ПАДЗЕІ ДНЯ
У «Прэзыдэнт-гатэлі» ў Менску адбудзецца пасяджэньне Рады кіраўнікоў урадаў СНД пад старшынствам беларускага прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча. Да падпісаньня на сустрэчы рыхтуюцца шэсьць міжнародных дамоваў, у тым ліку праекты пагадненьняў аб супрацоўніцтве ў сфэры абмену навукова-тэхнічнай інфармацыі, аб інфармацыйным узаемадзеяньні ў галіне транспартнай бясьпекі, у галіне навігацыйнага забесьпячэньня, а таксама супрацоўніцтве інжынэрных войскаў дзяржаў СНД у галіне гуманітарнага разьмініраваньня.
Канцэрт у рамках праектаў «Цішы Лабаноры» і «Няміга» ў Менску. Праект «Цішы Лабаноры» – музыка заснаваная на імправізацыі музыкантаў-дудароў паводле народных беларускіх і літоўскіх матываў (Тодар Кашкурэвіч, Гвідас Кавера) і літоўскага джаз-саксафаніста Пятраса Вішняўскаса. «Няміга» – новы праект гурта «ЭССА» (Тодар Кашкурэвіч, Вольга Дзядовік-Кашкурэвіч). Праект будзе прэзэнтаваны з удзелам Пятраса Вішняўскаса і Гвідаса Каверы. Малая канцэртная заля «Менск», пачатак а 19.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1814 – Напалеон быў сасланы на востраў Эльба.
1999 – адбылася трагічная цісканіна ў пераходзе станцыі мэтро «Няміга» у Менску, загінулі 53 чалавекі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1265 – Дантэ Аліг’еры, італьянскі паэт.
1814 – Міхаіл Бакунін, расейскі рэвалюцыянэр, пачынальнік анархізму.
1927 – Вітаўт Кіпель, дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША, навуковец і выдавец, дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
У гэты дзень памерлі:
1416 – спалены на вогнішчы Геранім Праскі, чэскі рэлігійны дзяяч, паплечнік Яна Гуса.
1431 – спаленая на вогнішчы Жанна д’Арк, нацыянальная гераіня Францыі і каталіцкая сьвятая.
1778 – Вальтэр, францускі філёзаф.
1960 – Барыс Пастарнак, расейскі паэт і пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 1958 году.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Каб Бог падараваў перамогу, салдаты павінны змагацца».
Жанна д’Арк