Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная арганізацыя працы вярнулася да беларускага пытаньня


2 чэрвеня ў Жэнэве на пасяджэньні Камітэту па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) абмяркоўваецца пытанне аб правах працоўных у Беларусі.

Ад Беларусі ўдзел у працы бярэ ўрадавая дэлегацыя на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай, а таксама лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук, які прысутнічае таксама ў якасьці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.

Беларускае пытаньне паўстала ў 2003 годзе, калі МАП пачала ўласнае расьсьледаваньне ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Зьвесткі пацьвердзіліся і пасьля гэтага Беларусь неаднаразова ўносілі ў спэцпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. У 2007 годзе на гэтай падставе Беларусь была выключаная з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый у гандлі з Эўразьвязам, а для вяртаньня на ранейшыя пазыцыі ўрад Беларусі павінен быў выканаць 12 рэкамендацый: даць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі, гарантаваць працу нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі, спыніць перасьлед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасьці і іншае.

Як лічыць колішні кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Генадзь Быкаў, штогадовыя рэкамэндацыі для Беларусі — гэта збольшага скалынаньне паветра, да якога ўлады ўжо прызвычаіліся:

«Ды нічога ня робіцца, калі шчыра. Адразу беларускія ўлады нібыта трохі напалохаліся, але потым пабачылі, што нічога сур’ёзнага гэта не нясе, ніякіх адчувальных стратаў няма, таму сытуацыя паступова „замарозілася“. Вядома ж, яны хочуць, каб гэты ганебны параграф зьнялі — зь іх боку ў Жэнэве пытаньне такім чынам і ўздымаецца, што Беларусь намагаецца „рэабілітацыі“, што ўлады ўсе патрабаваньні выканалі і г.д. Хоць, як мне вядома, за апошнія 10 гадоў ніводнай новай прафсаюзнай арганізацыі зарэгістравана так і не было. Ну, на які тут цуд можна разьлічваць? Але самае галоўнае, не варушыцца сам наш працоўны люд, усім, як кажуць, да лямпачкі. Таму, па вялікаму рахунку, пры любым раскладзе наўрад ці трэба разьлічваць на нейкія кардынальныя зьмены».

Летась падчас аналягічнай канфэрэнцыі ў Жэнэве чарговым разам былі адзначаныя сыстэматычныя парушэньні правоў працоўных у Беларусі. Місія на чале з дарадцам генэральнага дырэктара МАП Кары Тапіёлам наведала Менск напачатку гэтага году, сустрэлася з кіраўніцтвам шэрагу ведамстваў, Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Якія высновы зробяць экспэрты — будзе зразумела бліжэйшым часам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG