Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі экспэрт: Расея мае рычагі, каб аслабляць украінскія ўлады


Марыя Ліпман
Марыя Ліпман

Расейскі палітоляг Марыя Ліпман заявіла ў інтэрвію Свабодзе, што яна ня лічыць, што выбары прэзыдэнта Ўкраіны могуць істотна зьмяніць украінскую палітыку Расеі і прэзыдэнта Пуціна ў прыватнасьці.

«Палітыка прэзыдэнта Расеі палягае ў тым, каб максымальна падтрымліваць няпэўнасьць і напружанасьць у гэтых адносінах, каб ніхто, акрамя яго самога, ня ведаў, чаго далей чакаць. Хоць тон прэзыдэнта памякчэў, крыху зьмякчэў тон тэлевізійных навін у Расеі, Пуцін сказаў пра тое, што ён з павагай паставіцца да выбару ўкраінскага народу, што будзе працаваць з новай уладай, якая апынецца ў Кіеве па выніках гэтых выбараў. Але адначасова казаў пра тое, што той прэзыдэнт, які будзе абраны, можа аказацца пераходнай фігурай, таму што будзе прымацца новая Канстытуцыя, а гэта можа прывесьці да абвастрэньняў палітычнай барацьбы ўнутры краіны. Былі і іншыя заявы Пуціна, якія хутчэй выклікаюць трывогу. Пытаньне ў тым, чаго Расея будзе патрабаваць. Самы галоўны прыярытэт Расеі — каб ні пры якіх умовах Украіна не станавілася сябрам НАТО».

На пытаньне, ці можна лічыць, што пасьля выбараў пагроза ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну з боку Расеі засталася ў мінулым, Марыя Ліпман адказала:

«Я б нічога не гарантавала ў далёкай пэрспэктыве. На сёньняшні дзень, як мне ўяўляецца, гэтая пагроза моцна зьнізілася. Як быццам пацьвярджаюцца зьвесткі пра тое, што расейскія войскі сапраўды адведзены ад украінскіх межаў. Але тое, што Расея да гэтага часу ніякім чынам не дэманстравала, што яна зацікаўлена ў нармалізацыі адносін з Украінай, — гэта пакуль што ніяк не мяняецца. Тое, што існуюць у Расеі рычагі (і яны не зьнікаюць з абраньнем легітымнага прэзыдэнта), каб аслабляць украінскія ўлады і далей працаваць над дэстабілізацыяй Украіны, — таксама факт. Я ня думаю, што менавіта ўвод войскаў на сёньняшні дзень — гэта рэальная пагроза. Але ёсьць усякія іншыя пагрозы. І ня трэба забываць пра існаваньне вельмі цяжкай сытуацыі на ўсходзе, у Луганскай і Данецкай абласьцях».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG