Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фальсыфікацыі на выбарах назвалі «матэматычнай памылкай»


Belarus - Merry pictures, local election, 18 March 2014.
Belarus - Merry pictures, local election, 18 March 2014.

Слонімскі РАУС адмовіў былому кандыдату ў дэпутаты ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць сябраў выбарчай камісіі, якія, паводле доказаў, якія яна мае, сфальшавалі выбары. Міліцыянты спаслаліся на недасьведчанасьць сябраў камісіі.

Жыхарка Слоніма Ірына Лабко балятавалася як незалежны кандыдат на мінулых мясцовых выбарах у Слонімскі раённы савет. Яна кажа, што мела ўсе падставы, каб ня даць веры вынікам выбараў, і таму напісала ў раённую пракуратуру скаргу. Але тую перанакіравалі ў мясцовы РАУС, і вось днямі прыйшоў адказ.

Паводле Лабко, міліцыянты ў адказе пішуць, што падчас падліку галасоў сябрамі выбарчай камісіі па Незалежнай выбарчай акрузе № 10, якія ня мелі досьведу працы ў камісіі, былі зробленыя матэматычныя памылкі ў падліку бюлетэняў, а пазьней гэтыя лічбы без паўторнай праверкі пасьпешліва ўнесьлі ў пратакол вынікаў галасаваньня і вывесілі на стэнд выбарчага ўчастку.

Далей, паводле міліцэйскага адказу, падлік галасоў праводзіўся яшчэ двойчы. Былі выяўленыя матэматычныя памылкі, пратакол перапісалі нанова і ягоную копію паўторна вывесілі на стэндзе выбарчага ўчастку для азнаямленьня грамадзянам.

У выніках міліцэйскай праверкі паведамляецца, што камісія прызнала матэматычныя памылкі ў выніках галасаваньня, аднак на вынікі выбараў гэта не паўплывала.

Паводле Лабко, на ўчастку і ва ўсе дні папярэдняга галасаваньня, і ў асноўны дзень галасаваньня ўвесь час знаходзіліся трое ейных назіральнікаў, і яны дакладна зафіксавалі, колькі людзей узялі ўдзел у выбарах.

А пасьля таго як сябры камісіі абвясьцілі свае лічбы, выявілася разыходжаньне. Лабко дадае, што калі лічылі галасы, то назіральнікаў блізка да стала не падпускалі, і яны не маглі бачыць, як вядзецца падлік і за каго ў якія стосы адкладваюцца бюлетэні:

«Калі вынесьлі пратаколы, мы адразу пабачылі, што яны несапраўдныя. Бо самі абвясьцілі, што ў выбарах бралі ўдзел 366 выбарцаў, а потым вывешваецца пратакол, што ў дзень асноўнага галасаваньня — 161, яшчэ пазьней зьяўляецца пратакол датэрміновага галасаваньня — 158, трое прагаласавалі дома — і сума ў іх атрымалася 353. Гэта значыць, што 31 чалавек зьнік невядома куды».
Паводле адказу РАУС, там гаворыцца, што нібыта праводзіліся яшчэ два пералічваньні галасоў, г.зн. ускрываліся бюлетэні, якія на нашых вачах былі аплямбаваныя

Спадарыня Лабко распавядае, што адразу ўчыніла скандал, напісала скаргу старшыні камісіі, усе наглядальнікі яе падпісалі. На наступны дзень напісала скаргу ў раённую камісію, і адтуль атрымала адказ з зусім іншымі лічбамі з абсалютна іншага пратаколу. Яна ўпэўненая ў гэтым яшчэ і таму, што першы пратакол яе назіральнікам удалося сфатаграфаваць. І вось што яе тут насьцярожвае:

«Паводле адказу РАУС, там гаворыцца, што нібыта праводзіліся яшчэ два пералічваньні галасоў, г.зн. ускрываліся бюлетэні, якія на нашых вачах былі аплямбаваныя. Вось я і не магу ўявіць, для каго вывешваўся пратакол, калі нікога на ўчастку не было, бо гэта адбывалася пасьля поўначы. Тут веры няма ні ў кога да гэтых дзеяньняў».

Я пацікавіўся ў аднаго з назіральнікаў на гэтым выбарчым участку — Васіля Юшкевіча: ці не маглі яны дапусьціць памылак, калі вялі свой падлік удзельнікаў галасаваньня?

«Людзі, калі бралі бюлетэнь, называлі свой адрас, і я кожнага чалавека адзначаў і ніяк пераблытаць нічога ня мог, бо называлася прозьвішча, вуліца і дом. Кожны чалавек быў адзначаны на паперы, хто браў бюлетэнь і хто галасаваў».

Ірына Лабко, камэнтуючы Свабодзе адказ з РАУС, заўважае, што яе скаргу нездарма перакінулі з пракуратуры ў міліцыю, бо, відаць плянавалі зрабіць адпіску. Але яна намерана дамагацца, каб вінаватых усё ж прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

«У камісію ўваходзілі 13 чалавек, і яны нібыта не маглі падлічыць гэтыя трыста бюлетэняў. Уявіце — 13 сябраў камісіі, дарослых людзей. Пра якую некампэтэнтнасьць ці матэматычную памылку можа ісьці размова? Я параўнала яшчэ пратакол і зь іншага ўчастку, і высьветлілася, што там 28 бюлетэняў лішніх. Выходзіць, што ня толькі на маім участку такое рабілася».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG