Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод хаосу: Як будуць галасаваць на выбарах ва Ўкраіне?


Пятро Парашэнка з выбарнікамі
Пятро Парашэнка з выбарнікамі
Выкраданьні, страляніна і сэпаратысцкія хваляваньні ў прамысловай Усходняй Украіне. Як гэта адаб’ецца на пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах 25 траўня?

Якая найвялікшая праблема ў правядзеньні 25 траўня прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне?


Гэтыя выбары незвычайныя тым, што ніводзін з кандыдатаў на прэзыдэнта не знаходзіцца ва ўладзе. Гэта азначае, што ніхто зь іх ня ў стане ўплываць на галасаваньне з дапамогай «адміністрацыйнага рэсурсу». Назіральнікі лічаць, што гэта робіць выбары вельмі сумленнымі, але гэта не азначае, што няма іншых праблемаў. І самая вялікая праблема зыходзіць ад прарасейскіх сэпаратыстаў, якія спрабуюць сарваць галасаваньне на ўсходзе.
«Там няма ніякага спосабу правесьці выбары ў нармальным рэжыме», сказаў міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў 19 траўня пра ўсходнія Данецкую і Луганскую вобласьці, — «выбарчыя ўчасткі былі атакаваныя, пячаткі скрадзеныя, некаторыя кіраўнікі камісій выкрадзеныя. Гэта непасрэдная дзейнасьць бандытаў, накіраваных на зрыў выбараў». Сябры выбарчых камісій кажуць, што іх запалохваюць, што іх сем’ям пагражаюць.

Па стане на 20 траўня сэпаратысты захапілі або заблякавалі шэсьць акруговых выбарчых камісій з 22 камісій у Данецкай вобласьці. Яшчэ пяць знаходзяцца пад пагрозай захопу. З 12 выбарчых камісій у Луганску, крыху менш за палову былі заблякаваныя, яшчэ тры пад пагрозай захопу. Бяз гэтых камісій ня можа быць ніякіх выбарчых участкаў — і адпаведна любога галасаваньня.



Ці азначае гэта, што некаторыя людзі, хутчэй за ўсё, ня змогуць прагаласаваць?


Патэнцыйна, вялікая колькасьць выбарнікаў у Данецкай і Луганскай абласьцях ня зможа кінуць бюлетэні, таму што ў раёне, дзе яны зарэгістраваныя, можа ня быць выбарчых участкаў.

Нягледзячы на нядаўнія кровапралітныя сутыкненьні на ўсходзе і поўдні Ўкраіны, выбары знаходзяцца пад пагрозай толькі ў Луганскай і Данецкай абласьцях.

Аляксандр Чарненка, дырэктар Камітэту выбарнікаў Украіны, які вядзе маніторынг выбарчай кампаніі, кажа, што больш за два мільёны патэнцыйных выбарнікаў могуць ня мець магчымасьці прагаласаваць, паколькі палова выбарчых участкаў могуць не адкрыцца.
Рэйтынг "эўрапейскасьці" кандыдатаў
Рэйтынг "эўрапейскасьці" кандыдатаў

Якія гэта можа мець наступствы?


Чарненка падае такія лічбы: ад 5 да 7 працэнтаў з 35 мільёнаў украінскіх выбарнікаў могуць ня мець магчымасьці прагаласаваць. Але гэтая выбарчая «чорная дзірка» стварае праблему для легітымнасьці выбараў, але не зьяўляецца фактарам, які будзе ўплываць на вынік выбараў. «Вядома, гэта вельмі дрэнна, калі пэўныя выбарчыя ўчасткі не працуюць, але, мяркуючы па апытаньнях грамадзкай думкі, гэта наўрад ці будзе мець уплыў на вынік», сказаў Чарненка.

Кандытарскі магнат Пятро Парашэнка лідуе ў нацыянальных выбарчых апытаньнях і з удзелам, і без удзелу выбарнікаў Ўсходу. Два былыя сябры Партыі рэгіёнаў, кандыдаты ў прэзыдэнты Міхаіл Добкін і Сяргей Цігіпка найбольш папулярныя на ўсходзе, але не чакаецца, што яны маюць рэальныя шанцы перамагчы і з удзелам, і без удзелу выбарнікаў Ўсходу.

Больш за тое, няма патрабаваньня да мінімальнай яўкі, але нізкая яўка будзе вялікім палітычным ударам для ўкраінцаў, якія спадзяюцца праз поўнамаштабныя выбары, нарэшце, надаць агульнанацыянальную легітымнасьць дзяржаве пасьля зьвяржэньня Віктара Януковіча.

Чарненка кажа, што нізкая яўка на ўсходзе можа быць кампэнсавана, прынамсі колькасна беспрэцэдэнтна высокай яўкай 80 адсоткаў у некаторых цэнтральных і заходніх выбарчых акругах.


А як наконт Крыму? Там няма выбарчых участкаў, таму што ён быў анэксаваны Расеяй. Ці азначае гэта, што ўкраінскія грамадзяне Крыму цяпер ня змогуць галасаваць на выбарах?


Яны будуць мець магчымасьць прагаласаваць, але гэта запатрабуе некаторых высілак і, праўдападобна, гэта зробяць толькі некалькі тысяч чалавек.

Як правіла, жыхары Ўкраіны павінны аддаць свой голас на выбарчым участку ў раёне, дзе яны афіцыйна зарэгістраваныя. Тым ня менш, парлямэнт Украіны прыняў закон, які дазваляе жыхарам Крыма галасаваць у іншым месцы пасьля таго, калі паўвыспа была анэксаваная Расеяй. Жыхары Крыму маюць права голасу на выбарчых участках на мацерыку 25 траўня, калі яны зарэгістраваліся, як найменей за пяць дзён да пачатку выбараў 19 траўня. Гэта азначае, што некалькі тысяч выбарнікаў змогуць прагаласаваць у памежных абласьцях, або ў Львове ці Кіеве, дзе цяпер жыве некалькі тысяч былых жыхароў Крыма.

На самой справе ўсе ўкраінцы могуць зарэгістравацца, каб галасаваць у іншым выбарчым участку, калі яны абгрунтуюць гэта: напрыклад, калі працуюць у адным горадзе, але зарэгістраваныя, каб галасаваць, у іншым. Гэты працэс быў спрошчаны для жыхароў Крыму: яны проста павінны даказаць, што яны зьяўляюцца жыхарамі Крыму. Паводле карэспандэнтаў Свабоды больш за 100 тысяч украінцаў зьмянілі свой адрас для галасаваньня. Вялікая частка зь іх — з Данбасу і Крыму.

А што тады для выбарнікаў з Луганску і Данецку, якія не перарэгістраваліся на іншыя ўчасткі?



Жыхары гэтых двух правінцый не атрымалі спэцыяльнага дазволу, як гэты было ў Крыме. Яны змаглі перарэгістравацца, каб галасаваць у іншым месцы (як і ўсе ўкраінцы) да 19 траўня, але яны павінны былі абгрунтаваць гэта адпаведнымі дакумэнтамі (напрыклад, праца ў іншым месцы). Фактычна, гэта азначае, што жыхары Данецкай і Луганскай абласьцей, зарэгістраваныя на ўчастках, якія не функцыянуюць, 25 траўня ня змогуць галасаваць. Тыя, хто падалі адпаведныя дакумэнты да 19 траўня, змогуць галасаваць на выбарчых участках у іншых месцах.

Група жыхароў Крыма з Сымфэропаля, Керчы і Алушты прапусьцілі тэрмін 19 траўня і падала пазоў у суд, патрабуючы права галасаваць, як пішуць украінскія СМІ.
Хто кантралюе Данбас напярэдадні выбараў
Хто кантралюе Данбас напярэдадні выбараў


Што ўлады зрабілі для таго, каб правесьці выбары?


Яны гарантавалі бясьпеку для перавозкі скрыняў. ЦВК заручылася падтрымкай спэцслужбаў Украіны для аховы скрыняў для галасаваньня. На мінулых выбарах нормай была прысутнасьць двух праваахоўнікаў падчас галасаваньня. Парлямэнт прыняў закон, які патрабуе ад МУС стварыць пасты аховы для акруговых выбарчых камісій не пазьней за «восем дзён да выбараў».

І як чакаюць сам дзень выбараў?


Улады знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасьці, некаторыя службы чакаюць праблемаў. Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла 20 траўня пра затрыманьне васьмі членаў злачыннай групоўкі ў Кіеве, якія былі ўзброеныя 7 аўтаматычнымі стрэльбамі і двума кіляграмамі плястыкавай выбухоўкі. Паведамляецца, што іх затрымалі па падазрэньні ў намеры дэстабілізаваць выбары. Памежная служба ўзмацніла бясьпеку на межах з Расеяй і павялічыла колькасьць праверачных пунктаў. СБУ таксама паведаміла, што напады былі заплянаваныя супраць пяці кандыдатаў на выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG