Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квасьнеўскі: Расея не адмовіцца ад далучэньня ўсёй Украіны


Квасьнеўскі: Расея не адмовіцца ад далучэньня ўсёй Украіны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:57 0:00

Экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі – пра падзеньне камунізму, павагу да Ўкраіны і крыніцы сваіх даходаў.

Аляксандар Квасьнеўскі нарадзіўся ў 1954 годзе ў мястэчку Бялогард у Заходняй Памераніі, на паўночным захадзе Польшчы. Кар'еру пачынаў як журналіст і функцыянэр Сацыялістычнага саюзу польскіх студэнтаў. У сярэдзіне 1980-х займаў шэраг пасадаў у апошніх камуністычных урадах Польшчы. У 1989 годзе ўдзельнічаў у пасяджэньнях «Круглага стала» – перамовах ураду і апазыцыі. У пачатку 90-х быў дэпутатам парлямэнту ад Саюзу дэмакратычных левых сіл – пераемніка камуністаў. У 1995 годзе быў абраны прэзыдэнтам Польшчы, набраўшы ў другім туры 51,7% галасоў (яго супернік Лех Валенса – 48,3 %). У 2000 годзе абраны на другі тэрмін ужо ў першым туры галасаваньня. Пасьля сыходу ў адстаўку займаецца грамадзкай і дыпляматычнай дзейнасьцю. У 2012-13 гадах разам з ірляндзкім палітыкам Пэтам Коксам узначальваў назіральную місію Эўрапарлямэнту ва Ўкраіне.


Фрагмэнт інтэрвію:


– Як атрымалася, што ў 1995 годзе прэзыдэнтам каталіцкай Польшчы стаў агностык Аляксандар Квасьнеўскі, ды яшчэ на два тэрміны?

– Як бачыце, гэта здарылася. Думаю, што гэта сьведчаньне польскага рэалізму. Я ж змагаўся на выбарах зь легендай, чалавекам, які быў і застаецца важным для Польшчы, чалавекам, якога я вельмі цаню, – Лехам Валэнсам. Мне здаецца, што да 1995 году палякі пераканаліся ў тым, што Валэнса – дрэнны прэзыдэнт, што яго трэба зьмяніць на больш падрыхтаванага і кампэтэнтнага.

– Гэта значыць, Валэнса быў добры ў свой час, час барацьбы?

– Валенса быў выбітным чалавекам падчас «Салідарнасьці», але аказаўся няздольны кіраваць дзяржавай. Шчыра кажучы, яму не хапіла кваліфікацыі.

– У 1999 годзе, падчас вашага прэзыдэнцтва, Польшча ўступіла ў НАТО. Усяго праз 6 гадоў пасьля таго, як польскую тэрыторыю пакінулі расейскія войскі. Як атрымалася дамагчыся гэтага так хутка?

– Тады ўсё ішло хутка. Я думаю, што велізарнай заслугай менавіта Леха Валэнсы быў вывад расейскіх войскаў з польскай тэрыторыі. Тады яшчэ была такая атмасфэра, якая не дазваляла пакідаць краіны, якія імкнуліся ў НАТО, у палітычнай бязважкасьці. Польшча хацела быць у НАТО, прычым усе хацелі – і левыя, і правыя.

Распавяду вам адну цікавую гісторыю пра гэта. Калі мы былі на парозе ўступленьня ў НАТО, у Польшчу прыехаў Гарбачоў, каб асабіста атрымаць узнагароду часопісу «Палітыка», і я прыняў яго раніцай у сваёй рэзыдэнцыі. Я ведаў, што Гарбачоў лічыць памылкай жаданьне Польшчы ўступіць у НАТО. Падчас сьняданку мы размаўлялі на розныя тэмы, але я спэцыяльна не закранаў тэму НАТО, бо ведаў яго стаўленьне да гэтага. У пэўны момант я кажу – прабачце, час заканчваць, шкада, што мы не пасьпелі пагаварыць пра НАТО. А Гарбачоў на гэта – сапраўды, гэта ж вельмі важна! Навошта вам НАТО, гэта памылка, нельга гэтага рабіць! Я кажу – паслухайце, няма часу ўжо, але бачу – ён загарэўся. Тады пытаюся, добра, а які стан расейскай арміі? Ён адказвае – трагічны, усё развалена, невядома хто камандуе і гэтак далей. А што з атамнай зброяй? Ды чорт яго ведае! А прэзыдэнт? А што прэзыдэнт, сам ведаеш – я не хачу нават цытаваць таго, што ён казаў пра Ельцына. Тады я кажу: Міхаіл Сяргеевіч, пасьля ўсяго, што вы сказалі, я павінен узяць тэлефон, тэлефанаваць заходнім лідэрам і казаць, каб нас неадкладна прынялі ў НАТО! Нельга ні хвіліны губляць, таму што ў вас у Расеі такое дзеецца. Ён, вядома, усьміхнуўся, бо гэта збольшага жарт быў. Але праўда такая, што мы выбралі правільны шлях і ўвайшлі ў структуры, якія гарантуюць сапраўдную, а ня штучныя бясьпеку.

– Яшчэ празь пяць гадоў вы, спадар прэзыдэнт, ужо афіцыйна на варшаўскай плошчы Пілсудзкага зьвярнуліся да палякаў як да эўрапейцаў – Польшча ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз. Ці не падаецца вам, што ёсьць пэўны парадокс у тым, што Польшчу ў ЭЗ прывялі посткамуністы?

– Можа, збольшага гэта і парадокс, але думаю, што гэта добры знак для Польшчы, што нам удалося дасягнуць такога шырокага кансэнсусу. Увайсьці ў ЭЗ хацелі практычна ўсе. А тое, што гэта здарылася, калі я быў прэзыдэнтам, а Лешак Мілер – лідэр Саюзу левых дэмакратаў – прэм'ерам, гэта добры знак і добры сьлед у гісторыі.

– За апошнія 10 гадоў Польшча зьмянілася ў лепшы бок – я магу з поўнай упэўненасьцю так сказаць і вы, думаю, таксама...

– Я ня толькі пагаджуся, але і ўпэўнены ў гэтым – няма сумневаў!

– А чаго ўсё ж такі не ўдалося зрабіць, на вашу думку?

– Не атрымалася дасягнуць сярэднеэўрапейскага эканамічнага ўзроўню, але ў нас яшчэ ёсьць час на гэта. Так адразу і не атрымаецца – гэта цяжкі працэс. Не адразу ўсе стануць прыгожымі, шчасьлівымі і багатымі. Скажу вам шчыра, што калі я падарожнічаю па Эўропе – а раблю гэта часта, – то адчуваю абсалютную ўпэўненасьць у тым, што Польшча – будучыня Эўропы. Гэта такі патэнцыял, спакойная сіла – мы ж не жадаем нікога заваёўваць або зьнішчаць , – яна дае нам магчымасьць быць новым эўрапейскім лідэрам на шляху спакойнага і мірнага разьвіцьця. Вядома, можна ўсё сапсаваць, у Польшчы ёсьць, на жаль, пэўная тэндэнцыя да самаразбурэньня – мы можам самі сабе перашкодзіць. Але калі я гляджу на маладых, адукаваных палякаў, на тое, што адбываецца ў краіне, то паверце мне – Эўропа будучыні пачнецца ў Польшчы.

– Спадар прэзыдэнт, вы добра ведаеце Ўкраіну – цяжка нават падлічыць, колькі вы раз там бывалі. Што там адбываецца цяпер, як вы думаеце?

– Гэта, магчыма, самае важнае пытаньне для Эўропы на бліжэйшыя некалькі гадоў. Ва Ўкраіне, з аднаго боку, у большасьці грамадзян праэўрапейскія настроі. У гэтым мы пераканаліся ўжо другі раз. Спачатку быў 2004 год – «аранжавая рэвалюцыя», а цяпер – рэакцыя на адмову ўладаў падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. Украінская грамадзянская супольнасьць ва ўвесь голас патрабуе права вырашаць лёс краіны. Зь іншага боку, ёсьць Расея, якая бачыць Украіну часткай сваёй эўраазіяцкай канцэпцыі, членам свайго саюзу. У гэтым і крыніца канфлікту. Расея была блізкая да посьпеху, таму што Пуцін пасьля перамоваў зь Януковічам летам 2013 году быў упэўнены ў тым, што калі Ўкраіна не падпіша пагадненьне аб асацыяцыі, то Расея дасьць 15 мільярдаў, зьнізіць кошты на газ, падтрымае Януковіча на выбарах, і пытаньне будзе вырашана. Толькі Расея другі раз запар за кароткі прамежак часу зьдзейсьніла адну і тую ж памылку – недаацэньвае таго, што ва Ўкраіне ёсьць людзі, якія хочуць самі вырашаць свой лёс, што там ёсьць грамадзянская супольнасьць, якая кажа – хопіць маніпуляваць! У гэтым праблема. На маю думку, сытуацыя драматычная, паколькі Расея не адмовіцца ад далучэньня ўсёй, падкрэсьлю – усёй Украіны, не яе часткі, да Эўразійскага саюзу. Расея будзе спрыяць эканамічнаму крызісу ва Ўкраіне, каб зьмяніць цяперашнюю ўладу на сваіх прыхільнікаў. Ці можа Ўкраіна абараніць сябе? Можа. Ва Ўкраіне ёсьць сур'ёзны аргумэнт – патрыятычна, не нацыяналістычна, накіраванае грамадзтва. Размовы пра тое, што ва ўладзе цяпер нацыяналісты – гэта хлусьня. Украінцы вярнулі сваю ідэнтычнасьць, яны хочуць мець сваю годнасьць. Украінцы да гэтага часу сьпяваюць песьню, якая ў 2004 годзе была іх галоўным гімнам – «Разом нас багато, нас не подолати». Там ёсьць фраза, якая зьяўляецца ключавой для разуменьня сытуацыі ва Ўкраіне – «Мы ня быдла, мы не рабы, мы Ўкраіны дачкі і сыны». Калі зразумеем гэта, то зразумеем і Ўкраіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG