12 чэрвеня расейцы адзначаюць Дзень незалежнасьці. Напярэдадні па шмат якіх гарадах адбыліся імпрэзы патрыятычнай тэматыкі, закліканыя падкрэсьліць еднасьць Расеі ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі. Адметная імпрэза прайшла ў Іркуцку — найперш таму, што мела яскрава беларускі калярыт. У калёне гараджанаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і ў нацыянальных строях прайшлі блізу сотні этнічных беларусаў.
Як паведаміла Свабодзе жыхарка Іркуцку Галіна Данілава, днямі там адбыўся пяты па ліку «іркуцкі карнавал». У касьцюмаваным шэсьці бралі ўдзел больш за 7 тысяч чалавек з 80 камандаў, яшчэ блізу 10 тысяч назіралі за дзеяй уздоўж усяго маршруту стракатай калёны. Асаблівую ўвагу прыцягвала да сябе беларуская частка праграмы, якая выбівалася з агульна-расейскай.
Сыбір здаўна стала другой радзімай для тысяч выхадцаў зь Беларусі. Шмат каго саслалі туды ў бальшавіцкую кампанію раскулачваньня, іншых прымусова эвакуавалі ў часе Першай усясьветнай вайны. Беларуская суполка і цяпер застаецца адной з масавых, старанна захоўваючы нацыянальныя традыцыі. Ці не галоўная заслуга ў захаваньні гістарычнай памяці належыць Іркуцкаму таварыству беларускай культуры імя Яна Чэрскага, сябры якога ніколі не забываліся пра свае карані, і перадусім яго заснавальніку Алегу Рудакову.
Як удакладняе спадарыня Данілава, гэтым разам было вырашана прадэманстраваць іркуцянам сем галоўных беларускіх сьвятаў. Калёна была падзелена на сем групаў, над кожнай узвышалася прыгожа ілюстраваная таблічка з назваю сьвята па-беларуску і разгорнутым тлумачэньнем па-расейску.
Удзельнікі былі апранутыя адпаведна нагодзе, з належнымі атрыбутамі. Праз гукаўзмацняльную апаратуру гучалі песьні, характэрныя для пэўнай дзеі. Расейцы пабачылі інсцэніроўкі «Калядаў», «Гуканьня вясны», «Камаедзіцы», «Вялікадня», «Купальля», «Дзядоў». Наперадзе крочылі бел-чырвона-белыя сьцяганосцы, нацыянальныя сьцягі былі і на аўтамабілях, адкрытая плятформа якіх стала імправізаванай танцпляцоўкай для дзяўчат і хлопцаў у беларускіх строях.
Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская кажа, што тамтэйшая беларуская выспа — надзвычай адметны прыклад таго, як можна і трэба ганарыцца сваім беларускім паходжаньнем:
«Гэта адна з самых актыўных суполак беларукай дыяспары, і сапраўды тамтэйшаму актыву ўжо можна езьдзіць і даваць майстар-клясы — як трэба арганізоўваць жыцьцё і дзейнасьць беларускіх суполак у замежжы. Для нас, вядома, вельмі важна, вельмі паказальна тое, што Іркуцкае таварыства імя Яна Чэрскага, нягледзячы ні на якія цяжкасьці, ня толькі актыўна дзейнічае, але і ўзмацняецца. І, што самае важнае, да гэтай дзейнасьці далучаецца шмат моладзі. Там няма беларускіх школаў, але тое, што трымаецца на таварыстве, на яго філіях, на актыўнасьці сяброў, канкрэтна на энэргіі Алега Рудакова, — гэта папросту ўнікальны прыклад беларускага жыцьця».
Карэспандэнт: «Дзейнасьць таварыства мае яскравы нацыянальны ўхіл. Ці няма прэтэнзіяў з боку мясцовай адміністрацыі да выкарыстаньня сьцягоў, гербу „Пагоня“?»
«І цяпер, і раней адміністрацыя ў іхнія справы ня ўмешвалася. Яны займаюцца найперш культурніцкай дзейнасьцю, захаваньнем беларускай культуры, традыцыяў. Таму цалкам натуральна, што пры гэтым выкарыстоўваюцца нацыянальныя беларускія сымбалі. Вы ж бачыце здымкі з апошняга фэстывалю? Значыць, арганізацыя дзейнічае, стаіць на тых прынцыпах, на якіх заўжды стаяла, ад свайго заснаваньня».
За некалькі дзён да карнавалу бел-чырвона-белыя сьцягі луналі ў Іркуцку на канцэрце культавага рок-гурту «Ляпіс Трубяцкі». У шэрагу гарадоў выступы каманды Сяргея Міхалка забаранілі на той падставе, што беларускія музыкі падтрымалі народ Украіны супраць расейкай акупацыі Крыму, а таксама прыяжджалі на кіеўскі Майдан. Аднак гэтым разам абышлося, выступ «Ляпісаў» прайшоў пад знакам «Пагоні» і пры поўным аншлягу ў клюбе «Дикая лошадь».
А ў ноч на 22 чэрвеня беларускія актывісты зладзяць маштабнае Купальле. Як удакладняе адзін з самых вядомых у рэгіёне беларусаў Алег Рудакоў, сьвята праводзіцца вось ужо 19 гадоў запар, але гэтым разам яно пройдзе адразу ў двух месцах. Пад Іркуцкам арганізацыяй зоймуцца сябры таварыства імя Чэрскага, а ў калярытнай беларускай вёсцы Ахіны за 130 кілямэтраў ад Іркуцку сумесна папрацуюць і павесяляцца ўдзельнікі клюбу «Крывічы», ансамбля беларускай песьні «Вясьнянкі» і беларускага народнага хору «Варэнічкі». У праграме абедзьвюх імпрэзаў — пошук чароўнай папараць-кветкі, провады Русалак, абрад купаньня ў гаючай вадзе, лекавы ўзвар, гаданьне на вянках і, вядома ж, беларускае застольле.