Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З абраньнем Парашэнкі Лукашэнку будзе яшчэ прасьцей кантактаваць з Украінай»


Як зьменіцца геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне? Ці давядзецца новаму кіраўніку Ўкраіны карыстацца аўтарытарнымі мэтадамі дзеля аднаўленьня цэласнасьці дзяржавы? Што зьменіцца для дачыненьняў афіцыйнага Менска і Кіева пасьля выбараў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько і палітоляг Андрэй Казакевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Ці будзе Расея актыўна супрацьдзейнічаць вынікам прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, не прымаць іх у той ці іншай ступені — незалежна ад вынікаў выбараў? Ці можна сказаць, што паводзіны Масквы будуць вызначацца тым, як пройдуць выбары, ці адбудуцца яны ў адзін тур, які кандыдат пераможа?

«Расея і надалей будзе імкнуцца штурхаць Украіну ў прорву грамадзянскай вайны»

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько
Дынько: Уладзімер Пуцін сказаў, што Расея лічыць украінскія выбары не ідэальнымі, але вартымі, і Масква гатовая працаваць зь іх будучым пераможцам. Аднак гэта толькі на словах, а на справе Масква працягвае актыўна фінансаваць, узбройваць і штурхаць баявікоў у Данбасе да вайны ва Ўкраіне. Выбары нічога ня зьменяць у гэтай тактыцы. Думаю, што Расея і надалей будзе імкнуцца штурхаць Украіну ў прорву грамадзянскай вайны.

Цыганкоў: Аднак прэзыдэнцкія выбары дадуць украінскаму кіраўніцтву зусім іншую ступень легітымнасьці, і адпаведна, упэўненасьці ў сваіх дзеяньняў, у тым ліку ваенных.

Дынько: Так, для Ўкраіны вельмі важна, каб найхутчэй паявіўся прэзыдэнт. Ступень палітычнай сьвядомасьці насельніцтва вельмі высокая — там свабодныя СМІ, палітычная канкурэнцыя, таму людзі асэнсавана прымаюць рашэньні. Я быў нядаўна ва Ўкраіне, і я сутыкнуўся з тым, што звычайныя людзі, нават адкінуўшы свае палітычныя перакананьні, гатовыя галасаваць за Парашэнку, бо ён можа перамагчы ў першым туры. І людзі разумеюць, што яшчэ два тыдні без прэзыдэнта прывядуць да новых сьмерцяў.

Цыганкоў: Андрэй Казакевіч, ці паставіць дзень прэзыдэнцкіх выбараў кропку ў пэўным палітычным працэсе, ці гэта толькі шматкроп’е?

Казакевіч: Кропкі тут ня будзе. Вядома, ёсьць спадзевы, што гэта дазволіць стабілізаваць сытуацыю, падвысіць легітымнасьць улады. Але гэта ня будзе заканчэньнем палітычнага крызісу — проста пачаткам новага этапу ў сучасным палітычным разьвіцьці Ўкраіны. Будзем спадзявацца, што гэты этап прывядзе да большай стабільнасьці і парадку.

«Магчымасьці для ўсталяваньня аўтарытарных тэндэнцыяў вельмі абмежаваныя».


Цыганкоў: А ці ёсьць небясьпека таго, што ва ўмовах зьнешняй агрэсіі прэзыдэнт, якія будзе абраны ў першым туры, мае спакусы пайсьці ў вырашэньні праблемаў моцнымі, аўтарытарнымі мэтадамі?
Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч
Казакевіч: Спакуса такая ёсьць, і відаць, многія ва Ўкраіне былі б гатовыя да гэтага. Бо вялікай праблемай ёсьць пытаньні нацыянальнай бясьпекі. Але супраць ужываньня аўтарытарных мэтадаў гуляе два чыньніка. Па-першае, гэтым не здымаецца праблема ўсходніх рэгіёнаў. Па-другое, новае кіраўніцтва краіны сваю замежнапалітычную падтрымку будзе шукаць на Захадзе, у ЗША і Эўропе, — а гэта значыць, што магчымасьці для ўсталяваньня аўтарытарных тэндэнцыяў вельмі абмежаваныя.

Цыганкоў: Андрэй Дынько, вы нядаўна ў «Нашай Ніве» пісалі, што Ўкраіну можа выратаваць новы Пілсудзкі. Ці сапраўды існуе неабходнасьць у больш жорсткай уладзе?

Дынько: Калі на краіну ідуць вайной, то, вядома, каб уключаліся іншыя мэханізмы рэагаваньня. Іначай ёсьць небясьпека страціць краіну.

Калі ж браць Парашэнку, то ён паводле вызначэньня ня будзе вельмі моцным прэзыдэнтам. Бо ўлады Ўкраіны падчас рэвалюцыі пайшлі на канстытуцыйную рэформу, паводле якой асноўную ўладу зноў мае Вярхоўная Рада. Вядома, сымбалічная легітымнасьць у Парашэнкі будзе высокая — людзі яму давяраюць, хочуць, каб ён сшыў назад тое, што разарвалі варожыя сілы.

Але застаецца тая ж Вярхоўная Рада, у якой шмат чаго вырашаюць дэпутаты, якія прадстаўляюць інтарэсы тых ці іншых алігархічных групаў. Ва Ўкраіне, я думаю, будзе яшчэ доўгі шлях да поўнай перазагрузкі сыстэмы ўлады.


«Лукашэнка робіць дзеля таго, каб Беларусь не ўцягнулі ў гэтую вайну»

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: Апошнім часам Аляксандру Лукашэнку ўдавалася праводзіць сваю традыцыйную палітыку балянсаваньне ва ўкраінскім пытаньні. Ці ўдасца афіцыйнаму Менску працягнуць гэтую палітыкі ці Масква будзе настойваць на поўнай падтрымцы сваёй пазыцыі? Ці можа Крэмль задавальняе і такая неадназначная пазыцыя Лукашэнкі, якая не прыносіць Маскве ніякай шкоды?

Казакевіч: Канешне, Расеі хацелася б мець беларускую зьнешнюю палітыку цалкам пад сваім кантролем. Зараз выглядае, што ніякіх новых здабыткаў ва Ўкраіне Крэмль не атрымае. Пазыцыі Расеі ў нашым рэгіёне аслаблі ў тым сэнсе, што цяпер Расеі ўсё цяжэй будзе знаходзіць тут саюзьнікаў. Гэты крызіс прывёў да адчуваньня небясьпекі з боку Расеі ў краінах рэгіёну, усё гэта абмяжоўвае магчымасьці ціску Расеі на Беларусь.

Па апошніх заявах Пуціна ёсьць адчуваньня, што яму давядзецца пайсьці на пэўную тактычную дээскаляцыю ва ўкраінскім пытаньні. На гэтым фоне было б нелягічна пачынаць новы канфлікт вакол Беларусі. Таму, хутчэй за ўсё, Расея проста закрые вочы на тое, што Менск дазваляе сябе незалежную пазыцыю — але, магчыма, заплянуюць пэўныя крокі на будучыню.

Цыганкоў: Некаторыя лічаць, што «незалежная» пазыцыя Лукашэнкі цалкам узгодненая з Масквой, і гэта маўляў, сумесныя гульні...

Дынько: Ды не, у такія гульні не гуляюць на такім узроўні. Такая пазыцыя Менску выяўляецца ня першы раз, яна ж была падчас грузінскіх падзеяў 2008 году. Проста цяпер мы да гэтага мацней прыслухоўваемся, бо вайна стаіць каля нашых варот.

Тое, што робіць Лукашэнка — ён робіць дзеля таго, каб Беларусь не ўцягнулі ў гэтую вайну, як гэтага хацелі б некаторыя сілы. З прыходам Парашэнкі Лукашэнку будзе яшчэ прасьцей кантактаваць з Украінай. Бо Парашэнка для яго зразумелы чалавек, ён зь ім сустракаўся, гэта прагматык, не ідэоляг, чалавек з эканамічным мысьленьнем.

А Расея пакуль публічна ніяк не праяўляла ціску на Беларусь у гэтым пытаньні. можа гэта ідзе ад таго, што Расея не адчувае сябе здольнай нечага дабіцца. І публічны наезд на Беларусь можа ўспрымацца як пагрозьлівы сыгналь для навакольля, найперш для Казахстану, пазыцыя якога блізкая да беларускай.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG