Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыка Парашэнкі будзе такой жа якаснай, як цукеркі Рашэн, — кіеўскі палітоляг


Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

На думку ўкраінскага палітоляга Віктара Каспрука, цягам бліжэйшых месяцаў новы прэзыдэнт Украіны сустрэнецца на нэўтральнай тэрыторыі з Уладзімерам Пуціным, каб расставіць усе кропкі над «і» ва ўкраінска-расейскім канфлікце, які надта ўжо зацягнуўся.

«Тое, што на выбарах перамог Пятро Парашэнка, — вялікая ўдача для Ўкраіны. На маю думку, Украіна зрабіла правільны выбар. І цяпер для яе зьяўляецца рэальны шанец для эўраінтэграцыі і паляпшэньня стасункаў са сваімі найбліжэйшымі суседзямі — Расеяй і Беларусьсю.

Калі гаварыць пра Расею, то пасьля гэтых выбараў прэзыдэнт Пуцін ужо ня можа прыдумляць штучныя прычыны, што Ўкраіна ня мае легітымнай улады. Украінскі народ даказаў, што ён адказна паставіўся да выбараў прэзыдэнта. І цяпер ён з новым прэзыдэнтам, чалавекам эўрапейскага толку, дасьведчаным у палітыцы, які выдатна валодае ангельскай мовай і зможа на роўных гаварыць зь іншымі дзяржаўнымі лідэрамі.

Калі гаварыць пра кароткатэрміновую пэрспэктыву, то на нейкім этапе — праз 1–2 месяцы — павінна адбыцца на нэўтральнай тэрыторыі сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і Расеі, падчас якой трэба ставіць кропкі над „і“, улічваючы расейскую агрэсію супраць Украіны і тое, што Расея жадала сарваць прэзыдэнцкія выбары. Таму Ўкраіне трэба вельмі філігранна падысьці да наладжваньня ўкраінска-расейскіх адносінаў. Я думаю, што новая каманда, якая прыйдзе з Парашэнкам, зможа гэта зрабіць.

Гэты чалавек робіць якасныя цукеркі і тарты, будзем спадзявацца, што такую ж якасьць мы пабачым і ў ягонай палітыцы», — адзначыў Віктар Каспрук.

Экспэрт лічыць, што ўзважаная пазыцыя прэзыдэнта Беларусі, які падчас канфлікту нават сустрэўся з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандрам Турчынавым і наўпрост падтрымаў новую ўладу ў Кіеве, зараз дасьць добры штуршок для станоўчага разьвіцьця адносінаў паміж краінамі:

«Калі гаварыць пра Беларусь, я думаю, што Пятро Парашэнка знойдзе магчымасьць значна палепшыць ужо далёка ня кепскія адносіны і ў гэтым кірунку. Украінцы былі вельмі зьдзіўленыя, што прэзыдэнт Беларусі заняў даволі ўзважаную пазыцыю падчас расейска-ўкраінскага канфлікту. Складана сказаць, якая была прычына такой пазыцыі. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка думаў наперад і не хацеў перакрэсьліць добрую магчымасьць супрацы з Украінай.


Хоць відавочна, што прэзыдэнт Беларусі — гэта дыктатар, але нават калі суседні дыктатар дэманструе больш ляяльную пазыцыю, мы мусім да яе прыслухацца.

Украіна зараз мае рэдкі шанец шмат што пачаць з новага аркуша. Трэба будзе па-новаму фармаваць армію, сілы бясьпекі, эканоміку. У такой сытуацыі вельмі важна, каб адносіны з бліжэйшымі суседзямі былі добрыя. Так, адносіны з Расеяй больш ня будуць брацкімі, але зь Беларусьсю адносіны могуць быць нашмат лепшыя, чым былі да гэтага часу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG