Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская мова будзе адзінай дзяржаўнай ва Ўкраіне — Парашэнка


Украінская мова будзе адзінай дзяржаўнай у Украіне. Пра гэта заявіў новаабраны прэзыдэнт Пятро Парашэнка пасьля складаньня прэзыдэнцкай прысягі.

«Жыць свабодна азначае і свабодна карыстацца роднай мовай, кіравацца 10 артыкулам Канстытуцыі, а ён вызначае ўкраінскую мову як адзіную дзяржаўную, што гарантуе свабоднае разьвіцьцё расейскай ды іншых моў. Слова праца, мір, зарплата, пэнсія, стыпэндыя гучаць вельмі падобна, як па-ўкраінску, так і па-расейску», — адзначыў Парашэнка.

Пры гэтым Пятро Парашэнка паабяцаў жыхарам усходніх рэгіёнаў Украіны права і падтрымку на свабоднае выкарыстаньне расейскай мовы. Ён паабяцаў надаць вялікую ўвагу Данбасу і заклікаў яго жыхароў да дыялёгу.

«Дарагія браты і сёстры, суайчыньнікі, многія з вас ужо пасьпелі адчуць на сабе „хараство“ кіраваньня тэрарыстаў, якія марадзёрствам і зьдзекам паставілі і без таго крызісную эканоміку рэгіёну на мяжу поўнай катастрофы. Але мы ні ў якім разе не пакінем вас у бядзе», — адзначыў Парашэнка.

На цырымоніі інаўгурацыі новага прэзыдэнта прысутнічалі дэлегацыі зь дзясяткаў краін сьвету. Таксама прысутнічалі тры былыя прэзыдэнты — Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка.

Пятро Парашэнка перамог у першым туры на датэрміновых выбарах прэзыдэнта, якія адбыліся 25 траўня, атрымаўшы 54,7% галасоў выбарнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG