Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікаў эўраінтэграцыі ў Беларусі паболее, — экспэрты


Сёньня ў Брусэлі Грузія, Малдова і Ўкраіна падпісалі ключавыя дамоўленасьці з Эўрапейскім Зьвязам.

Грузія і Малдова заключылі пагадненьні аб палітычнай асацыяцыі і эканамічным збліжэньні, а Ўкраіна — аб эканамічным збліжэньні (палітычнае пагадненьне аб асацыяцыі Кіеў падпісаў у сакавіку). Ці адаб’ецца працэс інтэграцыі гэтых краін з Эўропай на Беларусі, якая таксама ўваходзіць у праграму «Ўсходняе партнэрства».

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў сказаў Свабодзе: сёньняшняя падзея паспрыяе пашырэньню кола прыхільнікаў эўрапейскага курсу ў Беларусі:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

«Калі ў гэтых краінах пачнецца рэальная трансфармацыя і будзе бачна, што яна спрыяе разьвіцьцю гэтых краін, падвышэньню дабрабыту іх жыхароў, то гэта будзе спрыяць і праэўрапейскім настроям беларусаў. І гэта можа мець істотнае значэньне для будучыні нашай краіны.

Калі дамовы будуць адэкватна праводзіцца ў жыцьцё, то эканомікі трох краін будуць умацоўвацца. А яны ж — нашы гандлёвыя партнэры, асабліва значны — Украіна. Таму гэта станоўча паўплывае і на беларускую эканоміку.

І, можа, беларускія ўлады тады пераканаюцца, што такі курс не адаб’ецца балюча на працэсах унутры краіны. І тады, магчыма, нашы ўлады стануць больш ляяльна ставіцца да ўзаемадзеяньняў з Эўрапейскім Зьвязам».

Падпісаньне адпаведных дакумэнтаў у Брусэлі сьведчыць, што эўрапейскі трэнд на постсавецкай прасторы набывае другое дыханьне, — упэўнены старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Эўразьвяз прачыняе дзьверы для постсавецкай прасторы. І калі гэты трэнд будзе ўзмацняцца, калі ён стане прывабным, то гэта будзе станоўча ўплываць на грамадзкую думку ва ўсім былым Савецкім Саюзе.

Гэта дадае інтрыгі і для Беларусі. Калі шлях Грузіі, Малдовы і Ўкраіны ў Эўропу будзе суправаджацца пазытыўнымі зьменамі ў эканоміцы, у сацыяльнай сфэры, то гэта будзе прывабліваць і новых прыхільнікаў эўрапейскага выбару для Беларусі».

Эўрапейскі выбар некаторых былых савецкіх рэспублік, асабліва Ўкраіны, вельмі непакоіць Крэмль, — падкрэсьлівае эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

«Ёсьць пункт гледжаньня Расеі. Яна цьвердзіць, што адкрыцьцё рынку для Ўкраіны, якая мае практычна рэжым свабоднага гандлю з краінамі Мытнага саюзу, напоўніць рынак Мытнага саюзу таннымі таварамі, якія хлынуць сюды праз Украіну. І таму Расеі, Беларусі і Казахстану давядзецца абараняцца.

Насамрэч гэта поўная лухта. Бо і Мытны саюз, і Эўразійскі эканамічны саюз якраз дзеля гэтага і ствараліся. Усе гэтыя размовы пра перамаркіроўкі, пра сэртыфікаты адпаведнасьці эўрапейскіх тавараў — толькі размовы. Бо гэтыя стандарты ўжываюцца цяпер да тавараў з Эўразьвязу. І якая розьніца, ці яны будуць імпартавацца ў Расею наўпрост, ці праз Украіну, ці яшчэ празь некага?

Спэцыяльна дзеля таго, каб падобныя наступствы былі мінімальнымі, усе нашы інтэграцыйныя структуры, кшталту Мытнага саюзу, і ствараліся».

У сакавіку Эўразьвяз і Кіеў падпісалі палітычнае пагадненьне. Брусэль плянаваў падпісаць палітычныя і гандлёвыя дамовы з Кішынэвам і Тбілісі ў канцы 2014 году, але зьмяніў даты на фоне асьцярогаў, што Масква паспрабуе перашкаджаць гэтаму працэсу. Пасьля заключэньня пагадненьняў Украіна, Малдова і Грузія атрымаюць доступ да рынку Эўразьвязу зь яго 500 мільёнамі спажыўцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG