Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецкі журналіст: «Баевікі прымушаюць шахцёраў здаваць кроў на патрэбы ДНР»


Людзі Данецку стараюцца лішні раз не выходзіць на вуліцу, шахцёры адмаўляюцца выконваць патрабаваньні баевікоў з групоўкі «ДНР», якую Генпракуратура Ўкраіны прызнала тэрарыстычнай арганізацыяй.

Ад мінулай ночы пад DDoS-атакай знаходзіцца незалежны сайт Новости Донбасса. Свабода зьвязалася з галоўным рэдактарам гэтага папулярнага ў Данецкай вобласьці парталу Аляксеем Мацукам, каб даведацца апошнія навіны з Данецку.

Свабода: «Скажыце, Аляксей, што адбываецца ў Данецку пасьля ўчарашніх баёў у раёне аэрапорту і вакзалу?»

Мацука: «Працягваецца антытэрарыстычныя апэрацыя ў ваколіцах Данецку. У самім горадзе вельмі мала людзей, людзі стараюцца не выходзіць з дамоў».

Свабода: «На што разьлічваюць прарасейскія баевікі? Які ў іх плян?»

Мацука: «Тэрарысты зараз усякімі спосабамі спрабуюць мабілізаваць шахцёраў. Яны хочуць, каб мірныя працаўнікі выйшлі на змаганьне з кіраўніцтвам краіны. Яны займаліся мабілізацыйнай кампаніяй ужо тыдзень, але на апошні мітынг на плошчы Леніна выйшла ўсяго толькі 1 тысяча чалавек, большасьць зь якіх — старыя бабулькі і маргіналізаваныя беспрацоўныя. Плян, відавочна, правальваецца».

Свабода: «Як сэпаратысты вярбуюць шахцёраў?»

Мацука: «Да нас прыходзяць паведамленьні, што аўтобусы, якія возяць шахцёраў на працу, спыняюць узброеныя людзі пад сьцягамі „ДНР“ і патрабуюць, каб палова шахцёраў здавала кроў на патрэбы тэрарыстаў, а іншая — каб брала зброю ды ішла ваяваць на баку „ДНР“. Шахцёры падымаюць бунт супраць гэтага. Ніхто не пагаджаецца. Патрабуюць, каб аўтобус ехаў далей да шахтаў. Часам чуваць страляніна. Людзі не жадаюць ісьці бараніць аморфную „ДНР“, якая асацыюецца з тэрарыстычнай арганізацыяй».

Свабода: «Як рэагуюць мірныя жыхары на падзеі ў Данецку?»

Мацука: «Людзі разгубленыя. Ніхто не разумее, хто прыходзіць, хто страляе, хто нішчыць маёмасьць. Сёньня спалілі хакейную арэну клюбу „Данбас“, якая была вельмі значным аб’ектам для гораду, пабудаваным за бюджэтныя сродкі. Гэтая арэна цалкам спаленая, разгромленая. А жыхары Данецку вельмі ганарыліся гэтым будынкам, лічылі яго дасягненьнем нацыянальнага ўзроўню».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG