Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці аб’яднаў беларусаў хакейны чэмпіянат?


У Менску завяршыўся Чэмпіянат сьвету па хакеі. Ці атрымаў рэжым ад яго палітычныя дывідэнды? Ці паспрыяў чэмпіянат агульнанацыянальнаму адзінству?

Удзельнікі: галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валерка Булгакаў і вядомы журналіст, пісьменьнік Віктар Марціновіч.

Ці атрымаў рэжым ад чэмпіянату палітычныя дывідэнды?


Валер Карбалевіч: «Найперш гэты чэмпіянат сьвету выкарыстоўваўся дзеля ўнутранага піяру. Кожны дзень тэлеканалы паказвалі іншаземцаў, якія моцна хвалілі гаспадароў, апавядалі, як тут усё добра: парадак, чысьціня, гасьціннасьць. Госьці апавядалі беларусам, у якой цудоўнай краіне тыя жывуць. Як вы думаеце, ці атрымаўся патрэбны эфэкт для рэжыму, асабіста для Лукашэнкі?»
Валерка Булгакаў
Валерка Булгакаў
Валерка Булгакаў: «Думаю, у цэлым так. Не было ніякіх зломаў у сцэнары ўлады. Адкрыцьцё гатэляў, добраўпарадкаваньне Менску і іншае адбывалася згодна з плянам.

Самае галоўнае. Паводле маіх уражаньняў, беларусы былі цалкам захопленыя гэтай дзеяй. Размовы людзей у самых розных месцах, ад вагонаў мэтро да лавачак каля пад’ездаў тычыліся гэтай тэмы».
Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч: «Адбыўся іншы цікавы працэс, які ня быў нікім прагназаваны. Адбыўся выбух нацыянальнай ідэнтычнасьці. Беларусы раптам пачалі рабіцца народам. Мяжой для пачатку гэтага працэсу стаў матч зборных Беларусі і Латвіі, у якім беларусы перамаглі. Упершыню на вуліцы Менску выйшлі вялікія натоўпы людзей, якія адзначалі перамогу зборнай Беларусі з воклічамі „Беларусь“, размахвалі дзяржаўнымі сьцягамі. Далей гэта працягвалася і пасьля гульні Беларусі з Расеяй, нягледзячы на тое, што ў гэтым матчы наша зборная прайграла.

У гэтым працэсе галоўным гульцом быў не Лукашэнка, а нацыянальная зборная. Таму прывязка кіраўніка дзяржавы да гэтых падзеяў ня будзе мець трывалага сацыялягічнага эфэкту».

Ці паспрыяў чэмпіянат агульнанацыянальнаму адзінству?


Карабалевіч: «Вось сп. Марціновіч закрануў вельмі важную тэму. Як вядома, беларусы — глыбока расколаты соцыюм. І гэты раскол значна глыбейшы, чым у іншых краінах. Другія народы, у якіх таксама праблемы з адзінствам, аб’ядноўвае ці агульная бяда, ці агульная перамога, няхай сабе і спартовая.

А вось у Беларусі ня так. Агульная бяда — напрыклад, Чарнобыльская катастрофа — хутчэй фактар расколу. Кожны раз адзначэньне гадавіны гэтай аварыі ператвараецца ў жорсткае палітычнае супрацьстаяньне паміж уладай і апазыцыяй.

Тое ж самае і наконт спартовых перамог. Беларусь — можа, адзіная краіна ў сьвеце, дзе значная частка праціўнікаў рэжыму жадае паразы зборнай сваёй краіны, каб ня даць Лукашэнку падставы для піяру. Ці зьмяніў нешта ў гэтым сэнсе хакейны чэмпіянат?

Булгакаў: «На мой погляд, кваліфікацыя таго, што адбылося, як узмацненьне нацыянальнай ідэнтычнасьці, вельмі суб’ектыўная і адвольная. Тое, пра што апавядае сп. Марціновіч, можна інтэрпрэтаваць як праяву прадзяржаўнага патрыятызму. Ніхто нікому не замінае на нейкіх афіцыйных мерапрыемствах скандаваць „Беларусь!“. Вось калі чалавек закрычыць „Жыве Беларусь!“, то ў яго могуць быць праблемы. У Менску, іншых беларускіх гарадах шмат плякатаў „Я люблю Беларусь!“. Таму гэта ніяк не выходзіць за рамкі ляялісцкай пазыцыі ў дачыненьні да праўладнага курсу.

Патрыятызм не абавязкова павінен быць нацыянальна афарбаваны ці афарбаваны ў колеры нацыянальнай культуры. Досьвед 20-гадовага панаваньня Лукашэнкі сьведчыць, што патрыятызм можа быць краёвы. Калі любоў да Бацькаўшчыны ўспрымаецца не як любоў да Радзімы з нацыянальнай культурай, а як да адміністрацыйнай адзінкі, як кажа Лукашэнка, да „клочка земли“ ва Ўсходняй Эўропе.

Я б не пагадзіўся з тым, што значная частка беларускага грамадзтва жадала паразы беларускай зборнай. Гэта невялікая купка маргіналаў, якая ізалюе сябе ад асноўнай часткі грамадзтва».

Карбалевіч: «Сп. Марціновіч, ці згодныя вы з тым, што прадзяржаўны патрыятызм ня ёсьць праявай нацыянальнай ідэнтыфікацыі?»

Нацыя пачынаецца там, дзе заканчваюцца спрэчкі пра тое, хто чырвона-зялёны ці бел-чырвона-белы
Марціновіч: «Нацыя пачынаецца там, дзе заканчваюцца спрэчкі пра тое, хто чырвона-зялёны ці бел-чырвона-белы. У гэтым сэнсе прамінулы чэмпіянат сьвету стаў крокам да аб’яднаньня. Дзяржаўныя тэлеканалы ў жывым эфіры трансьлявалі слоган «Верым, можам, пераможам!», які традыцыйна выступае як лёзунг апазыцыйных мітынгаў. У сацыяльных сетках апавядаецца шмат гісторыяў, як людзі з чырвона-зялёнымі сьцягамі крычалі «Беларусь!», а іх падтрымлівалі воклічам «Жыве Беларусь!». Вось калі гэтыя групы аб’ядноўваюцца, гэта і ёсьць утварэньне нацыі. Гэта якраз тое, чаго нам вельмі не хапала.

Матч «Беларусь — Расея» быў у гэтым сэнсе вельмі вызначальны. Я магу сабе ўявіць, што частка беларускіх заўзятараў магла падтрымліваць зборную Расеі. Але ў гэтым матчы ўзьнікла сытуацыя «мы» супраць «іх». Дык вось нават пасьля паразы беларускія заўзятары хадзілі па горадзе і крычалі «Беларусь!».

Спартоўцы як нацыянальныя сымбалі


Карбалевіч: «Сп. Булгакаў, вы кажаце, што толькі невялікая купка маргіналаў не хацела перамогі беларускай зборнай. Але хачу нагадаць, што значная частка апазыцыі заклікала байкатаваць чэмпіянат. Вельмі паказальная дыскусія ў сацыяльных сетках, дзе выразнай была пазыцыя, якая скептычна ставілася да „ўра-патрыятычнага“ ўсплёску».

Булгакаў: «Я б не атаясамляў заклікі да байкоту чэмпіянату з жаданьнем паразы нацыянальнай зборнай. Частка радыкальнай апазыцыі (напрыклад, Саньнікаў) абвінавачвала міжнародную супольнасьць, хакейных функцыянэраў, што тыя дапамагаюць міжнароднай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі, умацоўваюць яго. Але я ня чуў ніводнай заявы кагосьці з значных постацяў беларускай апазыцыі, якія б казалі, што параза зборнай Беларусі — гэта добра.

Зразумела, спорт у Беларусі моцна палітызаваны. Улады маніпулююць спартовымі дасягненьнямі. На шматлікіх білбордах хакеісты, спартоўцы выкарыстоўваюцца дзеля прапаганды існага рэжыму.
І ў нас мне было б прыемней бачыць білборды з выявай не Калюжнага ці іншых спартоўцаў, якія гуляюць за замежныя каманды на тым баку Атлянтычнага акіяну, а Янкі Купалы ці Якуба Коласа

Вось у Літве дзяржава не ідэнтыфікуе сябе з хакеістамі ці баскетбалістамі. Яна ідэнтыфікуе сябе з нацыянальнымі дзеячамі ХІХ ці пачатку ХХ стагодзьдзя. Там на білбордах зьмешчаныя постаці нацыянальнага паэта Майроніса. І гэта паказвае розныя парадыгмы. І ў нас мне было б прыемней бачыць білборды з выявай не Калюжнага ці іншых спартоўцаў, якія гуляюць за замежныя каманды на тым баку Атлянтычнага акіяну, а Янкі Купалы ці Якуба Коласа».

Карбалевіч: «Але спартоўцы ў якасьці нацыянальных сымбаляў — гэта ня ўласна беларуская зьява. Яны выкарыстоўваюцца ў дзяржавах, якія разьвіваюцца на глебе этнакультурных каштоўнасьцяў. Вось у Вялікай Брытаніі такім сымбалем, нацыянальным героем быў футбаліст Бэкхэм, у Францыі — Зідан. Пра Бразылію ўжо не кажу».

Булгакаў: «Але там яны выкарыстоўваюцца як сродак рэклямы. Але я не ўяўляю, каб партрэт Бэкхэма ўзгадняўся ў аддзеле ідэалёгіі Лёнданскага гарвыканкаму. Унёсак гэтых людзей, кшталту Домрачавай, у беларускую культуру ніякі».

Марціновіч: «Мне б таксама значна прыемней было б бачыць на білбордах партрэт Цёткі ці Ларысы Геніюш. Але ня трэба выключаць спорт з абшару дзяржаўнага будаўніцтва. Трэба шукаць асновы для аб’яднаньня. Ня трэба казаць, што спартоўцы — гэта „ня нашыя“. Трэба павялічваць кола „нашых“. Трэба прымаць спартоўцаў у якасьці нацыянальнага беларускага праекту, і адначасова заклікаць іх зьвяртаць увагу на нацыянальную культуру. Вельмі ўдалым бачыцца праект зь беларусізацыяй беларускага кікбоксінгу. Калі пакалупацца, пашукаць, то сярод калюжных, глебаў і інш можна знайсьці тузін людзей, якія пачнуць размаўляць па-беларуску».

Булгакаў: «Асноўная дыскусія, якая адбывалася на фоне гэтых спартовых падзеяў, была ініцыявана супрацоўнікам беларускай службы Радыё Свабода Сяргеем Навумчыкам. Ён выказаў свой гнеў наконт чырвона-зялёнага сьцяга.

Я катэгарычна ня згодны з гэтай пазыцыяй, а хутчэй згодны з сп. Марціновічам. Нам нельга ствараць новых разьдзяляльных лініяў. Мы не павінны адмяжоўваць сваё вузкае кола ад рэшты беларускага грамадзтва. Нельга інтэрпрэтаваць людзей з чырвона-зялёнымі сьцягамі як „пятую калёну“ ці ненавісьнікаў беларушчыны. Гэта тупіковы шлях, які вядзе нас да далейшай маргіналізацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG