Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі фронт Быкава


Вокладка кнігі Васіля Быкава па-украінску
Вокладка кнігі Васіля Быкава па-украінску
«Васіль Быкаў быў баец. Вайна яго так і не пакінула ў спакоі,» — роздумна гаворыць Юры Мушкетык. З адным са старэйшых ва Ўкраіне пісьменьнікаў мы сядзім у гатэлі «Дніпро» ў Чаркасах, дзе праходзяць 200-я ўгодкі Тараса Шаўчэнкі. Толькі што вярнуліся з Халоднага Яру, дзе Юры Міхайлавіч у свае восемдзесят пяць пад сьпякотным сонцам з паўгадзіны натхнёна расказваў пра антыбальшавіцкую Халоднаярскую рэспубліку, якая за кароткі час змагла паставіць «пад ружжо» 15 тысячаў змагароў. Пасьля яркіх сонечна-сланечнікавых краявідаў хочацца пабыць у паўзмроку, у нумары не гарыць сьвятло. Прыцьмела і зорка Героя Ўкраіны на грудзях майго суразмоўцы.

Быкава мы прыгадалі з тае прычыны, што праз нейкую сотню кілямэтраў на поўдзень — Кіраваградчына, дзе ён ваяваў і адкуль у вёску Бычкі на Віцебшчыне ў 1944 годзе прыйшла «пахаронка». У пасёлку Вялікая Севярынка да гэтай пары стаіць помнік загінулым, на якім сярод іншых пазначана і прозьвішча Быкава, а ў мясцовай школе створаны невялікі быкаўскі музэй, якім апякуецца былая настаўніца Лізавета Сергіенка.

Раней я думаў, што ў выпадку з «пахаронкай» штабісты нешта наблыталі ў ваеннай неразьбярысе. Але нядаўна дасьледчык Сяргей Шапран апублікаваў архіўны дакумэнт — сьпіс загінулых у тым жорсткім баі пад Вялікай Севярынкай. Дык там усё па-ваеннаму коратка і ясна: камандзер стралковага ўзводу лейтэнант Васіль Уладзіміравіч Быкаў загінуў 10 студзеня 1944 году, паведаміць бацьку... І пячатка з подпісамі камандзера і начштабу палка — капітана Перапёлкіна і маёра Марозава.

Сам Быкаў у «Доўгай дарозе дадому» прыводзіў дзьве вэрсіі свае «гібелі». Цікаўных адсылаю да гэтай кнігі, без якое шмат што ў быкаўскім жыцьцяпісе зразумець складана. Зрэшты, у лёсе геніяў выпадковасьцяў не бывае. Нейкі знак звыш быў і ёсьць і ў той даўняй «пахаронцы», і ў тым помніку на Кіраваградчыне, на якім так і засталося прозьвішча пісьменьніка. Здаецца, ён і не прасіў нікога, каб cьпіс той падкарэктавалі, ня бачыў у тым праблемы. Можа, верыў у народную прыкмету, паводле якой пахаваны пры жыцьці мусіць жыць доўга.

Раптоўна, як нейкая палёгка, да нас з Мушкетыкам прыходзіць выснова, што Быкаў загінуў за Ўкраіну. Хай сабе і сымбалічна. Не за неабсяжную «родину», а менавіта за Ўкраіну. Бо за сьпіной лейтэнанта Быкава быў украінскі стэп, была Вялікая Севярынка, якую штурмавалі нямецкія танкі. Канкрэтна ён абараняў менавіта лапік украінскай зямлі, а не прасторы і хімэры савецкай імпэрыі. Самы галоўны ваенны фронт Быкава быў усё ж украінскім.

Мушкетык са шкадаваньнем прызнаецца, што ня ведае новай прозы Быкава, ягоных прыпавесьцяў. А яны, тыя прыпавесьці, ляжаць у маім нумары на стале! Ды яшчэ па-украінску. У перакладзе Дзьмітра Шчарбіны з Крывога Рогу. Кніжку я прыхапіў з сабой са спадзевам, што ў чарадзе сьвяточных імпрэзаў знойдзецца акно, знойдуцца яшчэ ахвотнікі, і мы зьезьдзім у тую Вялікую Севярынку. Нейкая сотня кілямэтраў... На жаль, не знайшлося ні акна, ні ахвотнікаў.

Але кніжка ўсё ж нездарма прыехала ва Ўкраіну. Неўзабаве Юры Мушкетык ужо разглядае, узважвае яе на далоні. «Василь Биков. Байки світові. Передне слово — Ігор Ольшевський, перекладач Дмитро Щербина, видавництво „Янтар“, книжку надруковано в кількісті 60 нумерованих примірників...»

Мушкетыку ажно ня верыцца, што Быкава зусім нядаўна выдалі ў Луганску, які стаў адным з цэнтраў сэпаратызму, вакол якога ідуць паўнамаштабныя ваенныя дзеяньні з выкарыстаньнем баявых самалётаў і танкаў.

Атрымалася — Быкаў нібы ізноў змабілізаваны на ўкраінскі фронт. У Другую сусьветную ў ягоным распараджэньні быў узвод. На гэтай вайне ягоныя салдаты, ягоная нацыянальная гвардыя — 60 кніжак. Дзе яны служаць сёньня? У бібліяфільскіх калекцыях, на якія праз патрушчанае шкло стэлажоў вогненна дыхнула вайна? Ці ў вайсковых заплечніках тых луганцаў, якія змагаюцца за адзіную і непадзельную Ўкраіну? А можа, «Байки світові» гартае цяпер, прысеўшы ў акопе, які-небудзь маладзён, які ўпершыню знаёміцца з творчасьцю Васіля Быкава. На вайне чытачы таксама трапляюцца. Памятаеце радавога Фішара з «Жураўлінага крыку»?

Юры Мушкетык шматкроць сустракаўся з Быкавым, калі быў старшынёй украінскага Саюзу пісьменьнікаў. Добра ведае ранейшую творчасьць свайго амаль раўналетка, лічыць яе актуальнай да сканчэньня веку («Сотнікаў» — твор на вечную тэму«). А ці актуальныя быкаўскія прыпавесьці? Я раю свайму суразмоўцу прачытаць «Насарогі ідуць» — пра тое, як адно племя трапіла пад прыгнёт другога, больш магутнага, якое адбірала ў сваіх суседзяў зямлю, брала ў палон людзей. Прычым зямлю захоплівала паступова, па частках. І паланяла таксама ня ўсіх адразу — спачатку забірала, як выкуп, самых прыгожых дзяўчатаў. Племя насарогаў дзейнічала нахабна, парушаючы ўсе дамовы, аж пакуль не натыкнулася на адчайны, самаахвярны адпор...

Юры Міхайлавіч чытае «Насарогаў» услых, хваліць майстэрства перакладчыка. А я пра яго што магу сказаць? Ведаю, што Дзьмітро Шчарбіна — карэнны
Дзьмітро Шчарбіна
Дзьмітро Шчарбіна
крыварожац, які ніколі ня быў у Беларусі. Мову беларускую вывучыў, чытаючы «Слова пра паход Ігараў» і «Вожык» ды слухаючы Радыё Свабода. Перакладаць зь беларускай мовы на ўкраінскую і наадварот пачаў гадоў сем таму — пунктам адліку тут прыпавесьць Быкава «Тры словы нямых», надрукаваная ў кіеўскім часопісе «Всесвіт».

Свае пераклады з Рыгора Барадуліна, Ліны Кастэнкі, Анатоля Вярцінскага, Рыгора Крушыны, Уладзімера Някляева Дзьмітро публікуе на сваёй старонцы ў сеціве. Пазнаёміліся мы зь ім завочна, праз фэйсбук, год таму. І з тае пары я не перастаю захапляцца яго перакладчыцкім талентам, яго літаратурным густам, яго адчуваньнем нашай мовы (калі браць пад увагу адсутнасьць спэцыяльнай адукацыі).

Дзьмітро з маленства мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, лекары забараняюць яму праседжваць за кнігай ці кампутарам, а ён усё роўна чытае, перакладае і папулярызуе ва Ўкраіне беларускую літаратуру, увядомлівае ў байнэце ўкраінскую. Самахвярнік, якія цяпер сустракаюцца надзвычай рэдка.

Адны перакладчыкі пільнуюцца літары, другія — стараюцца захаваць дух твору. Дзьмітро Шчарбіна ў сваіх перакладах з Быкава здолеў дапільнаваць і літару, і дух — быкаўска-беларускі. У працэсе перакладу да кожнага сумнеўнага слова ён падбірае цэлы ружанец сынонімаў, і гэта так нязвыкла ў нашым пасьпешлівым сьвеце...

На разьвітаньне Юры Мушкетык моцна сьціскае маю руку і жадае братам-беларусам «світлой долі». Я выходжу на балькону сьцішэлага ўжо гатэлю і думаю пра ўкраінскі складнік у лёсе Быкава. Украіна прызвала яго, учарашняга навучэнца Віцебскай мастацкай вучэльні, на Другую сусьветную. Украіна яго «пахавала», як героя, ушанавала помнікам. Ва Ўкраіне быў створаны першы музэй Быкава. Украінка Ларыса Шапіцька зьняла самы вядомы ў сьвеце фільм паводле Быкава — «Узыходжаньне». Восем з шаснаццаці быкаўскіх аповесьцяў перакладзеныя на ўкраінскую мову. І сёньня Украіна выдае Быкава, прычым не ў зацішным Львове, а ў памежным зрусіфікаваным Луганску, на перадавой новай вайны. А значыць, «баец Быкаў» зноў атрымаў позву на ўкраінскі фронт, як некалі ў сорак першым. Бо — насарогі ідуць...
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG