. Радзімай для мяне заўсёды былі і заставаліся непарыўна і Расея, і Ўкраіна, нават калі паміж імі зьявілася дзяржаўная мяжа. Мне здавалася, што маю расейска-ўкраінскую Радзіму падзяліць ня можа нішто, але гэта ўсё ж такі прымудрыліся зрабіць.

У лютым гэтага году, калі расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну, падобна гітлераўцам у чэрвені 1941-га, Расея для мяне памерла, перастала існаваць. Нічога больш чуць аб гэтай краіне я не жадаю. Ужо чацьвёрты месяц мой родны Херсон зьяўляецца прыфрантавым горадам. Ад дому, дзе я правёў дзяцінства і дзе цяпер жыве мая мама, да мяжы з акупаваным Крымам, нашпігаваным расейскімі войскамі, менш за 100 км. І калі чацьвёрты месяц запар кожную раніцу пачынаеш з таго, што бяжыш да кампутара даведацца, ці не зрабілі за ноч войскі захопнікаў танкавы кідок, ці не бамбуюць самалёты акупантаў вуліцы майго роднага гораду, многае пераасэнсоўваецца.

Я не жадаю мець што-небудзь агульнае з краінай, якая штодня забівае маіх суайчыньнікаў ва Ўкраіне, захоплівае, катуе закладнікаў, рабуе і захоплівае землі маёй Радзімы. Мне брыдка, я не магу заставацца часткай народу, які ў пераважнай большасьці сваёй радуецца і ўхваляе гэтую агрэсію, народу, які сваёй пакорлівасьцю выгадаваў гэты антычалавечы рэжым і працягвае яго падтрымліваць. Расейскае грамадзтва імкліва пагружаецца ў фашызм, я не жадаю жыць у фашысцкай краіне.

Я расеец, але з гэтага часу я не расеец, я – рускі ўкраінец. Ад расейскага грамадзянства я маю намер адмовіцца ў самы бліжэйшы час, пасьля чаго я назаўжды зьяжджаю з Масквы ў Херсон. Падчас драматычных падзеяў на Майдане нарадзілася такая фраза: «Шукаючи Європу, мі знайшли Україну». Украінскае грамадзтва зараз ахопленае нечуваным патрыятычным уздымам, трапяткой любоўю да сваёй краіны. Разам з маімі суайчыньнікамі, мільёнамі жыхароў Украіны самых розных нацыянальнасьцяў, я ў гэтыя дні таксама нечакана ўсьвядоміў, наколькі дарагая мне мая родная краіна, мая Бацькаўшчына. Я вяртаюся на Радзіму пасьля 30-гадовага перапынку. Я ганаруся сваім родным Херсонам, у значнай ступені населеным рускімі ўкраінцамі – за ўсе гэтыя месяцы вайны ні адзін «калярадзкі» пацук ня здолеў прасунуць свой нос на Херсоншчыне, хоць спробаў было нямала. Херсонцы адбілі ўсе падобныя спробы і гатовыя са зброяй у руках абараняць свой горад ад акупантаў, хай толькі сунуцца. Я ганаруся сваім народам, які дзеля сваёй свабоды гатовы стаяць да канца.

На жаль, я не магу зьехаць неадкладна, хоць вельмі гэтага б хацеў. Гэта ня проста, мне спатрэбіцца яшчэ два-тры месяцы, каб закрыць свае бягучыя справы, вырашыць усе праблемы, што засталіся ў Маскве. І гэтая неабходнасьць заставацца ў Маскве мяне вельмі бянтэжыць. Выйдзеш на вуліцу, на адміністрацыйных будынках вісяць трохкаляровыя сьцягі – сьцягі дзяржавы-агрэсара, сьцягі акупантаў. Вакол ходзяць людзі з «калярадзкімі» стужкамі – адметным знакам расейскіх тэрарыстаў, якія кожны дзень забіваюць людзей ва Ўсходняй Украіне. Ня ведаю, ці быў калі-небудзь расейскі народ «брацкім» для Ўкраіны, але з гэтага часу для жыхароў найбуйнейшай эўрапейскай краіны Расея стала злоснай неадэкватнай ардой, ад якой неабходна абараняцца. Ці падабаецца гэта каму ці не, але на многія пакаленьні наперад гэта цяпер застанецца так, і зьмяніць наўрад ці атрымаецца. Зрэшты, расейцы не асабліва і імкнуцца да гэтага.

У Інтэрнэце актыўна набірае галасы пэтыцыя з загалоўкам «Прэзыдэнту Парашэнку: Галоўная Нацыянальная будоўля краіны – 10-мэтровая памежная сьцяна з Расеяй». Дарагія былыя суайчыньнікі-расейцы, калі ўкраінская зямля будзе ачышчаная ад акупантаў, мы пастараемся забыць усё тое зло, якое вы зрабілі, і вас саміх пастараемся забыць таксама. Бывайце.

Андрэй Кузьняцоў, 31 год, сустаршыня пецярбурскай арганізацыі «Нацыянальнага дэмакратычнага альянсу», стваральнік сеткавай супольнасьці #Orange. 16 чэрвеня 2014 году папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне:

Андрэй Кузьняцоў
Андрэй Кузьняцоў

– Я ня быў гатовы да рэзкай зьмены сытуацыі, а ва Ўкраіне дастаткова блізкае грамадзтва, няма моўнай праблемы, прасьцей стаць паўнавартаснай часткай гэтага грамадзтва, не патрэбная доўгая адаптацыя. Я зьвярнуўся па палітычны прытулак, калі прыляцеў у аэрапорт Барыспаль. Мне давялося правесьці там 12 гадзінаў: памежнікі проста ня ведалі, што са мной рабіць. Як высьветлілася, ва Ўкраіне адсутнічае мэханізм аўтаматычнага ўключэньня адпаведнага заканадаўства, так што мяне проста ўпусьцілі ў краіну на правах турыста, далі спасылку на сайт ААН і прапанавалі афармляць прытулак па іх дакумэнтах. Я ў Кіеве ўжо два тыдні, і мне тут вельмі падабаецца. Тут няма такіх абмежаваньняў, як у Расеі, тут вельмі камфортна, і мяне, як грамадзяніна Расеі, ніхто не прыціскае. Ва Ўкраіне для ажыцьцяўленьня маіх праектаў, для выказваньня свайго меркаваньня прастора значна большая, чым у Расеі. Так што я буду працягваць тут весьці блог значна вальней, без самацэнзуры, бяз боязі, што мне будуць тэлефанаваць з ФСБ і задаваць пытаньні. Такая і была мэта майго ад'езду з Расеі – разьвівацца, ісьці далей.

Алег Шро, 38 гадоў, кандыдат фізыка-матэматычных навук:

Алег Шро
Алег Шро

– Я працаваў у філіяле Бранскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Навазыбкаве, і ў мяне ўзьнік канфлікт з выконваючым абавязкі дырэктара. Вырашыў пераехаць ва Ўкраіну, таму што тут будзе прасьцей адаптавацца. Зараз я займаюся атрыманьнем статусу ўцекача, гэтая працэдура можа заняць да паўгода. Гэта самае складанае, а ў астатнім у мяне ніякіх прынцыповых праблемаў не ўзьнікае. Толькі што я прайшоў ужо другое сумоўе на атрыманьне статусу ўцекача. Зараз ва Ўкраіне вельмі складаны час, ідуць баявыя дзеяньні. Але ў гэтай краіны ёсьць патэнцыял разьвіцьця. Пакуль казаць рана, ці будзе ён выкарыстаны. Вялікую ролю адыгрываюць партнэрскія адносіны з заходнімі краінамі. Вельмі выразная раззлаванасьць на расейцаў, якая ўзмацняецца. Яшчэ зусім нядаўна ўкраінцы добразычліва ставіліся да Расеі, а цяпер узьнікае непрыманьне Расеі на псыхалягічным узроўні. Натуральна, гэта апраўдана, але, на жаль, гэта прыводзіць нават да разрыву сваяцкіх сувязяў: людзі спыняюць зносіны са сваякамі з Расеі, якія стаяць на іншых пазыцыях. Пасьля гэта пагражае, як я мяркую, непрыманьнем украінскім грамадзтвам любых расейскіх ініцыятываў.

Аляксей Бараноўскі, 31 год, журналіст:

Аляксей Бараноўскі
Аляксей Бараноўскі

– Я працаваў у «Коммерсант-Украіна», але і пасьля яго закрыцьця вяртацца ў Расею не хачу. Тут значна цікавей, адбываюцца важныя трансфармацыі грамадзтва, мне цікава за імі назіраць і як грамадзяніну, і як журналісту. Ва Ўкраіне зараз няма цэнзуры, таму што СМІ арыентаваныя на розныя палітычныя сілы, розныя бізнэс-групы, і ў журналістаў ёсьць магчымасьці глядзець на праблемы з розных пунктаў гледжаньня. У Расеі пункт гледжаньня альбо дзяржаўны, альбо ўмоўна апазыцыйны, а хутчэй – проста лібэральна-франдзёрскі, увогуле не апазыцыйны ў параўнаньні з тым, што ёсьць ва Ўкраіне. Журналісту тут працаваць прасьцей, таму што рынак мэдыя канкурэнтны і, хаця заробкі ніжэй, чым у Расеі, тут вышэй узровень свабоды слова і можна знайсьці мэдыя, адпаведнае тваім прынцыповым пазыцыям. У Кіеве складваецца своеасаблівае зямляцтва расейскіх апазыцыйных журналістаў і грамадзкіх дзеячоў, якія эмігравалі з Расеі, і гэта вельмі нагадвае сытуацыю 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі ў Бэрліне, Парыжы і іншых эўрапейскіх гарадах ствараліся таварыствы дапамогі расейскім грамадзянам, якія бягуць ад улады бальшавікоў. Мяркую, што падобныя тэндэнцыі ў хуткім часе пачнуць інстытуцыяналізаваць ва Ўкраіне, і сапраўдны цэнтар расейскай апазыцыі перамесьціцца з Масквы ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG