Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «правільны» падлік бюлетэняў — 17 мільярдаў прэміі


Cтаршыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Cтаршыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Паводле ЦВК, устаноўленыя два рэкорды. Ніколі раней яўка выбарцаў на мясцовыя выбары не была такая высокая — 77,4%. І ніколі раней у датэрміновым галасаваньні ня ўдзельнічаў амаль кожны трэці выбарца — 32%.

Сёлетнія рэкорды могуць быць пабітыя ўжо ў наступным, 2015 годзе. Не пазьней за 20 лістапада 2015-га ў Беларусі павінны адбыцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары.

Ці дацягнуцца беларусы да вынікаў крымскага рэфэрэндуму, у якім нібыта ўдзельнічалі 83,1% насельніцтва, зь якіх 96,77% прагаласавалі за далучэньне да Расеі? На гэтае пытаньне Свабоды старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына адказала так:

«Ну, а чаму не? Слабо нам, ці што?»

«Калі вынікі выбараў вызначаюцца выбарчымі камісіямі так, як ім загадаюць зьверху, то ў гэтай краіне можа быць усё», — адзначае сустаршыня грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары-2014» Віктар Карняенка:
Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Але дасьведчаныя людзі ведаюць — калі яўка на выбары складае 50–60%, то каля скрыняў стаяць чэргі. А ў нас гэтага якраз і не назіралася. Паводле нашых назіральнікаў, колькасьць тых, хто нібыта прагаласаваў, на некаторых участках была завышаная ўтрая.

Выснова такая — гэтая выбарчая кампанія паказала, што ўлада становіцца ўсё больш і больш нахабнай. І будзе час, калі загнаныя ў кут грамадзяне-выбарцы адрэагуюць такім чынам, што і спадарыні Ярмошынай зь яе жартамі, і спадару Лукашэнку гэта ўсё выйдзе бокам, як мне здаецца. Таму, пакуль яшчэ ня позна, трэба апамятацца і спыніцца. І пачынаць набліжаць нашы выбары да сапраўдных».

Падчас сёньняшняга паседжаньня прагучаў прыклад, калі новаабранага дэпутата і кандыдата, які заняў другое месца, разьдзялілі толькі 0,6% галасоў. Ёсьць выпадкі, калі апазыцыйныя кандыдаты набіралі 38%, 36%, 30% галасоў, але не станавіліся дэпутатамі. Фактычна ігнаравалася думка траціны выбарцаў. Такога б не было, калі б выбары праходзілі паводле партыйных сьпісаў.

На пытаньне Свабоды, ці не надышоў час пераходзіць на зьмяшаную сыстэму выбараў, калі палова дэпутатаў абіраецца па аднамандатных акругах, а другая палова — ад партыяў, старшыня ЦВК адказала, што яна «катэгарычна супраць зьмяшанай сыстэмы»:

«Трэба выбіраць толькі адну сыстэму і ёй карыстацца. Бо калі мы пяройдзем на зьмяшаную сыстэму, мажарытарныя акругі павялічацца як мінімум удвая. І дэпутаты, якіх пасьля абяруць па гэтых акругах, стануць проста недаступнымі для выбарцаў. І таму, я думаю, нам трэба выбраць адну сыстэму. І ў залежнасьці ад таго, на чым спынімся, будаваць і выбары, і заканадаўства. Аднак пытаньне пра гэта пакуль не стаіць».
Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які сам удзельнічаў у гэтай выбарчай кампаніі, лічыць:

«Дзеля фармаваньня адэкватнай, здаровай палітычнай сыстэмы неабходна, каб было прапарцыйнае галасаваньне. Мы гатовыя падтрымаць прапанову, каб парлямэнт абіраўся цалкам паводле партыйных сьпісаў. Гатовыя і да зьмяшанай сыстэмы. Бо цяперашняя мажарытарная сыстэма абсалютна не дазваляе партыям разьвівацца. Асабліва калі і іншыя формы грамадзкай дзейнасьці ў краіне абсалютна абмежаваныя.

Але ўсё ж такі самае галоўнае, каб галасы сапраўды лічыліся і выбары былі сумленнымі. Калі гэтага няма, як у Беларусі, то няма і вялікага значэньня, якая фармальна ў нас выбарчая сыстэма — мажарытарная ці прапарцыйная».

Апошняе пытаньне сёньняшняга парадку дня паседжаньня ЦВК прыкметна ажывіла яго ўдзельнікаў. Лідзія Ярмошына паведаміла:

«Ну, а цяпер самае прыемнае. У нас у краіне існуе традыцыя, паводле якой грошы, якія зэканомленыя на выбарах, дазваляецца пусьціць на прэміраваньне сябраў выбарчых камісіяў. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў магчымасьць дадзенага прэміраваньня».

На падзяку лічыльнікам галасоў выдзелена 17 мільярдаў беларускіх рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG